Урокі мужнасці прайшлі ў школах Бераставіцкага раёна

Лента новостей Образование

З пачаткам новага навучальнага года па ініцыятыве Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь  у нашай краіне стартаваў Рэспубліканскі ўрок мужнасці  “Айчыне служым!” – маштабная акцыя, прысвечаная юбілею, які  ў хуткім часе будзе адзначаць беларуская армія,  – 100-годдзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

У рамках гэтай акцыі прадстаўнікі воінскіх часцей і злучэнняў наведваюць установы адукацыі і праводзяць тэматычныя ўрокі мужнасці з мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення і падрыхтоўкі моладзі да службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

Супрацоўнікі адасобленнай групы Бераставіцкага раёна ваеннага камісарыята  Ваўкавыскага, Бераставіцкага і Свіслачскага раёнаў таксама правялі шэраг урокаў мужнасці ў навучальных установах Бераставіччыны.

У прыватнасці, 7 верасня начальнік адасобленнай групы Бераставіцкага раёна   Віталій Ігнатовіч сустрэўся са старшакласнікамі Малабераставіцкай сярэдняй школы і правёў для іх урок мужнасці “Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь: гісторыя і сучаснасць”, прысвечаны  100-годдзю беларускай арміі.

Віталій Мар’янавіч паведаміў школьнікам, што 23 лютага 1918 года лічыцца пачаткам фарміравання сучасных Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, адзначыўшы пры гэтым, што гісторыя беларускага войска значна багацейшая,   яна бярэ пачатак з глыбіні стагоддзяў. Ён прывёў звесткі з гісторыі станаўлення беларускай арміі, расказаў аб тым, што ўяўляюць сабой  Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь сёння.

Увазе юнакоў і дзяўчат таксама быў прадстаўлены відэафільм пра сучасны стан беларускай арміі.

На заканчэнне сустрэчы Віталій Ігнатовіч   расказаў будучым абітурыентам аб тых навучальных установах, якія рыхтуюць кадравых ваенных афіцэраў, падрабязна спыніўся на ільготах  для курсантаў ваенных устаноў адукацыі, на спецыфіцы навучання і будучай службе  тых, хто вырашыць звязаць сваё жыццё з арміяй, запрасіў   звяртацца ў адасобленную групу Бераставіцкага раёна па ўсіх пытаннях паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы.

У рамках святкавання юбілею беларускай арміі  падобныя мерапрыемствы грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, прысвечаныя гісторыі і сучаснаму этапу будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, будуць праходзіць ва ўстановах адукацыі на працягу ўсяго навучальнага года.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *