Нараджэнне бераставіцкай вавёркі

Из истории земли Берестовицкой Культура

02У гарадской геральдыцы Беларусі шмат цікавых гербаў з легендамі, якія адлюстроўваюць гістарычны шлях станаўлення мястэчка ці горада. Герб “Вавёрка” Вялікай Бераставіцы вылучаецца сярод іх. Упершыню герб быў зацверджаны польскім каралём Аўгустам ІІІ Саксонскім 2 жніўня 1754 г. у Варшаве спецыяльным Прывілеем на самакіраванне. Ініцыя­тарам надання магдэ­бургскіх правоў для Бераставіцы стаў яе тагачасны ўладальнік граф Ежы Аўгуст Мнішак (1715 – 1778), маршалак надворны каронны, асоба выбітная і ўплывовая ў палітыцы Рэчы Паспалітай сярэдзіны ХVІІІ ст. Менавіта дзякуючы яму на гербе Вялікай Бераставіцы з’явілася вавёрка.
А ўсё пачалося ў сям’і Ежы Мнішка. Яго другая жонка графіня Марыя Амелія Фрыдэрыка Бруль (1736 – 1772) нарадзіла доўгачаканае дзіця – дзяўчынку Юзэфіну 29 жніўня 1752 года ў горадзе Дрэздэне. Дачка аказалася адзінай і самай любімай у сям’і Мнішкаў. Маці акружыла дзяўчынку вялікім клопатам, яна атрымлівала добрую хатнюю адукацыю. Сама Марыя Амелія лічылася жанчынай рэдкай прыгажосці, а сваім розумам і талентамі здзіўляла арыстакратычнае асяроддзе як пры каралеўскім двары Рэчы Паспалітай, так і за яго межамі. Яна была сапраўднай фартунай у палітычным жыцці Ежы Аўгуста Мнішка. Менавіта жонка параіла Ежы Аўгусту адзначыць нараджэнне дачкі ярка і сімвалічна. У жніўні 1754 года надыходзіў чарговы дзень нараджэння Юзэфіны. Бацькі да свята добра падрыхтаваліся: яны вырашылі падараваць сваёй дачцэ цэлае мястэчка – Бераставіцу. За святочным сталом маленькая дзяўчынка сядзела на скрутку, на якім быў намаляваны герб Вялікай Бераставіцы – “Вавёрка”. Але гэты няўрымслівы звярок з’явіўся ў мястэчку не адразу.
На той час праз Бераставіцу праходзілі гандлёвыя шляхі з Гродна да Свіслачы, з Беластока да Ваўкавыска. Але сама Бераставіца не мела дазволу на гандаль з гэтымі гарадамі. Асабістыя просьбы бераставічан да Варшаўскай канцылярыі не далі вынікаў. Просьбы гэтыя дайшлі да ўладальніка Бераставіцы Ежы Аўгуста Мнішка. Ён падтрымаў жыхароў Бераставіцы і асабіста паклапаціўся аб наданні Прывілея свайму мястэчку. Менавіта на сярэдзіну 1750-х гадоў прыйшлося супадзенне гэ­тых дзвюх ака­ліч­насцей, а мена­віта, імкненне бера­ставічан да атрымання даз­волу на гандаль і нара­джэнне доўга­­чаканай спад­чынніцы ў Мнішкаў. Злу­чальнай ніццю і стаў магдэбургскі Прывілей, які і быў намаляваны на бераставіцкім гербе 1754 года ў выглядзе скрутка з віслай пячаткай. Менавіта скрутак і вылучаў Бера­ставіцу як гандлё­вае места. А вавёрка, якая ў геральдыцы параўноўвалася з гарнастаем – каралеўскім звярком, абрана Е.А. Мнішкам у якасці зацвярджальніцы ўсіх дакументаў, якія прымаў бераставіцкі магістрат. І нездарма гэта запісана ў бераставіцкім Прывілеі 1754 года (захавалася яго копія ад 1797 года), дзе можна прачытаць наступнае: “На герб жа мейскі і пячаць для сцвярджэння актаў, спраў і лістоў сваіх таго мястэчка вавёрку сідзячую ўжываць будзьце.” Нават, калі б не захаваў­ся адзіны адбітак герба Вялікай Бераставіцы з пячаткі 1754 года, тады яго апісанне ў копіі Прывілея 1797 года ясна б падказвала, што вавёрка сядзіць на актах, справах і лістах свайго мястэчка. Адсюль і назва мястэчка Бераставіцы – “бераста вітая” альбо берасцяны скрутак, грамата. У ХVІІІ ст. скрутак уяўляў сабой ліст паперы, акта, прывілея як з віслай пячаткай, так і яе адбіткам на дакуменце.
01Вобраз вавёркі ў гераль­дыцы мае сваю алегорыю і параўноваецца з маладой жанчынай, нявестай. А жыццёвы лёс Юзэфіны Амеліі Мнішак, графіні Патоцкай (1752 – 1798), якраз найбольш дапасоўваецца да легендарнай вавёркі Вялікай Бераставіцы. Вядома, што Юзэфіна стала мнагадзетнай маці, нарадзіла мужу С.Ф. Патоцкаму 11 дзяцей (7 дачок і 4 сыноў). Таксама і вавёрка вылучаецца сваёй пладавітасцю.
Графіня займалася маляваннем, вядома як польская мастачка і пісьменніца-аматар. Знакамітыя мастакі-партрэтысты малявалі графіню Патоцкую са скруткам паперы і алоўкам у руках (Я.Б Лампі Старэйшы, П. Батоні). Гэта вельмі суадносіцца да выявы бераставіцкай вавёркі на гербе 1754 года. Герб вядомы толькі на курадымным адбітку пячаці, прыціснутай да дакумента, выпісанага з кніг Гродзенскага магістрата – “Копія акта Прывілея Вялікай Бераставіцы ад 7 красавіка 1797 г.”. Рэзчык пячаці выбраў на гербе менавіта контурнае выкананне Прывілея, звітага ў трубку, а вавёрку выканаў суцэльнай плямай. І ўсё гэта для таго, каб злучыць гандлёвае месца — Бераставіцу з яе будучым уладальнікам – жанчынай! Праз 20 гадоў, у 1774 годзе, Юзэфіна Амелія стала ўладальніцай Вялікай Бераставіцы, і мясцовая вавёрка атрымала сваё імя – Юзэфіна. Так стварылася легенда пра вавёрку-дзяўчынку, якой бацькі падаравалі на дзень нараджэння цэлае мястэчка. Калі дзяўчынка падрасла да замужжа, тады бацькі пацвердзілі яе правы на валоданне ім.
яclip_image002Вавёрчын лёс таемнай ніццю прайшоў праз усё жыццё Юзэфіны Амеліі Мнішак, графіні Патоцкай. Яна, вогненная прыгажуня, прыцягвала да сябе ўвагу выбітных мужчын. То сагравала іх сваім полымем кахання, то абпальвала іх… Яна, багатая жанчына Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, Дама Вялікага Крыжа ордэна Святой Кацярыны, аднойчы згарэла сама: на 46-м годзе жыцця прыняла лякарства, каб спыніць чарговую (13-ую!) цяжарнасць. “Легендарная вавёрка Бераставіцы” паха­вана ў Санкт-Пецярбургу ў 1798 годзе. Памяць аб ёй захоўвае гарадскі герб Вялікай Бераставіцы, дзе на шляхецкім полі сядзіць на скрутку залатая вавёрка Юзэфіна.

Андрэй Втарушын, настаўнік
Бераставіцкай ДШМ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *