“Паклічу сяброў”– клуб, дзе адпачываюць душой

Актуально Лента новостей

На базе Бераставіцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Кавалеўскага з 1998 года працуе аматарскае аб’яднанне – жаночы клуб “Паклічу сяброў”. У склад яго ўваходзяць пятнаццаць жанчын пенсійнага ўзросту, якіх аб’яд­ноўваюць агульныя інтарэсы і ўспа­міны, духоўная блізкасць, імк­нен­не правесці вольны час з ка­рысцю, жаданне заставацца запа­т­­­ра­баванымі і актыўнымі членамі грамадства. Пасяджэнні клуба пра­ходзяць адзін раз у месяц. Як пра­віла, падчас іх адбываюцца сустрэчы з таленавітымі, цікавымі, паважанымі людзьмі Бе­раставіччыны – мастакамі, паэтамі, спевакамі, краязнаўцамі і іншымі творчымі асобамі, прад­стаўнікамі мясцовай улады, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і многімі іншымі.
Кастрычніцкая сустрэча была асабліва цёплай і шчырай, а гутарка і ўспаміны – надзвычай пранікнёнымі. Бо на сустрэчу свой адбітак паклаў сам час яе правядзення – менавіта ў кастрычніку святкуецца Дзень пажылых людзей і Дзень Маці. Са словамі ўдзячнасці і павагі да жанчын-матуль, якія сабраліся ва ўтульнай чытальнай зале райбібліятэкі звярнуўся госць сустрэчы, індывідуальны прад­прыймальнік Андрэй Горбач, які, дарэчы, выступіў спонсарам “салодкага стала”, арганізаванага для ўдзельніц клуба. Яшчэ адзін госць пасяджэння, дырэктар Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы Аляксандр Галавач, расказаў жанчынам аб сённяшнім становішчы спраў у музеі, аб перспектывах яго адкрыцця для наведвальнікаў, аб працэдуры апісання і рэгістрацыі музейных экспанатаў, а таксама адказаў на пытанні ўдзельніц клуба.
Кастрычніцкая сустрэча ў клубе “Паклічу сяброў” за кубкам чаю і ў прыемнай кампаніі стала чарговым пацверджаннем таго, што  бібліятэка – цудоўнае месца для душэўнага адпачынку.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара


Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *