«Нас яднае славянская душа»

Лента новостей

Аб неабходнасці берагчы свае нацыянальныя традыцыіі, аб ролі каталіцкага касцёла ў захаванні самабытнасці палякаў разважае пробашч касцёла імя Марыі і св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах кс. Мікалай Ціхановіч.
Так склалася гістарычна, што на нашай зямлі жылі вякамі людзі, якія мелі глыбокія карані і адрозніваліся сваімі традыцыямі. Гэтыя землі належалі і Вялікаму Княству Літоўскаму, і Рэчы Паспалітай. Таму вельмі важна памятаць, што карані нашых продкаў разнастайныя, з аднаго боку, але з другога боку нас аб’ядноўвае шмат агульнага – гэта славянскі менталітэт. Беларусы, палякі, літоўцы – нацыянальнасці, якія заўсёды цесна былі ўзаемазвязаны, перапляталіся паміж сабой.
Лічу, што правядзенне такога мерапрыемства ва ўмовах, калі ў нас жывуць людзі розных этнічных паходжанняў, з рознымі традыцыямі мае вялікае значэнне. Што датычыцца польскай дыяспары ў нашым прыходзе, то тут вельмі добра адчуваюцца польскія карані, культура, традыцыі. Для мяне, як святара, гэта найбольш адчувальна ў веравызнанні. Літургіі адбываюцца ў нас пераважна на польскай мове, паколькі прыход стары, многа прыхаджан старэйшага пакалення, а людзі вельмі глыбока звязаны з польскай культурай, мовай, песнапеннем, польскімі традыцыямі.
Я заўважаю, што польскія сем’і, якія зберагалі сваю культуру, нават на працягу савецкіх часоў, выхавалі ў такім духу і сваіх дзяцей. І сёння хоць не ўсе з іх добра ведаюць польскую мову, аднак традыцыі сваіх продкаў зберагаюць і шануюць. Асабліва гэта яскрава праяўляецца ў святкаванні важнейшых рэлігійных святаў, такіх як Ражство Хрыстова, Вялікдзень. Увогуле, дзяржава павінна прыкладаць намаганні, каб кожная дыяспара мела магчымасць зберагаць сваі карані, традыцыі продкаў. Я лічу, што ў гэтым плане ў нас праяўляецца вялікая павага да людзей з боку раённай улады. Менавіта на гэта накіравана дзейнасць і касцёла.
Каталіцкі касцёл вельмі вытанчана адносіцца да такіх пытанняў, паколькі сама місія яго заключаецца ў тым, што мы служым усім людзям, усім народам. Нават ёсць такое паняцце ў каталіцкім касцёле, як інкультурызацыя, калі свяшчэннікі едуць у іншыя краіны, каб пазнаць менталітэт, культуру, мову людзей, якія там пражываюць, і стараюцца прапаведаваць, улічваючы гэтыя акалічнасці.
Хачу таксама адзначыць, што “мост” які нас яднае – славянская душа – не дазваляе ўзнікаць канфліктам і спрэчкам паміж людзьмі розных веравызнанняў. У гэтым накірунку павінны працаваць і дзяржава, і царква, каб паміж людзьмі не ўзнікалі этнічныя канфлікты.
Перш за ўсё мы павінны кіравацца такой глабальнай думкай, што мы ўсе людзі. Мы ад Бога атрымалі дар жыцця.
Я працую ў прыхо-дзе ў Вялікіх Эйсмантах ужо тры гады і ніколі не назіраў, каб узнікалі якія-небудзь канфлікты паміж людзьмі менавіта на этнічнай глебе. У нас ёсць межканфесійныя шлюбы, у якіх нягледзячы на рознасць у хрысціянскіх светапоглядах, пануе добрая атмасфера.
Вельмі добра, што арганізуюцца такія святы, як наш фэст. Мне давялося быць некаторы час у Злучаных Штатах Амерыкі і вось, што мяне ўразіла. Кожныя выхадныя там праводзілі дзень якой-небудзь краіны, паколькі, як вядома, ЗША вельмі многанацыянальная дзяржава. Адзін дзень быў, напрыклад, прысвечаны Францыі, потым Італіі і гэдак далей. Кожны народ прэзентаваў сваю культуру, кухню, традыцыі. Думаю, падобнае адбываецца і ў нашай краіне, дзякуючы такім святам. А калі ўлічваць, што ўсе мы хрысціяне і Бог у нас адзін, мы павінны жыць у міры і згодзе. Лічу, што ў гэтым накірунку каталіцкі касцёл дзейнічае вельмі добра і ў гэтым наша дзейнасць падобна да дзяржаўнай. Якая мэта дзяржавы? Каб у грамадстве былі парадак і спакой, справядлівасць, паважаліся правы чалавека. І каталіцкі касцёл мае падобную місію, толькі ў нас яна наднатуральная, мы прапаведуем вечнае жыццё, вечныя каштоўнасці.
Так складваецца, што літургія ў Эйсмантах праводзіцца на польскай мове, хаця для дзяцей катэхізацыя выкладаецца на беларускай і рускай мовах, каб было больш даступна, таму што не ўсе наведваюць факультатывы па польскай мове. А ўвогуле многае тут залежыць ад бацькоў. Калі яны хочуць, каб дзеці захавалі польскія карані, яны павінны вучыць дзяцей гэтаму. Я сустракаў у той жа Амерыцы такія польскія сем’і, у якіх дзеці добра размаўлялі па-польску, крыху з акцэнтам, вядома, але былі і такія, дзе дзеці ўвогуле не ведалі польскай мовы.
Я лічу, што вельмі важна праводзіць такую палітыку, каб паняцце патрыятызму фарміравалася зыходзячы з павагі адначасова да аўтэнтычнасці і этнічнасці тых народаў, якія жывуць у краіне. А незалежнасць дзяржавы павінна будавацца на павазе народаў іншай культуры, якія пражываюць на нашай зямлі.І вельмі добра, што ў нас гэта акурат мае месца.
Запісаў Сяргей Хілюта,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *