“Літаратурная спадчына Бераставіччыны ўяўляе цікавасць”

Лента новостей

500-гадовы юбілей беларускага кнігадрукавання – гэта не толькі гісторыя айчыннай выдавецкай дзейнасці, але і гісторыя славянскай кніжнай культуры ўвогуле, а яшчэ выдатная нагода ў сродках масавай інфармацыі акрэсліць ролю і значэнне нашай краіны ў стварэнні і прымнажэнні сусветнай культурнай спадчыны. Сённяшні наш суразмоўца – галоўны захавальнік фондаў Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы Яўген Волкаў. А гутарка пойдзе аб тых узорах літаратурнай спадчыны Бераставіччыны, якія прадстаўлены ў экспазіцыі музея ці захоўваюцца ў музейнай навуковай бібліятэцы.

– Якой самай даўняй кнігай валодае музей?
– Непасрэдна ў дачыненні да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, ці, дакладней, калі казаць пра ўплыў нашых суайчыннікаў на развіццё кнігадрукавання, трэба адзначыць, што ў музейнай экспазіцыі знаходзіцца асобнік заблудаўскага Евангелля – першага на Беларусі друкаванага Евангелля. Праўда, гэта толькі копія. Аднак для нас выданне “Евангелле вучыцельнае”, надрукаванае ў 1569 годзе ўсходнеславянскімі першадрукарамі Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслацам, уяўляе цікавасць найперш тым, што выдадзена яно за грошы гетмана Вялікага Княства Літоўскага Рыгора Хадкевіча ў яго маёнтку Заблудава (каля Беластока). Рыгор Хадкевіч з’яўляецца заснавальнікам старэйшай (бераставіцкай) галіны роду Хадкевічаў. Заблудаўскае Евангелле – гэта зборнік гутарак і павучанняў з тлумачэннем евангельскіх тэкстаў. Адметна, што тут змешчаны першы друкаваны твор старажытнай усходнеславянскай літаратуры — «Слова на Ушэсце» Кірылы Тураўскага. А на адвароце тытульнага ліста кнігі змешчаны герб Хадкевічаў і прадмова Рыгора Хадкевіча на старажытнабеларускай мове.
– А ці засталося што-небудзь з бібліятэчнай спадчыны ўладальнікаў Вялікай Бераставіцы Касакоўскіх?
– Уласная бібліятэка Касакоўскіх налічвала каля 3000 тамоў кніг на лацінскай, польскай, французскай, рускай, нямецкай мовах пераважна па гісторыі, праву, геральдыцы, філасофіі. У спецыяльным памяшканні размяшчаўся даволі багаты сямейны архіў. Ён складаўся з дакументаў, якія краналі яшчэ часы гетмана Хадкевіча. Бібліятэка перажыла першую сусветную вайну і ў міжваенны час таксама папаўнялася. Некаторыя дакументы з архіву былі перададзены Гродзенскаму музею. Але большая частка кніг, архіўных збораў і калекцый мастацкіх твораў былі разрабаваны і спалены разам з палацам на пачатку другой сусветнай вайны. Тым не менш, з той часткі кніг, што захавалася, сям’я Касакоўскіх перадала нам некалькі выданняў з даравальным подпісам. Кнігі гэтыя прадстаўлены на экспазіцыі. А яшчэ экспазіцыя ўтрымлівае копію дзённіка дачкі Юзафа Станіслава Касакоўскага Ганны, які дзяўчына вяла ў 1941 годзе падчас высылкі сям’і ў Казахстан. Дзённік ілюстраваны аўтарскімі малюнкамі і, што цікава, утрымлівае польска-казахскі слоўнік, састаўлены самой Ганнай. Гэты помнік мемуарнай літаратуры нам таксама перадалі нашчадкі Касакоўскіх.
– Хто з нашых землякоў ахвяраваў музею найбольш друкаваных рарытэтаў?
– Безумоўна, гэта жыхар вёскі Падбагонікі Леанід Раманавіч Салавей, чалавек вельмі цікавы, які працаваў настаўнікам, вельмі любіў свой родны край і ў свой час цесна супрацоўнічаў з музейнымі супрацоўнікамі. Ён перадаў шмат каштоўных экспанатаў. Сярод старадрукаў трэба адзначыць 4-е выданне “Смыка беларускага” Францішка Багушэвіча (20-я гады 19 ст.), грамадска-літаратурны штотыднёвік “Беларускі лета­піс”, шэраг іншых часопісаў і газет, календароў, вучэбных дапаможнікаў, малітоўнікаў, выдадзеных у першай палове ХХ стагоддзя.
Наш зямляк, краязнаўца Сяргей Лушчык перадаў у музейную навуковую бібліятэку дастаткова рэдкую кнігу – “Альбом фатаграфій графа Касакоўскага”. А ўраджэнец аграгарадка Алекшыцы Аляксандр Аўдзіевіч, які жыве ў Гродне, падараваў музею каля двух дзясяткаў кніг гістарычнай накіраванасці з уласнай бібліятэкі.
– Ведаю, што музей збірае не толькі краязнаўчыя экспанаты, але і розныя рэчы, звязаныя з сімвалам нашага пасёлка Вавёркай.
– Так. І сярод іх – літаратурныя творы, дзе ёсць упамінанне пра вавёрку. Такія кнігі, нават з аўтографамі іх аўтараў, знаходзяцца ў экспазіцыі. Гэта, напрыклад, верш Уладзіміра Ліпскага “Вавёрчыны зубкі”, верш Міколы Чарняўскага “Вінаватыя…зубкі”. Вавёрцы прысвечаны вершаваны аўтограф “Грыбы” паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча, падпісаны аўтарам для нашага музея падчас прэзентацыі яго зборніка вершаў у Гродне. Ёсць у нас і цікавы верш-аўтограф вядомага гісторыка, паэта і пісьменніка Уладзіміра Арлова. Дарэчы, у нашай бібліятэцы захоўваецца і нямала іншых кніг з аўтарскімі подпісамі, напрыклад, зборнікі вершаў “Лісткі календара” Максіма Танка, “Вузялок Святагора” Вольгі Іпатавай, кніга Уладзіміра Ліпскага “Вясёлка над Нёманам”, гістарычны нарыс Сяргея Габрусевіча і Святланы Марозавай “Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына”, твор Іраіды Царук “Крутые дороги”, прысвечаны Сяргею Прытыцкаму, шэраг кніг беларускага гісторыка і краязныўцы Валерыя Чарапіцы і г.д. Як вядома, кнігі, падпісаныя ўласнаручна аўтарамі, ужо набываюць пэўную музейную каштоўнасць.
– Які ж старадрук з музейнай бібліятэкі, на Вашу думку, найбольш цікавы і каштоўны?
– Кожная кніга па-свойму цікавая і адметная. Найбольш багата ілюстраваная графічнымі малюнкамі, карысная сваімі гістарычнымі фактамі кніга 1901 года выдання “Dzieje Polski. Toм.IV” (на здымку), напісаная прафесарам Аўгустам Сакалоўскім. Твор распавядае пра гістарычнае жыццё і побыт Рэчы Паспалітай і Вялікага княстава Літоўскага. У ім, дарэчы, утрымліваюцца партрэты Хадкевічаў, малюнкі храмаў Гродзеншчыны і іншыя цікавыя факты, якія датычацца Прынёманскага краю.
– Дзякуй, Яўген Аляксандравіч, за размову. Мяркую, што літаратурныя знаходкі, якімі валодае музей Вавёркі будуць карысныя ўсім, каго вабіць вывучэнне гісторыі роднага краю.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *