Яе работа—гэта стварэнне прыгажосці

Лента новостей

Сучаснай жанчыне вельмі няпроста за бытавымі і сямейнымі клопатамі, выхаваннем дзяцей, работай знайсці час для любімай справы ці захаплення, якога прагне душа. А жаночай душы, вядома, уласціва ствараць прыгажосць, напаўняць ёю навакольны свет.
Дырэктару Бераставіцкага Дома рамёстваў Тамары Мікалаеўне Касьян (на здымку) у гэтым сэнсе пашанцавала. Стварэнне прыгажосці—гэта адначасова і яе работа, і справа душы. Саламяныя вырабы жанчыны добра ведаюць і бераставічане, і аматары саломкі далёка за межамі раёна. Знаёмства гэтае адбываецца падчас выстаў — кірмашоў народнай творчасці, якія звычайна суправаджаюць масавыя гулянні раённага і абласнога ўзроўняў. Вось і на днях вырабы народнай творчасці Бераставіцкага Дома рамёстваў былі прадстаўлены на выставе “Горад майстроў” у г.Гродна на знакамітым свяце рамяства “Казюкі”, якому сёлета спаўняецца 10 гадоў. Многія прыхільнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва са мной згодзяцца, што прыгожыя кветкавыя кампазіцыі Тамары Мікалаеўны падобныя на сапраўдныя саламяныя цуды. Яны выклікаюць захапленне, і проста не верыцца, што ўся гэтая прыгажосць зроблена чалавечымі рукамі. Такая карпатлівая работа патрабуе нямала часу і, безумоўна, душэўнага падыходу.
— Саломкапляценне—вельмі цікавая справа, — дзеліцца сваімі думкамі Тамара Мікалаеўна. — Творчы працэс захапляе, дае магчымасць забыць пра надзённыя клопаты, пераносіць у свет прыгажосці і дабрыні, дорыць радасць самавыражэння.
Тамара Мікалаеўна ў сілу сваёй прафесіі развівае і перадае падрастаючаму пакаленню народнае рамяство—саломкапляценне. Яе вырабы нясуць часцінку яе душы, што характэрна для твораў ручной работы. Кветкі, хоць і з саломкі, а выглядаюць нібы жывыя, бо ў іх жыве…таямніца. Цудоўны падарунак усім жанчынам у прыгожае вясновае свята!
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *