У дзіцячым аздараўленчым лагеры «Бераставіцкі» адпачываюць на «Планеце Здароўя»

Лента новостей

Другая змена ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Бераставіцкі” тэматычная і называецца “Планета Здароўя”. Ужо сама назва гаворыць аб тым, што асноўныя намаганні дарослых, якія працуюць на гэтай змене, накіраваны на тое, каб за час адпачынку не толькі паправіць здароўе дзяцей, але і далучыць іх да здаровага ладу жыцця.

У васьмі атрадах адпачываюць больш за 160 хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі з Бераставіцкага раёна, але і другіх рэгіёнаў Гродзеншчыны, у тым ліку і выхаванцы Ваўкавыскага дзіцячага дома.
У гэтым годзе ў лагеры паста­раліся зрабіць адпачынак для дзяцей больш зручным і камфортным. У многім гэтаму паспрыяў і рамонт санітарнага блока, які выкананы гаспадарчым спосабам. Як расказаў начальнік лагера Віктар Кашлявік, у ім абсталяваны новыя душавыя кабінкі, бідэ, з’явіліся пральныя машыны, сушылкі для адзення і прасавальныя дошкі.
Заменена на тэрыторыі лагера і вулічнае асвятленне, набыта новая музычная апаратура.
З асаблівым гонарам паказаў Віктар Віктаравіч і домік №5, у якім у гэтым годзе выкананы еўрарамонт і заменена мэбля. Гэта стала магчыма дзякуючы спонсарскай падтрымцы мясцовых СВК, птушкафабрыкі і філіяла ААТ “Малочны Мір”. У планах – рамонт яшчэ аднаго доміка, які мяркуецца пачаць ужо восенню.
Вялікую ўвагу ўдзяляюць і харчаванню дзяцей, якія адпачываюць у лагеры. Яно пяціразовае, узбагачанае садавінай і агароднінай, пастаянна праводзіцца С-вітамінізацыя. У гэтым годзе істотна павялічыліся сумы, якія выдзяляюцца на харчаванне дзіцяці ў дзень, гэта дазволіла дабавіць у рацыён хлопчыкаў і дзяўчынак ёгурты, кандытарскія вырабы.
Што датычыцца мера­прыем­стваў, якія праводзяцца для арганізацыі вольнага часу хлоп­чыкаў і дзяўчынак, то яны, по словах старшага выхавацеля Веры Яроміч, цікавыя і разнастайныя.
Вядома ж, з улікам тэматыкі змены больш за ўсё праводзіцца мерапрыемстваў спартыўнай накіраванасці, прычым, штодзённа. Гэта і разнастайныя спартакіяды, і гульня “Зарнічка”, і спаборніцтвы па футболе, валейболе і іншых відах спорту. Шмат арганізуецца і творчых конкурсаў і гульняў, як унутрыатрадных, так і агульналагерных, напрыклад, гульня “Два караблі” вельмі спадабалася ўсім яе ўдзельнікам.
Здараецца, што свае карэк­тывы ў адпачынак уносіць над­вор’е, але нават у час дажджу хлопчыкі і дзяўчынкі з дапамогай выхавацеляў знаходзяць магчымасць не сумаваць, а заняць сябе цікавымі і карыснымі справамі. Гэта пацвердзілі мне і ў атрадзе “Кіраешкі” (на здымку), з якім працуюць выхавацелі Наталля Аніська і Ірына Яроміч.
З нецярпеннем усе чакаюць і што­дзённых дыскатэк, якія праводзіць для адпачываючых музычны кіраўнік Аляксандр Колб, яны вельмі папулярныя ў лагеры, як і сам дзі-джэй, аб якім дзеці расказваюць з захапленнем.
Час адпачынку ў лагеры “Бера­ставіцкі” пралятае вельмі хутка, і многія з тых дзяцей і падлеткаў, з якімі я размаўляла, хацелі б застацца тут яшчэ на адну змену.
Дарэчы, пачнецца трэцяя змена з 2 жніўня, і ў тых, хто хоча правесці свае канікулы цікава і разам з сябрамі, яшчэ ёсць магчымасць набыць пуцёўкі.
Ірына Міклаш, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *