“Лепшае звяно па штучным асемяненні жывёл” — у РСУП “Алекшыцы”

Актуально Сельское хозяйство

Сапраўдным навагоднім падарункам для РСУП “Алекшыцы” стала перамога спецыялістаў гэтага сельгаспрадпрыемства на рэспубліканскім конкурсе майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні жывёл, які нядаўна прайшоў на базе Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Конкурс быў арганізаваны Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і праводзіўся ў рамках падпраграмы 4 “Развіццё племянной справы ў жывёлагадоўлі” Дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу на 2016-2020 гады.
На мерапрыемстве, аргані­заваным з мэтай папулярызацыі прафесійнай дзейнасці работ­нікаў па штучным асемяненні жывёл, удзельнікі змагаліся ў чатырох намінацыях. Гонар Гродзенскай вобласці адстойвалі сапраўдныя карыфеі сваёй справы, а пацвярджэннем гэтых слоў з’яўляюцца атрыманыя вынікі.
Так раённая група па штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл у складзе галоўнага заатэхніка-селекцыянера ЦСГ Гродзенскага раёна РУСП “Гродзенскае племпрадпрыемства” Кацярыны Міхалінай і вядучага ветурача-гінеколага Гродзенскай раённай ветэрынарнай станцыі Вячаслава Гужа заняла першае месца ў намінацыі “Лепшая раённая група па штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл”. Лепшым аператарам па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы стаў Аляксандр Жамойцін з СВК “Свіслач”. Не знайшлося роўных у сваёй катэгорыі і звяну па штучным асемяненні жывёл, якое было прадстаўлена алекшыцкімі спецыялістамі – заатэхнікам-селекцыянерам Эрыкай Здановіч, аператарам па штучным асемяненні жывёл Янам Эйсмантам і ветурачом-гінеколагам Міхаілам Бармутай.
Увогуле, арыфметыка перамог гродзенскай дэлегацыі простая: дадаем да вышэйназваных здабыткаў яшчэ другое месца ў намінацыі “Лепшы аператар па штучным асемяненні свіней” – і атрымліваем лепшы вынік сярод усіх абласцей краіны.
Зразумела, што такі бліскучы поспех нашых жывёлаводаў мы не маглі пакінуць без належнай увагі, таму без ваганняў накіроўваюся ў РСУП “Алекшыцы” для бліжэйшага знаёмства з героямі маёй публікацыі.
Ветурач-гінеколаг Міхаіл Бармута ў сельгаспрадпрыемстве працуе ўжо сем гадоў, аднак удзел у падобным конкурсе прымаў упершыню. Мужчына прызнаецца, што такая адказная місія, як прадстаўленне не толькі свайго раёна і гаспадаркі, але і ўсёй вобласці, накладвае і пэўныя абавязкі. Без ухілення ад адказу на мае пытанні Міхаіл Генадзьевіч заўважае, што падобныя конкурсы, хаця і эмацыянальна напружаныя, але вельмі неабходныя. Гэта выдатная магчымасць завесці новыя знаёмствы, пераняць вопыт калег з іншых абласцей нашай краіны.
Сёння пры сучасных інтэн­сіўных тэмпах узнаўлення сістэма планавых дыягнастычных і лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў з’яўляецца неад’емнай часткай тэхна­лагіч­нага працэсу падрыхтоўкі і асемянення жывёл, таму без вопытнага спецыяліста ні адной гаспадарцы не абысціся. Менавіта ветурач-гінеколаг службы па ўзнаўленню статка арганізуе, выконвае і кантралюе гэтую ра­боту.
Даведаўшыся пра абавязкі свайго субяседніка, цікаўлюся якім чынам вызначаўся пераможца намінацыі.
— Ацэнка ўдзельнікаў кожнай намі­нацыі конкурса ажыц­цяўлялася конкурснай камісіяй па шэрагу кры­тэрыяў, — гаворыць Міхаіл Генадзьевіч. – Сярод якіх дасягненне найлепшых паказчыкаў у рабоце па штучным асемяненні жывёл, узровень тэарэтычнай падрыхтоўкі і ўзровень практычных навыкаў пры выкананні работ па штучным асемяненні жывёл.
Пасля падсумоўвання ўсіх балаў, атрыманых удзельнікамі за кожны крытэрый, з вынікам 96,47 наша звяно і стала бясспрэчным лідарам у намінацыі “Лепшае звяно па штучным асемяненні жывёл”.
Заатэхнік-селекцыянер Эрыка Здановіч родам з Воранаўшчыны. Па абранай спецыяльнасці, а скончыла яна біятэхналагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, у РСУП “Алекшыцы” працуе ўжо шосты год. Дарэчы, у гэтым жа сельгаспрадпрыемстве галоўным аграномам працуе і яе муж. Месцам сваёй працы жанчына задаволеная і пра свае працоўныя абавязкі і ўдзел у конкурсе расказвае з задавальненнем.
— У мае працоўныя абавязкі, як заатэхніка-селекцыянера, уваходзіць штодзённае атрыманне, фіксаванне і назапашванне ў камп’ютарнай базе дадзеных і дакументах уліку інфармацыі аб фізіялагічным стане жывёл, якая паступае з комплексаў і ферм гаспадаркі ад гінеколагаў і асеменатараў, — дзеліцца Эрыка Іосіфаўна. – Заатэхнік-селекцыянер павінен забяспечыць правільнасць вядзення племяннога і вытворчага заатэхнічнага ўліку, складанне і своечасовае прадстаўленне справаздач па племянной жывёлагадоўлі і ўзнаўленню статка ва ўстаноўленым парадку і многае іншае. Пасля атрыманыя справаздачы аб стане жывёлагадоўлі адпраўляюцца ў Мінскае і Гродзенскае племпрадпрыемствы. Што ж датычыцца конкурсу, то, напэўна, самым складаным выдаўся блок тэарэтычны, дзе ў многіх пытаннях уздымалася тэма будучага заатэхніі, а самым цікавым – практычны, дзе канкурсанты павінны былі паказаць работу з мікраскопам, размарозіць і ацаніць семя.
У адрозненні ад сваіх калег, аператар па штучным асемяненні жывёл Ян Эйсмант – спецыяліст бывалы. За свой дваццацішасцігадовы працоўны стаж ён прымаў удзел у шматлікіх конкурсах і, што самае галоўнае, не безвынікова. Судзіце самі: два першых і адно другое месцы на рэспубліканскіх конкурсах, першае месца на абласным, а колькі раённых! Таму адразу цікаўлюся ў свайго суразмоўцы ў чым сакрэт.
— Пытаеце ў чым залог поспеху?! – з лёгкай усмешкай на твары гаворыць Ян Матэвушавіч. – Напэўна, як і ў любой справе тут ўсё дасягаецца штодзённай, самаадданай і ўпартай працай. Зазвычай ніякіх цяжкасцей не ўзнікае, ты проста ведаеш свае абавязкі і своечасова выконваеш іх. Колькі тут працую, то памятаю, што ў сельгаспрадпрыемстве заўсёды быў самы высокі выхад цялят, а сапраўднай падзеяй для жывёлавода – нараджэнне трайнят, якіх за ўсю маю працу ў РСУП “Алекшыцы” было пяць.
Сёння звёны па ўзнаўленню, у склад якіх і ўваходзяць заатэхнік-селекцыянер, ветурач-гінеколаг і тэхнік па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы, дзейнічаюць на базе кожнага сельгаспрадпрыемства і ствараюцца яны з дакладна акрэсленымі і зразумелымі мэтамі – павысіць малочную прадуктыўнасць і племянную каштоўнасць, падоўжыць тэрмін вытворчага выкарыстання кароў дойнага статка, павялічыць выхад жыццяздольных, з добрымі спадчыннымі якасцямі цялят, а таксама знізіць бясплоддзе і ялавасць.
Зразумела, што высокая якасць работы забяспечваецца многімі паказчыкамі, але вопыт і прафесіяналізм алекшыцкіх спецыялістаў – яе нязменныя складнікі.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *