Як у Бераставіцы будавалі клуб

Из истории земли Берестовицкой Культура

foto-1110У 14-ым нумары газеты за гэты год быў апублікаваны мой артыкул, прысвечаны цудатворнаму абразу Багародзіцы, які ў далёкім мінулым захоўваўся ў Рудаўскай уніяцкай царкве і ў сярэдзіне XVIII ст. быў перавезены адтуль уладальнікам гэтых земляў, кракаўскім каштэлянам Ежы Мнішкам, у Бераставіцу. Нагадаю, што драўляная царква існавала ў маёнтку Рудава яшчэ з хадкевічоўскіх часоў. Сёння мясцовасць, аб якой ідзе размова, знаходзіцца ў межах Пагранічнага сельсавета Бераста­віцкага раёна і част­кова ў Польшчы.
У працяг тэмы хачу падзя­ліц­ца з чытачамі інфар­ма­цыяй аб лёсе, які спасціг у вы­ніку гэтую самую царкву. У гарадзенскіх архівах я трапіў на цікавы дакумент, які дае шмат каштоўнай інфармацыі.
Аказваецца, будынак царк­вы захаваўся аж да ся­рэдзіны ХХ ст. У адной з архіўных устаноў г.Гродна захоўваецца тлумачальная запіска намесніка старшыні Бераставіцкага выканкама райсавета В.Кацялоўскага да старшыні Гарадзенскага аблвыканкама П.І. Ратайка ад 14 лістапада 1947 г., у якой гаворыцца менавіта аб рудаўскай царкве. Вось што там напісана: “Старинное деревянное здание было когда-то построено под униатский костел в бывшем имении Рудава Хомонтовского сельского Совета. В нем с приходом к власти фашистской дик­татуры Пильсутского с вре­мен­ным перерывом прово­ди­лось богослужение. В августе месяце 1939 г. Красная Армия освобождала Западную Белорус­сию от белополяков и проводилось воссоединение ее западных областей в единое Советское Белорусское госу­дарство. Граж­дане окружных населенных пунктов Рудавы, Хомонтовцев, Рудовлян, восполь­зовавшись этим моментом, растащили все внутреннее оборудование костела по квартирам и использовали его в своих интересах, а в самом здании костела дислоцирующейся в тот момент войсковой частью был организован клуб, и это здание с августа 1939 г. по 1940 г. использовалось под клуб. Здесь организовывались постановки спектаклей для солдат, крутили кино, проводились общие собрания…”.
З тлумачальнай запіскі намесніка старшыні выканкама даведваемся, што ў 1940 г. у вёсцы Рудаўляны Хамантоўскага сельсавета быў арганізаваны калгас імя Жданава. Неўзабаве вайскавая частка пакінула месца дыслакацыі ў Рудаве, а будынак храма па рашэнні выканкама райсавета працоўных дэпутатаў перадалі калгасу пад амбар для засыпкі збожжа. Такім чынам, з 1940 г. па чэрвень 1941 г. (пачатак вайны) у былой уніяцкай царкве захоўвалі збожжа.
У часы нямецкай акупацыі па­мяш­канне пуставала і ніякія багаслужэнні там не праводзіліся. Пасля вайны былы культавы будынак ізноў выкарыстоўвалі пад збожжасклад: з 1945 па 1946 гг. царква знаходзілася ў распараджэнні “Райзаготзерна”.
Далей у архіўным дакуменце гаворыцца: “Весной 1946 г. в этом здании был открыт клуб “Победа”, который функционировал до февраля 1947 г. Потом в связи с установлением новой демаркационной линии с дружественной нам демократической Польшей этот клуб перестал функционировать, ибо новая демаркационная линия границы (шириной 800 метров) включала в себя не только клуб, но и весь населенный пункт Рудава. В связи с этим это ветхое здание оказалось совсем заброшенным. Крыша с самого здания пришла в негодность. Его пограничники и местное население помаленьку стали растаскивать. Ободрали все шалевочные доски, и впоследствии оно оказалось полуразрушенным. Видя такое дело, председатель исполкома райсовета товарищ Константинов в согласии с другими членами исполкома в сентябре месяце текущего года дал распоряжение перевезти это здание в райцентр и использовать его под строящийся клуб в райцентре, что было и сделано”.
Што ж гэта быў за клуб і дзе ён знаходзіўся?
Жыхары пасёлка сталага ўзросту ўзгадваюць, што ў пасляваенны час раённы клуб культуры размяшчаўся ў будынку былой местачковай сінагогі па вул.Савецкай (да вайны Беластоцкай). Хачу нагадаць, што ў гады вайны падчас адступлення немцаў пажар знішчыў значную частку Вялікай Бераставіцы. Зачапіў агонь і старажытную сінагогу. Згарэлі дах і іншыя драўляныя канструкцыі. А вось мураваныя сцены ўцалелі. Нейкі час пасля вызвалення тэрыторыі ад немцаў абгарэлая камяніца стаяла некранутай, пакуль тагачаснае кіраўніцтва раёна не звярнула на яе ўвагу і не прыняло рашэнне выкарыстаць пашкоджаны будынак пад клуб. Менавіта сюды перавезлі з Рудавы разабраную царкву. Кажуць, з “рудаўскіх” будматэрыялаў у памяшканні будучага клуба зрабілі драўляную сцэну, балкон з падпорнымі слу­па­мі і дах. Адноўлены а’бект, як культурная ўстанова, працяглы час служыў месцам правядзен­ня розных мерапрыемстваў, тут дэманстравалі кінастужкі, захоўвалі кінаапаратуру і г.д.
Пазней, калі ў райцэнтры з’явіўся кінатэатр “Радзіма” (вул.Леніна, 9), усё кінаабсталяванне перавезлі ў новы будынак. Клуб разабралі, а на яго месцы ўзвялі сучасны РДК. Пры гэтым драўляныя матэрыялы са старога клуба мясцовыя жыхары выкарысталі на прыватных пабудовах у пасёлку.
Сяргей Лушчык, г.Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *