“Заканадаўца, палітык, цывільны, вайсковы, рэлігійны службовец ва ўсіх жыццёвых адносінах не могуць беспакарана абысціся без гісторыі… Народ, калі не слухае голасу гэтай навукі, будзе асуджаны і ў доўгай чарадзе паразаў будзе дарэмна аплакваць сваю невідушнасць”.
Жэгота Анацэвіч
З Бераставіцкім раёнам звязаны лёсы выдатных людзей розных эпох, даследчыкаў, навукоўцаў, паэтаў, мемуарыстаў і гісторыкаў. Адным з іх і з’яўляецца гісторык Ігнат Анацэвіч (псеўданім Жэгота). У працах па літаратуразнаўству, бібліяграфічных выданнях, энцыклапедыях і гербоўніках падаецца пра яго звычайна некалькі радкоў, найчасцей звесткі з памылкамі і недакладнасцямі ў датах, ды рэдкія згадкі або сюжэты ў артыкулах.
Ігнат Сымонавіч Анацэвіч нарадзіўся 15 чэрвеня 1780 года ў Малой Бераставіцы Гродзенскага павета ў сям’і ўніяцкага святара. Бацька Ігната быў настаяцелем Малабераставіцкай царквы. Пасля смерці бацькі прыход у Малой Бераставіцы быў перададзены старэйшаму сыну Міхаілу.
Пачатковую адукацыю Ігнат атрымаў дома. Затым вучыўся ў ваўкавыскім вучылішчы, акруговай школе ў Гродне. Амаль усё сваё далейшае жыццё Ігнат правёў па-за межамі Беларусі. Сваёй стараннасцю і праўдай ён набыў папулярнасць сярод замежных вучоных. Галоўным жыццёвым прынцыпам Ігната Анацэвіча з’яўляўся выраз: “Ісціна, толькі ісціна і нічога акрамя ісціны”.
У 1810 годзе гісторык навучаўся ў Віленскім універсітэце, а затым працаваў настаўнікам літаратуры і гісторыі старажытнай мовы. У 1818 годзе Ігнат Анацэвіч быў прызначаны на пасаду намесніка прафесара Віленскага ўніверсітэта. Як пісаў гісторык Яноўскі, Анацэвіч быў “сапраўднай красой аддзялення палітычных навук”. Найбольш плённым перыядам у творчасці Ігната Анацэвіча былі 20-я гады XIX ст. Навуковая праца гісторыка адносіцца да тых часоў, калі гісторыя атрымлівае званне самастойнай навукі і набывае характар спецыялізаванай прафесійнай дзейнасці.
Выбар нашым земляком менавіта айчыннай гісторыі як галоўнага напрамку даследаванняў быў абумоўлены яго ўпэўненасцю ў тым, што ў кожнага народа ёсць свая ўласная, непаўторная культура.
Анацэвіч займаўся даследаваннем гісторыі Вялікага княства Літоўскага і стварыў яго цэласную арыгінальную навуковую карціну. Гісторык сабраў вялікую колькасць матэрыялаў па гісторыі ВКЛ. Яшчэ пры жыцці Анацэвіча яго калекцыя цікавіла многіх даследчыкаў. А ўжо пасля яго смерці яна была падзелена на часткі і апынулася ў розных краінах свету. Рукапісная спадчына нашага земляка таксама мае высокую навуковую каштоўнасць. Анацэвіч з’яўляўся аўтарам шматлікіх прац, артыкулаў па гісторыі Беларусі: “Погляд на першапачатковую гісторыю Літвы”, “Погляд на гісторыю Вялікага княства Літоўскага”, “Праўленне Жыгімонта старога” і інш. Нягледзячы на тое, што навуковая спадчына Анацэвіча апублікавана ўрыўкамі, гэта ўсё ж дазваляе гаварыць аб ім як аб таленавітым і цікавым айчынным даследчыку. Прафесара Анацэвіча называюць родапачыналь-нікам беларускай гістарыяграфіі, а яго гістарычную спадчыну – вельмі каштоўным укладам у нацыянальную беларускую культуру.
Памёр Ігнат Сымонавіч Анацэвіч 12 лютага 1845 года.
Кацярына АНТАНОВІЧ, студэнтка 5 курса факультэта гісторыі і сацыялогіі ГрДУ імя Я.Купалы