Бераставіцкія артысты пабывалі ў Свіслачы

Лента новостей

У рамках праграмы транс­гранічнага супрацоўніцтва “Латвія – Літва – Беларусь” і згодна з праектам “Супрацоўніцтва і культурны дыялог гарадоў Укмерге і Свіслач” 24 жніўня адбылося рэгіянальнае свята «Свіслацкі кірмаш”. Праводзілася яно з мэтай захавання і адраджэння гісторыка-культурнай спадчыны, стымулявання трансгранічнага турызму, папулярызацыі нацыянальных традыцый сярод насельніцтва. Арганізатары мерапрыемства задумалі рэканструяваць гістарычныя асаблівасці свіслацкага кірмашу XVIII–XIX стагоддзяў часоў графа Вінцэнта Тышкевіча і рэгіянальныя асаблівасці той гістарычной эпохі, а таксама прыцягнуць да ўдзелу ў свяце рамеснікаў і творчыя калектывы з суседніх краін і рэгіёнаў. Па водгуках гасцей з Літвы, Латвіі, іншых абласцей Беларусі, увасобіць сваю ідэю ў жыццё ім з поспехам ўдалося.
У рэгіянальным свяце прынялі ўдзел і бераставіцкія артысты. Гасцей кірмашу парадавалі сваім выступленнем калектывы Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў – узорны дзіцячы духавы аркестр “Tutti” і жаночая вакальная група “Канцона”. А ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Старадварэцкія пацехі” на пляцоўцы “Вясёлы дворык” прадставілі гульнявую праграму “Беларускія гаспадынькі”. Яе вядучая, акампаніятар Стара­дварэцкага Дома культуры і народнай творчасці Святлана Ясько, пазнаёміла свіслачан і гасцей гарадка са старадаўнімі беларускімі гульнямі з этнаграфічнай і фальклорнай скарбніцы нашых продкаў. Жадаючых паўдзельнічаць у іх аказалася нямала.

“Верацейцы”
пабывалі на Артыстычных сустрэчах”
XX Рэгіянальны фестываль “Артыстычныя сустрэчы “Гродна-Беласток”, які ладзіцца ўпраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама сумесна з Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Беластоку, прайшоў 11 жніўня на польскай зямлі. Нагадаем, фестываль гэты праходзіць папераменна то ў Беластоку, то ў Гродне. Гэты беларуска-польскі творчы праект дастаткова папулярны ў нашых краінах. У ім удзельнічаюць хоры, інструментальныя ансамблі, калектывы народнай і эстраднай песні, танца, а таксама індывідуальныя выканаўцы з Польшчы і Гродзенскай вобласці. Сёлета на фэсце разам з артыстамі абласнога цэнтра і Лідскага раёна Гродзеншчыну прадстаўлялі “Верацейцы” –ансамбль Старадварэцкага Дома культуры і народнай творчасці. На сцэне амфітэатра ў Беластоку наш калектыў выканаў дзве песні на польскай мове і адну – на беларускай, атрымаўшы шчырыя апладысменты і прызнанне ў слухачоў Дарэчы, каб стварыць атмасферу ўзаемаразумення, польскія калектывы спявалі па-беларуску, а беларускія – наадварот, па-польску. Таксама на дзвюх мовах вялася ўся фестывальная праграма.
Артыстычныя сустрэчы “Гродна-Беласток” па праву называюць святам творчасці і сяброўства. Гэты фэст мае вялікае значэнне для ўзаемнага пазнання культур меншасцяў і ўзбагачэння адносін паміж беларусамі і палякамі.
Святлана Ганчарова



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *