Зямляк-фоталетапісец Павел Валынцэвіч

Из истории земли Берестовицкой Культура

З 14 студзеня па 3 лютага 2011 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі ў Мінску пад назвай “Павел Валынцэвіч. Фоталетапіс даўжынёй у паўстагоддзя” праходзіла выстава ўнікальных фотаздымкаў нашага земляка, ураджэнца Вялікай Бераставіцы, протаіерэя Паўла Валынцэвіча (1875-1962), зробленых яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя. Кім быў гэты чалавек?

Нарадзіўся святар-фатограф у Вялікай Бераставіцы ў сям’і мясцовага дыякана. Яго бацька Канстанцін Валынцэвіч быў усебакова развітай асобай – маляваў карціны, захапляўся астраноміяй і прыродазнаўствам, цікавіўся палітыкай, разводзіў пчол. Будучы фатограф Павел Валынцэвіч скончыў Віленскую духоўную семінарыю. Трэба адзначыць, што служэнню царкве ён аддаў больш за 65 гадоў. Свой службовы шлях пачынаў псаломшчыкам пры царкве ў вёсцы Мастаўляны на Беласточчыне. У 1899 годзе быў прызначаны па службе ў вёску Касута на Вілейшчыне і там узведзены ў ранг іерэя. Пасля 3 гадоў працы пераведзены ў мясцовасць Ўзмёны (цяпер Міёрскі раён Віцебскай вобл.), дзе 43 гады служыў настаяцелем Свята-Мікалаеўскай царквы. Амаль паўстагоддзя гэты чалавек не разлучаўся з фотаапаратам. Усяго святаром-фатографам было зроблена больш за 300 кадраў. У іх аўтар паказваў жыццё заходнебеларускай правінцыі таго часу, тых месцаў, дзе ён служыў, альбо ў якіх бываў падчас паездак. На здымках можна ўбачыць сям’ю святара, фрагменты з паўсядзеннага жыцця яго бліжэйшага акружэння, сямейныя святы, вучэбныя заняткі сына, жніво, пахаванні, адпачынак на рэчцы і ў парку, хрэсны ход, прыродныя краявіды, інтэр’ер рабочага кабінета, архітэктурныя пабудовы і г.д. Большую частку свайго фотаархіва Павел Валынцэвіч захоўваў на шкляных негатывах.
Святар часта наведваў сваіх бацькоў у Вялікай Бераставіцы. Невыпадкова, частку яго вялікага фотаархіва складаюць здымкі, звязаныя з нашым мястэчкам і яго ваколіцамі. Знаходзячыся ў родных мясцінах, фатограф-аматар зрабіў здымкі бераставіцкай Свята-Мікалаеўскай царквы, а таксама дома, дзе жыў мясцовы псаломшчык, старога бераставіцкага касцёла (тады яшчэ праваслаўнай царквы), зафіксаваў агульную панараму мястэчка з яго драўлянай забудовай, бераставіцкі рынак (галоўную плошчу) падчас кірмашу, маёнтак Касакоўскіх у розных ракурсах. Пераважная большасць гэтых здымкаў зроблены фатографам ў 1900-1905 гадах. У правым альбо левым ніжнім вугле шклянога негатыва аўтар ставіў надпіс і дату, накшталт: “Местечко Великая Берестовица. 1902 г., июнь“ альбо «Имение Великая Берестовица 1904 г.». Тут трэба адзначыць адзін цікавы момант. Бераставіца гістарычна ва ўсе часы і на ўсіх мовах (у тым ліку і на рускай) называлася “Великой Берестовицей”, а не “Большой”, пра што слушна сведчаць надпісы на старых негатывах майстра. Сёння было б нават смешным называць расійскі горад “Великий Новгород” “Большим Новгородом” альбо “Великие Луки” “Большими Луками”. Тое самае датычыцца назвы і нашага мястэчка. Апошнюю сваю назву з прыстаўкай ”Большая” пасёлак атрымаў ўжо пасля другой сусветнай вайны.
Унікальнасць фотаархіва Паўла Валынцэвіча яшчэ і ў тым, што вялікая колькасць крохкіх шкляных негатываў прайшлі праз дзве сусветныя вайны, праз калектывізацыю і гады Савецкай улады, і пры гэтым захаваліся цалкам.
Шкляныя негатывы былі знойдзены гарадзенскімі калекцыянерамі і перададзены ў Мінск. У сталіцы было праведзена іх дэталёвае даследаванне і вывучэнне. Фотавыставе, на якой было прадстаўлена 130 унікальных фотаздымкаў, пераведзеных у лічбавы фармат са старых аўтэнтычных негатываў, папярэднічала вялікая і руплівая работа. У рэспубліканскіх архівах былі знойдзены матэрыялы, якія датычацца святара Паўла Валынцэвіча. Знайшлі таксама і яго ўнучку, якая пражывае сёння ў Мінску. На выставе частка фотаздымкаў прадстаўлена менавіта з яе сямейнага архіва. Як лічаць спецыялісты, знойдзены фотаархіў уяўляе сабой вялікую гістарычную і краязнаўчую каштоўнасць і фактычна з’яўляецца сенсацыяй, адкрыццём у свеце беларускай фатаграфіі. На сённяшні дзень гэта самы вялікі збор старых фотаздымкаў па гісторыі Беларусі.
Пасля Мінску выстава перамясцілася ў Полацк, дзе будзе знаходзіцца цэлы месяц. Будзем спадзявацца, што рэдкія фотаздымкі, аўтарам якіх з’яўляецца наш зямляк, калі-небудзь убачаць і жыхары Бераставіччыны.
Сяргей ЛУШЧЫК,
г.Гродна



1 комментарий по теме “Зямляк-фоталетапісец Павел Валынцэвіч

  1. Алекс: Интересно, если Константин Волынцевич «маляваў карціны, захапляўся астраноміяй і палітыкай», то где можно увидеть его картины и почитать о нем; узнать об этом человеке как можно больше?
    Может быть , он также знаменит, как и его сын Павел.
    18.11.2011

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *