“Маё шчасце – сям’я і дзеці”

Актуально Лента новостей

img_6915Быць маці – асаблівае прызначэнне жанчыны, яе галоўная місія на зямлі. Даваць жыццё дзіцяці, выхоўваць яго, выпускаць у дарослы свет і на працягу ўсяго жыцця турбавацца за сваю родную крывінку. Бо пакуль жыве маці, пакуль б’ецца яе сэрца, яна не перастае думаць і хвалявацца за сваіх дзяцей, колькі б гадоў ім не было.

А чым больш сыноў і дачок, тым больш страхаў і трывог за іх жыццё, здароўе і будучыню, тым цяжэйшая мацярынская ноша, але ў той жа час і ў некалькі разоў большае мацярынскае шчасце.
Аксана Мартыш, загадчыца МТК “Макараўцы”, радасць мацярынства зазнала тройчы. У сям’і Аксаны Анатольеўны і яе мужа Мікалая Міхайлавіча нарадзілася двое сыноў і дачка. Старэйшаму, Вадзіму, ужо дваццаць гадоў, ён студэнт Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, вучыцца ў Мінску і праз некаторы час будзе інжынерам-механікам. А малодшыя дзеці – яшчэ навучэнцы Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы: Насця – адзінаццацікласніца, а Арцём – у чацвёртым класе.
Дарэчы, Аксана Анатольеўна – і сама яшчэ студэнтка, яна завяршае навучанне на апошнім курсе ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Таму з усмешкай гаворыць, што муж часта жартуе, што яму трэба многа працаваць, каб вывучыць усіх чатырох.
– Але, калі сур’ёзна, – прызнаецца жанчына, – то менавіта муж прапанаваў і падтрымлівае мяне у тым, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. Ён – мая надзейная апора ў жыцці, і хоць сам ён механізатар і з раніцы і да позняга вечара заняты на працы, між тым, калі ёсць вольная хвіліна, імкнецца правесці яе з сям’ёй, заўсёды дапамагае ў выхаванні дзяцей. Мы стараемся размаўляць з дзецьмі, тлумачыць ім, што добра, а што дрэнна, не караць, а вучыць на жыццёвых прыкладах.

Сям’я Мартыш пераехала ў Макараўцы з Расіі ў 2005 годзе, малодшы Арцёмка нарадзіўся ўжо тут, у Беларусі. Да гэтага яны жылі на Далёкім Усходзе, у Амурскай вобласці, адкуль родам Аксана Анатольеўна. Пабываўшы ў гасцях у сваякоў мужа ў Гродзенскім раёне, праз некаторы час Мартышы вырашылі пераехаць у Беларусь і знайшлі сваё месца ў СВК “Макараўцы”. Гаспадарка выдзеліла сям’і дом, бацькі ўладкаваліся на працу, дзеці пайшлі ў школу. І цяпер Аксана Анатольеўна лічыць бераставіцкую зямлю сваёй малой радзімай і не хоча шукаць шчасця ў іншых мясцінах.
– Маё шчасце – сям’я і дзеці, яны мой асаблівы гонар, – з хваляваннем гаворыць жанчына, – напэўна, кожная маці лічыць сваіх дзяцей найлепшымі, але мне сапраўды ёсць чым ганарыцца. Я рада, што Вадзім атрымлівае вышэйшую адукацыю, ён у нас з самага дзяцінства вельмі адказны, уважлівы да старэйшых, працалюбівы. Выдатна вучыцца і Насця, яна актыўная ўдзельніца разнастайных мерапрыемстваў не толькі ў школе, але і раённага ўзроўню, добра спявае, займаецца даследчай дзейнасцю, марыць паступіць у БДУ. Ну а малодшы Арцёмка – наша пацеха, вельмі добры, ласкавы, чулы хлопчык, таксама выдатнік, за мінулы навучальны год атрымаў не толькі грамату за добрую вучобу, але і прэмію ад СВК “Макараўцы”.
– А наша мама – самая лепшая ў свеце, – у адказ выказваюць словы ўдзячнасці і любові Арцём і Насця. – Яна вельмі добрая і ласкавая, заўсёды гарою стаіць за нас.
– А яшчэ яна мой самы лепшы сябар і ідэал мамы, – узрушана дабавіла Насця.
Дзеці прызналіся, што рыхтуюць для мамы спецыяльныя падарункі на Дзень маці, але ўпэўнены, што найлепшым падарункам для кожнай матулі будзе любоў і павага ад дзяцей, якой яны павінны адорваць яе кожны дзень.
Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *