Васіль Быкаў на Бераставіччыне

Из истории земли Берестовицкой Культура

3У ліпені 1977 года на Гро­дзеншчыне праходзілі Дні беларускай літаратуры. Былі сфарміраваны і вызначаны некалькі маршрутаў, па якіх паедуць пісьменніцкія групы. Прадстаўнікам улады ў год 60-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі хацелася паказаць літаратарам тое добрае, што паявілася за гады савецкай улады на Гродзеншчыне і ў цэлым па рэспубліцы. Ды і пісьменнікі на некалькі дзён ахвотна памянялі душныя сталічныя кватэры на шырокія разлогі калгасных палёў і лугоў.
У групу, шлях якой пралягаў праз Бераставіччыну, уваходзілі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Яўгенія Янішчыц, Валянцін Блакіт (усіх чатырох ужо няма на гэтым свеце), а таксама празаік Павел Місько і літаратуразнаўца, прафесар Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч.
У 11 гадзін 25 ліпеня дэлегацыю літаратараў на мяжы Ваўкавыскага і Бераставіцкага раёнаў з хлебам-соллю і кветкамі сустракалі намеснік старшыні выканаўчага камітэта раённага Савета дэпутатаў Аляксей Лушчык і загадчык ідэалагічнага аддзела райкама партыі Ядзвіга Навумовіч. Яны ўручылі гасцям хлеб-соль і букеты, пачаставалі травяным чаем, настояным на зверабоі і мяце, і фірменнымі бераставіцкімі булачкамі.
Дэлегацыя гасцей і гаспадароў размясцілася ў аўтобусе, які няспешна рушыў у бок рабочага пасёлка Пагранічны. Па дарозе спыніліся каля дэкаратыўнай скульптуры Зубра, каб сфатаграфавацца. Мясцовы журналіст каменціраваў убачанае, расказваў аб гісторыі Бераставіччыны, а фотакарэспандэнт раённай газеты Фёдар Арэшкін не выпускаў з рук фотаапарата, бесперапынна шчоўкаючы ім.
Потым была сустрэча ў райкаме партыі. У зале пасяджэнняў (цяпер абанемент раённай бібліятэкі) сабраліся кіраўнікі раёна і госці з Мінска. Размова ішла аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, аб поспехах у сельскагаспадарчай галіне. Дарэчы, паказчыкі і тады ў нас былі салідныя і ўразілі гасцей. Асабліва яны зацікавілі Рыгора Барадуліна, які адзначыў, што на Віцебшчыне, і ў прыватнасці, на яго роднай Ушаччыне, такія паказчыкі намнога ніжэй. Васіль Быкаў успомніў, што ў 1958 годзе, амаль 20 гадоў таму, ён бываў на Бераставіччыне і пісаў нарыс пра калгас у Малой Бераставіцы, некалькі дзён нават жыў у гэтай вёсцы. Узгадаў ён, як у 1960-х гадах ён бываў на пасяджэнні літаратурнага аб’яднання сту­дэнтаў педвучылішча, якое размяшчалася ў цяперашнім будынку раённай бібліятэкі, а потым разам з Аляксеем Карпюком выступаў у Доме культуры – былой сінагозе.
4Паціхеньку размова перайшла на літаратурныя тэмы. І тут у размову ўключылася Ядзвіга Навумовіч, якая раней працавала выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Бераставіцкім педвучылішчы. Успомнілі вучылішчных паэтаў Дану Вуйцік, Барыса Ждановіча, Святлану Зубрыцкую, паэта – завуча педвучылішча Сяргея Бандарэнку, які быў кіраўніком студэнцкага літаратурнага аб’яднання. Рыгор Барадулін прачытаў некалькі вершаў. Тут ужо асмялеў і работнік райкама партыі Уладзімір Лук’яненка. Ён выказаў сваё меркаванне аб аповесці Васіля Быкава “Мёртвым не баліць” (яна ў той час была забаронена) і прачытаў свае два вершы. На завяршэнне сустрэчы было аб’яўлена, што пісьменнікаў чакаюць у Малой Бераставіцы. Васіль Уладзіміравіч папрасіў, калі будзе магчымасць, каб сустрэцца з былым старшынёй гэтага калгаса. І назваў яго прозвішча: Арэхаў. Прысутныя зразумелі, што гутарка ідзе пра Івана Іванавіча Арэшкіна, які многа гадоў узначальваў калгас “1-ае Мая” ў Малой Бераставіцы (цэнтр калгаса ў тыя гады быў у Вайцехаўшчыне).
А Барадулін нават пажартаваў:
— Ну ты, Васіль, даеш… За 20 гадоў імя каханкі можна забыць, а ты прозвішча старшыні амаль што ўспомніў.
На што Быкаў, гарэзліва прыжмурыўшы вочы, адказаў: — А ты ведаеш, Рыгор, надта ж жонка ў старшыні была прыгожая, ды і дзяўчаты вясковыя былі не раўня гарадскім. Як заспяваюць вечарамі, так нават салаўі замаўкалі.

Васіль Быкаў і Мікалай Пацэнка
Васіль Быкаў і Мікалай Пацэнка

А потым сур’ёзна дадаў:
— Гэты старшыня – былы вайсковец, пагранічнік. Ён, мабыць, быў першым маім героем, аб якім я расказваў не як аб воіну, а як аб хлебаробу, як сейбіту.
Дарога да Малой Бераставіцы многа часу, як вядома, не займае. Але абапал дарогі расло, даспявала жыта. А ўздоўж дарогі цвілі беласнежныя рамонкі з жаўтаватым пупком пасярэдзіне, дзе-нідзе яшчэ зыркала блакітным вокам валошка і чырвонымі плямкамі адцвітаў дзікарастучы самасей-мак. Мінаваць такую прыгажосць гарадскім жыхарам было немагчыма. Спыніліся на 5 хвілін – затрымаліся на паўгадзіны. Нават паспелі букецікі палявых кветак падараваць паэтцы Яўгеніі Янішчыц і Ядзвізе Навумовіч. А фотаздымак Фёдара Арэшкіна “Пісьменнікі на жытнёвым полі” абышоў абласную і рэспубліканскія газеты.
Каля канторы калгаса дэлегацыю сустракаў яго тагачасны старшыня Іосіф Іосіфавіч Кузьміч і некалькі дзяўчат з кветкамі. Непадалёку перамінаўся з нагі на нагу Іван Арэшкін. Па ўсяму было відаць, што ні цяперашні старшыня калгаса, ні былы не ведаюць, што рабіць далей. На дапамогу прыйшла зноў-такі Ядзвіга Навумовіч. Яна далікатна ўзяла пад руку Васіля Быкава і падвяла да старшыні.
— Гэта і ёсць былы пагранічнік і старшыня гэтай гаспадаркі ў 1958 годзе Іван Іванавіч Арэшкін. А гэта былы малады журналіст з “Гродзенскай праўды” Васіль Уладзіміравіч Быкаў.
Абодва ўважліва па­глядзелі адзін на аднаго, а потым моцны поціск рук былых вайскоўцаў завяршыў гэты хвалю­ючы момант.
Госці з гаспадарамі аб’язджалі калгас некалькі гадзін. Былі і ў майстэрні, і на фермах, і ў Вайцехаўшчынскім клубе, і ў Дзіневіцкай бібліятэцы. Быкаў і Арэшкін не разлучаліся: і ў аўтобусе сядзелі побач, і на “аб’ектах” былі разам. І штосьці горача даказвалі адзін аднаму.
— Іосіфавіч, звярнуўся да Кузьміча Арэшкін, — пакажы ты гасцям нашы багатыя сенажаці. 20 гадоў таму я паказваў яму заросшае асакой і кустоўем балота, расказваў аб планах асушэння…
На балотнай сенажаці, на абодвух берагах Свіслачы кіпела работа. Трактар “Беларусь” цягнуў за сабой механічныя граблі, якія вельмі зграбна паварочвалі валок сена. Мятны пах падсушанай травы вісеў над сенакосам, казытаў нос, даходзіў да лёгкіх і дзесьці асядаў там, нібы той нектар на кветцы, прымушаючы сэрца біцца ў такт лёгкім. А непадалёку з драўлянымі граблямі мітусіліся жанкі, складваючы падсушанае сена ў копы. Тут жа пад’язджалі трактары з прычэпамі і мужыкі спраўна закідвалі ў іх сена.
— Вось бачыце, Уладзіміравіч, — звярнуўся да Быкава Іван Арэшкін, — збыліся нашы планы. І сена ёсць, і балаціны няма…
— Яно то не зусім так, — неяк задуменна і журботна сказаў Васіль Быкаў. – З аднаго боку і сена ёсць, і балаціны няма… А з другога боку і рэчкі няма, па якой некалі плыты сплаўлялі з Белавежскай пушчы ажно да Усходняй Прусіі. А ёсць неглыбокі роў, па дне якога бяжыць неглыбокі ручаёк паўтара-два крокі шырынёй. Яшчэ так можа аукнуцца гэтая меліярацыя, што мы больш гараваць будзем, чым радавацца. То ў вас хаця плошча невялікая, а калі ўзяць тое ж Палессе… Не-не, Іванавіч, чалавек яшчэ не стаў уладаром прыроды, і наўрад ці ім стане… Але ж ты мне, Іванавіч, лепш пра сваіх памочнікаў раскажы, з якімі калгас падымаў. Дзе твае былыя аграномы, брыгадзіры?
І пайшла паміж імі, як добрымі сябрамі, гутарка, спакойная і плаўная, як той ручаёк на дне глыбокага рова…
Пасля калгаса “1-ае Мая” пісьменніцкая дэлегацыя пабывала тады на мясцовай заставе. Тут ужо маладым байцам пытанні задавалі былы афіцэр-пагранічнік Іван Арэшкін і былы баявы афіцэр Васіль Быкаў. Канешне, маладыя пагранічнікі губляліся, штосьці адказвалі неўпапад, але напрыканцы адносіны паміж гасцямі і “пагранічнымі абарыгенамі” выліліся ў спрыяльныя, і паразуменне было дасягнута поўнасцю. А давяршыў усё пагранічны сабака-следапыт пад мянушкай Артур, які знайшоў парушальніка мяжы, былога пагранічніка Арэшкіна на купцы ў гразкім балоце, сярод лужаў вады.
А потым была грэчневая каша з тушонкай і доўгія расказы аб перажытым. Перад ад’езам пісьменнікі падарылі пагранічнікам свае кнігі з аўтографамі, некалькі разоў фатаграфаваліся на памяць, чым выклікалі непадробленую радасць воінаў…
Другі і апошні дзень знаходжання пісьменнікаў на Бераставіччыне закончыўся вялікім літаратурным вечарам. Зала раённага Дома культуры была перапоўнена. Вёў імпрэзу літаратуразнавец-прафесар Аляксей Пяткевіч. Ён прадставіў гасцей, якія сядзелі за журнальнымі столікамі на сцэне, даў кароткую характарыстыку іх творчай біяграфіі.
Не ведаю, ці чарговае пытанне Аляксей Міхайлавіч задаў наўмысна, каб праверыць аўдыторыю, ці выпадкова, але яно прыкладна прагучала так:
— Дык каму з вас першым дадзім слова? – як бы звярнуўся ён да прысутных на сцэне.
А тыя, як напэўна, было і кожны раз, адказалі:
— Ну, канешне, паэтам!
Мне на першым радзе добра быў чуцен іх адказ, і нават здалося, што Яўгенія Янішчыц пачала хуценька збіраць свае паперы…
Але ў зале раптам раздаліся асобныя галасы, а потым ужо скандзіравалі і хорам:
— Бы-ка-ву! Бы-ка-ву!
І зноў на дапамогу прыйшла партыйны работнік, загадчык ідэалагічнага аддзела Ядзвіга Навумовіч (бо, напэўна, мала хто з іх чытаў Быкава, а тым больш паэтаў Яўгенію Янішчыц і Рыгора Барадуліна). Філалагічная адукацыя і эрудыцыя Ядзвігі Балеславаўны, вопыт настаўніка валодать аўдыторыяй зноў прыгадзіліся. Яна сядзела побач з Быкавым і Янішчыц, нават падумалася мне тады – каму ж яна аддасць перавагу? Яна паднялася, адной рукой трымаючы мікрафон, а другой рукой як бы ўціхамірваючы аўдыторыю і сказала:
— У памяці бераставічан надоўга застанецца прыезд Васіля Быкава на прэм’еру фільма “Альпійская балада”, які нядаўна дэманстраваўся ў нашым кінатэатры. Давайце з Быкава і пачнём нашу сустрэчу.
— Але я з сабой не маю ні аднаго фільма, — крыху неяк бы разгублена сказаў Быкаў. – Затое ў нашай кінабудцы іх ажно тры. З чаго пачнём? З кадраў “Трэцяй ракеты” ці “Альпійскай балады”?
Многія потым радаваліся, што так добра ўсё склалася. І Быкаў выступіць, і фільмы па яго творах ёсць (а гэта ж некаму трэба было прадбачыць).
Вырашылі паглядзець тра­гічную канцоўку фільма “Трэцяя ракета”, а потым ужо сло­ва ўзяў Быкаў. Васіль Уладзі­міравіч расказаў аб 2сваіх жыццёвых пуцявінах і творчых набытках, а потым адказаў на розныя пытанні, на першы погляд, нават нейкія няўклюдныя і часам недарэчныя. Але ў кожным пытанні ён мог знайсці “изюминку” і ўжо ад яе, гэтай “изюминки” пачынаў раскручваць адказ. Сярод іншых ён адказаў і на такое пытанне:
— Ці ўсё так страшна на вайне, як апісвае ён ў сваіх кнігах?
— На вайне, як на вайне, – прывёў ён вядомую прымаўку. — Там, братцы, скажу вам, бывае такое, што ні ў адной кнізе аб гэтым не раскажаш і ні ў адным фільме гэтага паказваць не будуць. Бо псіхіка чалавечая можа не вытрымаць…
А потым выступалі паэты. Тады Рыгор Барадулін прачытаў верш пра Бераставіцу (гэтым вершам адкрываецца кніга “Памяць” Бераставіцкага раёна, ён быў надрукаваны ў і ў часопісе “Маладосць”). А прысутным на вечары надта да спадобы прыйшліся два яго радкі:
“Частуе так Бераставіца,
Паўгода будзеш піць ваду!”
Сустрэча з пісьменнікамі закончылася канцэртам удзельнікаў мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры.

***
Праз некаторы час па журна­лісцкіх справах я апынуўся ў Малой Бераставіцы. І першае, што зрабіў, пашыбаваў да хаціны, дзе жыў Іван Арэшкін.
— Справа была ці то ў канцы мая, ці то ў пачатку чэрвеня 1958 года, — успамінаў Іван Іванавіч Арэшкін. Мне пазваніў з райкама партыі першы сакратар М.І. Воранаў і папярэдзіў, што ў калгас праз некалькі дзён прыязджае карэспандэнт “Гродзенскай праўды”, будзе пісаць матэрыял для сталічнага “журнала”.
— Так што ў цябе ёсць яшчэ час, кінь гаспадарскім вокам, можа што прыбраць ці парадак які навесці патрэбна. Суправаджаючых ні з райкама, ні з райвыканкама не будзе, — дадаў ён, прадбачачы пытанні старшыні. – Усе нашы з заўтрашняга дня едуць на праполку буракоў у Стары Дворац. А з карэспандэнтам – глядзі сам. Ён, кажуць, былы франтавы афіцэр, у сельскай гаспадарцы не надта “кумекае”, так ты памажы яму ра­забрацца. Ён мяркуе там і пажыць у вас пару дзён. Так што глядзі, па табе і аб нашым раёне ў сталіцы думка будзе складвацца…
Праз пару дзён у Вайцехаўшчыне каля канторы спынілася “легкавушка”. Іван Арэшкін якраз завяршаў планёрку і меркаваў у Гродна ў “Аблсельгастэхніку” падскочыць, бо надта ж патрэбныя былі конныя граблі і заадно думаў прыдбаць дзве жняяркі. Набліжалася ўборачная і жыта налівалася буйным коласам.
— На табе, прынесла нячыстая, — не зусім прыязна падумаў ён. – Але нічога не зробіш, начальства загадала…
Дзверы ў старшынёўскі кабінет адчыніліся і цвёрдым упэўненым крокам зайшоў карэспандэнт і прадставіўся:
— Васіль Быкаў з “Гродзенскай праўды”. Прыехаў на некалькі дзён. Буду пісаць нарыс аб вашай гаспадарцы для сталічнага часопіса. Ваш калгас парэкамендавалі майму начальству ў райкаме партыі…
На журналісту былі афіцэрскія добра наваксаваныя хромавыя боты, у якія былі запраўлены цывільныя чорныя штаны. Пінжак і кашуля былі ў палосачку, а на светлавалосай галаве ладна прыклеілася круглая афіцэрская фуражка без усякіх металічных “упрыгожванняў”.
— Я боты абуў на выпадак не­пагадзі. А то як дождж пойдзе, то на сельскіх дарогах толькі ў іх можна і прайсці, — улавіўшы погляд Арэшкіна на боты, зазначыў карэспандэнт.
Іван Іванавіч схамянуўся. Ён таксама быў у ботах і галіфэ, праўда, на галаве ён насіў капялюш.
Спачатку паехалі да Арэшкіна і паснедалі. Бульба з падсмажаным вясковым салам і маласольнымі агуркамі спадабалася госцю. Ён хрумсцеў імі апетытна, але ад чаркі катэгарычна адмовіўся. Ды і старшыня не настойваў: наперадзе яшчэ быў цэлы Божы дзень…
У першы дзень усё ж удалося сплавіць камандзіровачнага аграному Аляксею Дзевятлоўскаму (ён жа быў і сакратаром калгаснай партыйнай арганізацыі). А старшыня, як і планавалася, памчаўся ў Гродна. Дамовіліся сустрэцца вечарам у хаце Арэшкіна, паклікаўшы сюды яшчэ аднаго субяседніка – былога першага калгаснага старшыню, цяпер калгаснага брыгадзіра Лявона Більдзю. Амаль паўночы расказвалі гро­дзенскаму журналісту, як у 1955 годзе прайшоў калгасны сход, дзе выбралі Арэшкіна старшынёй, як бойка мітынгавалі на тым сходзе салдацкія ўдовы, якім не хапала нават хлеба для дзяцей-сіротак. Як прыйшлося новаму старшыні весці барацьбу з самагоншчыкамі і “выпівохамі”. Тут нават прыгадзіўся вопыт афіцэра-пагранічніка, добрага следапыта.
— А хто ж тады ведаў таго Быкава, – заўважыў у гутарцы са мной Іван Іванавіч. – Тады ён яшчэ аповесцей і раманаў не пісаў (ён і потым раманаў не пісаў – аўт.), а слухаў уважліва, крыху і пра вайну нам расказваў. Так што мы не таіліся: што ёсць, тое ёсць… І расказвалі, і паказвалі…
Асабліва Васілю Быкаву спадабаліся мясцовыя людзі. Ён блізка пазнаёміўся з брыгадзірамі Іванам Прымачком, Міхаілам Садаўнічым і Антонам Ярмолікам, з пастухом Анатолем Панасюком, з заатэхнікам Аляксеем Емяльянчыкам, загадчыкам свінафермы Аляксандрам Вераб’ём, загадчыкам малочна­таварнай фермы Леанідам Баяр­чуком, даяркамі Валянцінай Андрашчук, Надзеяй Мікалута, Кацярынай Хонцар, Нінай Шавель.
Прыглянуліся яму і мясцовыя прыгажуні – дзяўчаты з іх мяккімі і лірычнымі галасамі, якіх ён бачыў па вечарах на клубных рэпетыцыях. А бібліятэкар, яна ж і сакратар камсамольскай арганізацыі Лідзія Белабокая, некалькі разоў выцягвала яго ў танцавальны круг на “бераставіцкую польку”. Праўда, не надта каб яна добра атрымлівалася ва ўчарашняга салдата. Давалі сябе ведаць і былыя раны. Але сэрца трымцела ад радасці за малабераставіцкую моладзь, за тутэйшых хлебаробаў і жывёлаводаў, за іх дзетак і ўнукаў.
А праз некалькі тыдняў у сталічным часопісе “Беларусь” быў надрукаваны нарыс “Глыбокае карэнне” аб калгасніках калгаса “1-ае Мая” Бераставіцкага раёна. Яго аўтар – Васіль Быкаў. Многіх герояў нашых, працавітых землякоў, як і аўтара, няма ўжо на гэтым свеце. Але памяць аб іх увекавечана ў літаратурным творы бессмяротнага Васіля Быкава.
Мікалай Пацэнка,
фота Фёдара АРЭШКІНА

***

Глыбокае карэнне

Урыўкі з нарыса Васіля Быкава

Той цяжкі дзень ён, відаць, не забудзе ніколі.
Яны ўтрох сядзелі ў пустым няўтульным пакоі калгаснай канторы, на стале капцела і моргала газоўка, угары пад столлю нерухома вісеў тытунёвы дым.
Усе маўчалі. Буйны энергічны твар Івана Іванавіча Арэшкіна, здаецца, скамянеў, ён уставіў у лямпу позірк і размерна стукаў сярэднім пальцам па засыпаным попелам стале. Схуднелы за апошні час блізарукі аграном Аляксей Паўлавіч Дзятлоўскі ўсё папраўляў акуляры і ўздыхаў. Ён быў маркотны, і ў яго ласкавых, добрых вачах свяціўся нязбыўны клопат. Брыгадзір Лявон Мікалаевіч Більдзя, хударлявы, шчупленькі селянін у ватоўцы, таксама прышоў сюды, да свайго новага кіраўніцтва — старшыні і агранома, на якіх цяпер клаліся ўсе надзеі і столькі многа клопатаў.
— Ну што ж, — сказаў Іван Іванавіч пасля доўгага маўчання і ўзняў ад лямпы позірк. — Трэба брацца за працу.
Так ён падбадзёрваў сябе і людзей, а голаў неадчэпна тачылі чорныя пакутныя думкі — як працаваць, за што брацца, ці справіцца, што тут чакае яго?…
Патроху
справы рушыліся
Новы старшыня здзівіў усіх, устанавіўшы новыя парадкі сярод кіраўніцтва. Парш-наперш, ён павыганяў з канторы некаторых

Старшыня калгаса І.І.Арэшкін (злева) і сакратар партыйнай арганізацыі аграном А.П.Дзятлоўскі
Старшыня калгаса І.І.Арэшкін (злева) і сакратар партыйнай арганізацыі аграном А.П.Дзятлоўскі

брыгадзіраў, калі тыя, падпіўшы, прышлі да яго раіцца. Затым — хадзілі чуткі — ён недзе разбіў бутлю з самагонкай, калі нехта спрабаваў пачаставаць яго. Нарэшце ён проста прыгразіў, што п’яніцы і «выпівокі» атрымаюць такое, чаго век не чакалі, і будуць горка каяцца. Быў устаноўлены новы распарадак — ранішнія і вячэрнія планёркі; па розных справах у кантору можна было з’яўляцца толькі ўранку, удзень усе павінны быць на працы.
Кожнага дня роўна ў сем гадзін дужая каржакаватая постаць стар­шыні з’яўлялася на ганку канторы, ён гутарыў з людзьмі, раіўся, загадваў. Пасля яго можна было бачыць на калгасным двары, на фермах, на палях, на выпасах. I ўсюды новы старшыня прыглядаўся да людзей, вывучаў, ацэньваў.
…Працаваць стала весялей. Трохі прыпазніліся, але ўвогуле нядрэнна справіліся з веснавой сяўбой, пачалі догляд пасеваў — асабліва наляглі на лён і на цукровыя буракі. Іван Іванавіч за гэтую вясну пастарэў з твару, але крыху павесялеў, і аднойчы ў сонечны адвячорак, аглядаючы дружныя ўсходы цукровых буракоў, сказаў Дзятлоўскаму:
— Добра ўкараніліся: толк бу­дзе. Але, здаецца, і мы пускаем карэнне. Га, Аляксей Паўлавіч?
Схуднелы і змораны за гэты цяжкі час, аграном здзіўлена зірнуў на старшыню і потым, зразумеўшы жарт, упершыню, бадай, засмяяўся — засмяяўся па-дзіцячы шчыра і радасна.
…Калі ў 1957 годзе сабралі ўраджай, аказалася, што на гектар выходзіла па 12,5 збожжавых і па 234 цэнтнеры цукровых буракоў. Калгас у два разы перакрыў план кантрактацыі буракоў, атрымаў 754 тысячы рублёў чыстага даходу, поўнасцю забяспечыў сябе сіласам з бацвіння; быў залічаны на Усесаюзную сельскагаспадарчую выстаўку ў Маскве.
Агульны даход калгаса летась склаў больш за тры мільёны рублёў — палавіну яго дала жывёлагадоўля, а другую палавіну —паляводства.
З’явіліся грошы —
усталі новыя патрэбы
Вялікіх капіталаўкладанняў па-ранейшаму патрабавала жывё­лагадоўля. На фермах не было вады — яе цягалі з шахтнага калодзежа,— ці гэта выхад для гаспадаркі з сотнямі галоў жывёлы? Вырашылі пабудаваць вадаправод з ваданапорнай вежай, мотапомпай… Гэтая справа каштавала каля 40 тысяч рублёў. Павялічылі працягласць падвесных дарог, зрабілі капітальны рамонт свінарніка, кароўніка.
Дачакаўшыся лепшага жыцця, узяліся будавацца і калгаснікі. Многія перасяліліся з хутароў, многія будавалі новыя дамы, іншыя рамантавалі старыя, ладзілі добрыя дахі. Калгас дапамагаў сродкамі (на гэта выдаткавана ўжо 92 тысячы рублёў). Але адных толькі грашовых сродкаў было мала — дужа ўжо вялікая патрэба была ў будаўніцтве. Вырашылі стварыць будаўнічы калектыў, кіраваць якім стаў малады спецыяліст тэхнік-будаўнік Анатоль Бандарык.
Ужо зрабілі многа. Пабудавалі лазню, кавальскую і сталярную майстэрні, добры кароўнік, га­раж для машын. У вёсцы Хілякі заканчваецца вялікі добра­ўпа­радкаваны клуб з залай, біб­ліятэкай, кінобудкай. Але наперадзе спраў яшчэ многа. Бурны рост жывёлагадоўлі (на фермах ужо 660 кароў, 630 свіней, каля паўтары тысячы вадаплаваючай птушкі) стрымліваецца недахопам памяшканняў. Трэба будаваць таксама яслі. У гэтай справе першамайцам замінае адсутнасць уласнага ляснога масіву, а набыццё лесу з дзяржаўных фондаў каштуе вялікіх грошай.
Вялікія асігнаванні ў гэтым годзе зрабіў калгас на элек­трыфікацыю – 400 тысяч рублёў (з іх 300 тысяч уласных сродкаў). Па ўсёй калгаснай тэрыторыі стаяць слупы, вісяць правады, у кожнай хаце пабліскваюць лямпачкі. Яны яшчэ не гараць, але прыдзе час, і іх святло залье наваколле, элек- трычнасцю закруцяцца машыны на фермах.
Зімой набылі тэхніку з МТС. Дзве трактарныя брыгады цалкам, як яны абслугоўвалі калгас, так і засталіся ў ім. Цяпер тут 11 трактараў, 4 камбайны, 8 аўтамабіляў. Усё гэта каштавала каля 350 тысяч рублёў, але гэтыя грошы не прападуць дарма…

 

***

Праз жыццё – разам

У нашай айчыннай літаратуры ёсць імёны сусветнай велічыні. На якія б мовы ні былі перакладзены творы такіх пісьменнікаў, яны нязменна знаходзяць шлях да сэрца чытачоў. Да іх немагчыма застацца раўнадушнымі, яны бы той дзівосны мосцік, які аб’ядноўвае людзей розных краін і нацыянальнасцей, сцвярджае агульначалавечыя каштоўнасці. Гэта тая жыватворная крынічка, што наталяе смагу падарожніка гаючай вадой, а пісьменнік, які змог узняцца да такіх вяршынь, становіцца класікам.
Васіль Быкаў – адзін з маіх самых любімых пісьменнікаў. Ён некалі нябачна «прыйшоў» у наш дом разам з двухтомнікам на роднай мове, які прынесла з кніжнага магазіна мая мама, і пасяліўся там назаўсёды з кнігамі, якія дабаўляліся потым. Тады, больш чым чатыры дзесяцігоддзі таму, калі была ў шостым хіба класе, пачала гартаць старонкі новенькага двухтомніка, і вока літаральна зачапілася за “Альпійскую баладу”. Кранаючая гісторыя пра італьянскую дзяўчыну і беларускага хлопца захапіла, ад кнігі было немагчыма адарвацца. Калі прачытала гэтую цудоўную аповесць пра вайну і каханне, узялася за “Сотнікава”, потым за апавяданне “Фрузына”. З той пары Васіль Быкаў запаланіў мяне назаўсёды. З кожным яго творам нячутна іду побач з ім і яго героямі цяжкімі дарогамі вайны, суперажываю ім. Ён прымушае мяне плакаць і радавацца разам з імі. І тады я разумею, што гэтая непрыкметная ўласцівасць аўтара і ёсць адзнака яго магутнага таленту. Быкаў кліча вяртацца да сябе, перачытваць яго кнігі.
Па Быкаву была мая дыпломная работа ў БДУ. Памятаю, як узрадавалася, калі прапанавалі ўзяць такую блізкую мне тэму, памятаю зацікаўленыя погляды выкладчыкаў. Што нязменна прываблівае людзей у шматграннай творчасці Быкава? Гэты таленавіты чалавек і яго героі сэрцам адчуваюць мяжу паміж дабром і злом, робяць свой маральны выбар. Чытачам ёсць чаму павучыцца, бо нават у жорсткіх і страшных абставінах вайны, рызыкуючы жыццём, людзі захоўвалі чалавечую годнасць.
Нядаўна, на адным дыханні дачытаўшы яго зборнік “Пакахай мяне, салдацік”, які ўжо чытала раней, але нешта з таго часу ўжо забылася, прагна захацелася пачытаць гэтага адметнага аўтара яшчэ. І раённая бібліятэка не расчаравала, там ёсць чым парадаваць чытачоў.
А апавяданні Быкава – незвычайныя, з жорсткай праўдай жыцця, як і аповесці.
Над апавяданнем “Сваякі” можна літаральна схапіцца за сэрца. Там з жорсткай праўдай апісана трагедыя маці, якая з-за неабдуманага ўчынку загубіла сваіх сыноў. Апавяданне “Адна ноч” трымае чытача ў такой жа напружанасці. Два салдаты, немец і беларус, апынуліся ў завале пад будынкам – сапраўднай пастцы. Ратавацца сталі разам, інакш было не выбрацца. Разбіралі завал, дапамагалі адзін аднаму, адчулі сябе людзьмі, а не ворагамі. У немца дома былі дзеці, ён не хацеў ваяваць, яго пагналі на гэтую вайну. А калі нарэшце два салдаты выбраліся, абставіны прымусілі іх зноў стаць ворагамі, і гэта вельмі трагічна… У апавяданні “На ўсходзе сонца” юны салдацік загінуў у першы дзень пасля вайны, таму што пашкадаваў старэйшага таварыша, у якога дома былі дзеці, і вырваўся наперад замест яго абясшкоджваць зацятага гітлераўца. Спакойна чытаць гэтыя старонкі немагчыма… Кожны чалавек непаўторны, а колькі такіх трагічных лёсаў было ў час вайны!
Творы нашага славутага суайчынніка чытаюць у розных краінах свету. У самых аддаленых месцах знайшоў ён свайго ўдзячнага чытача.
Чытайце Быкава, не пашкадуеце!
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *