Авечкагадоўля — ніша для прадпрымальных людзей

Сельское хозяйство

ovcyНапісаць гэты матэрыял мяне падштурхнула просьба аднаго знаёмага чалавека: “Можа, будзеце бачыць, што прадаецца бараніна, дык скажыце мне. Я вельмі яе люблю.” А мне ўспомніўся цудоўны шашлык з гэтага далікатнага мяса, якое растае ў роце, а таксама прыйшлі на ўспамін бабулін з дзедам хутар у маляўнічых мясцінах, чарада авечак, што пасвілася разам з каровамі, вялізныя адмысловыя нажніцы для стрыжкі воўны, цёплыя камізэлькі, звязаныя бабуляй, і нават дзедаў пярэсты кажух, які ён апранаў у маразы. Рахманую авечку можна было палашчыць, пяшчотна запусціць рукі ў яе густую поўсць. Для дзяцей гэта была радасць. Раней у вёсцы гаспадарлівыя людзі ахвотна трымалі авечак.
У нашай краіне пастаўлена задача адрадзіць ранейшую традыцыйную справу – авечкагадоўлю. У Беларусі нават была распрацавана і дзейнічала Дзяржаўная праграма развіцця гэтай дадатковай галіны жывёлагадоўлі на 2013 – 2015 гады.
Радзімай жа выдатных парод авечак з’яўляюцца Вялікабрытанія, Францыя, Германія і Аўстралія, там была выведзена адметная жывёла са смачным мясам і тонкім “руном”. У Беларусі прадстаўнікі каштоўных парод з’явіліся 100 гадоў таму. У гады існавання Савецкага Саюза авечак разводзілі ў калгасах. Трымалі іх і многія вяскоўцы, калі там не было праблем з пашай. Ёсць у краіне і зараз сельгаскааператывы, якія займаюцца авечкагадоўляй.
А як абстаяць справы ў нашым раёне? Вось што адказаў на гэтае пытанне першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама Павел Буткевіч:
— Каб займацца авечкагадоўляй, неабходна адпрацаваць адпаведныя тэхналогіі. У нашым раёне авечкагадоўляй сельгаскааператывы не займаюцца і не будуць займацца. У нас іншая спецыялізацыя.
— Але ў параўнанні з буйной рагатай жывёлай авечкі хутчэй растуць, — запярэчыла я. – Калі ў гаспадарках няма адпаведных умоў, дык, магчыма, такой “нішай” зацікавіцца нехта з вяскоўцаў або прадпрымальнікаў. Што б Вы, Павел Анатольевіч, маглі ім параіць?
— Добра было б, каб авечка­гадоўляй займаўся прафесіянал – жывёлавод, — адказаў мой вопытны і дасведчаны субяседнік, які займаецца жывёлагадоўляй, па яго словах, “усё жыццё”. — Чалавек з прафесійнай адукацыяй падыдзе да такой адказнай справы кваліфікавана, чым значна зменшыць сваю рызыку першапраходца. Ён будзе разбірацца і ў збалансаваным рацыёне для такой далікатнай істоты, і ў доглядзе за маленькімі ягнятамі. А ўвогуле, займацца ў нас можна нават страусамі, было б толькі жаданне. Калі чалавек укладвае душу ў сваю справу, у яго ўсё абавязкова атрымаецца.
Дарэчы, у кожнай вобласці Беларусі зараз дзейнічае рэпрадуктарнае прадпрыемства, дзе можна купіць выдатны маладняк пародзістых авечак. А пароды прапануюцца там самыя розныя — мясныя і шарсцяныя. У адных смачнае мяса, у другіх – прыгожая воўна. Бараны набіраюць жывую вагу да 100 кілаграмаў, а шэрсці можна настрыгаць да 4,5 кілаграмаў з адной галавы. Попыт у краіне на айчынную якасную авечую поўсць ёсць, яе згодзен закупляць нават камвольны камбінат у Мінску. Смачнае мяса прадаецца на многіх рынках у рэспубліцы, яго купляюць шашлычныя, кафэ і рэстараны. У век інтэрнэту фермер ці прадпрымальнік знойдзе магчымасці завязаць кантакты з пакупнікамі або спажыўцамі. У гэтым няма сумнення, таму што ўвішны чалавек з прадпрымальніцкай жылкай заўсёды шукае рашэнне праблемы, а яго антыпод – наадварот, прычыны, чаму яму нічога ў жыцці не ўдаецца.
Магчыма, нехта і зацікавіцца на Бераставіччыне развядзеннем авечак. Мне ж давялося пагутарыць і з чалавекам, які трымае іх. Галоўны ветурач раёна Аляксандр Баброў ахвотна згадзіўся расказаць пра тонкасці догляду за авечкамі:
— Як і любую дамашнюю жывёлу, іх трэба добра даглядаць і карміць. Авечкам патрэбна прыдатная паша, і балоты для гэтага не вельмі падыходзяць, таму што могуць узнікнуць праблемы з капытамі і гельмінтозы. Есць гэтая жывёла траву, сена, бульбу, буракі, пажадана даваць таксама камбікорм для інтэнсіўнага росту. Ягня нара­джаецца вагой 2-3 кілаграмы, і зімовы прыплод дужэйшы, таму што падрослыя ягняты пойдуць на зялёную пашу. Аднак памяшканне для авечак павінна быць цёплае, таму што пры нараджэнні авечка не аблізвае ягнятка, і трэба яго абцерці, засцерагчы ад марозу. Стрыгчы такую жывёлу неабходна 2 разы на год. Выкарыстоўваць для гэтага трэба не машынку, бо авечую шкуру лёгка параніць, а лепш спецыяльныя нажніцы.
Прызнацца, мне было вельмі цікава паслухаць гэтага дасведчанага ветурача і добрага гаспадара. А напаследак запыталася я Аляксандра Рудольфавіча і пра адмысловы кулінарны рэцэпт – у якім выглядзе ён найбольш любіць бараніну? Інтуітыўна чакалася, што гэта будзе ўсё ж духмяны шашлык – самае смачнае, што прыдумалі нашы продкі і розныя народы свету. Але гэта аказалася не менш апетытная страва — тушанае мяса. Яно не толькі карыснае, але і дыетычнае.
Сярод безумоўных “плюсаў” развядзення авечак дадам і такі. Параўнайце смак, напрыклад, згатаваных бройлернага кураняці з птушкафабрыкі і маладога пеўніка, які гуляў на волі на прысядзібным участку. Я паспытала такога дамашняга “пеціка” ў мінулыя выхадныя. Скажу шчыра – і смак непараўнальны, і сілы, і настрой дае “вольны птах” зусім іншыя. Таму і мяса ад уласнага баранчыка будзе такое, што пальчыкі абліжаш. Хто-небудзь сумняваецца?
Ніна НАДДЭ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *