«Эйсмантаўскі Фэст» – у добры шлях!

Актуально Лента новостей

17 чэрвеня  эйсмантаўская зямля сардэчна вітала гасцей. У аграгарадку Вялікія Эйсманты праходзіў першы фестываль польскай культуры і побыту «Эйсмантаўскі Фэст». Месца правядзення фэсту было абрана невыпадкова. Менавіта на тэрыторыі Эйсмантаўскага сельсавета пражывае шмат этнічных палякаў, якія шануюць свае карані, зберагаюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне самабытную польскую культуру і традыцыі. Тут дзейнічае Эйсмантаўскі ад-дзел ГА “Саюз палякаў на Беларусі”.

Свята польскай культуры і побыту распачалося з імшы “За яднанне народаў” у касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі і Св.Яна Непамука. Шмат вернікаў прыйшло ў гэту нядзельную раніцу ў храм, які з’яўляецца помнікам архітэктуры ХІХ ст. А ў цэнтры аграгарадка Вялікія Эйсманты тым часам распачыналася выстава-продаж “Горада майстроў”. Пазнаёміць мясцовых жыхароў і гасцей фэсту з вырабамі сваіх народных умельцаў прыехалі прадстаўнікі Гродзенскага, Свіслацкага, Ваўкавыскага, Мастоўскага, Зэльвенскага і Роскага Дамоў рамёстваў. Карысталіся попытам саламяныя і гліняныя вырабы, роспіс па дрэве Бераставіцкага Дома рамёстваў. Бойка ішоў гандаль. Цудоўныя вырабы майстроў з розных куточкаў Гродзеншчыны, выкананыя з разнастайнага матэрыялу, сапраўды ўражвалі сваёй прыгажосцю і яшчэ раз даказвалі, які таленавіты народ жыве ў нашым шматнацыянальным рэгіёне. І на бераставіцкай зямлі ў тым ліку.

У фае Дома культуры — асобная выстава вышываных, вязаных кручком, тканых вырабаў майстрыхі з Жукевічаў Людвікі Кулікоўскай. І тут жа — дэманстрацыя карцін бераставіцкіх мастакоў Мікалая Жлабо-віча і Андрэя Втарушына пад назвай “Фарбы жыцця”. З прадметамі побыту жыхароў рэгіёна ХІХ-ХХ стст. можна было пазнаёміцца на выставе музейных экспанатаў “Наша спадчына”. Выклікала цікавасць у гасцей фестывалю экспазіцыя польскай кнігі “Былое і сучаснасць”, наладжаная супрацоўнікамі райбібліятэкі.
Урачыстае адкрыццё “Эйсмантаўскага Фэсту” пачалося на сцэне мясцовага Дома культуры. Вядучыя праграмы Ангеліна Гуліна і Павел Каржанеўскі шчыра павіталі гасцей на беларускай і польскай мовах. Менавіта дзве мовы гучалі ў гэты дзень са сцэны. І прысутным усё было зразумела і проста, паколькі здаўна, жывучы побач, беларусы і палякі навучыліся разуменню і павазе, уменню сябраваць і захоўваць добрасуседскія адносіны.
Пра гэта, дарэчы, гаварылася ў прывітальным слове старшыні Бераставіцкага райвыканкама Антона Кулісевіча, які падкрэсліў, што ідэя фестывалю — простая. Гэта вялікая дружба паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, што жывуць на бераставіцкай зямлі, і якую трэба падтрымліваць і надалей. У тым ліку — і праз падобныя фэсты.
Такую ж думку агучыў і шаноўны госць свята, Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў г.Гродна Анджэй Хадкевіч.

Ён, у прыватнасці, адзначыў, што “Эйсмантаўскі Фэст” — вялікая падзея для Бераставіччыны і пачатак добрай справы па падтрымцы і развіцці польскай культуры.
— Багацце культур усіх нацыянальнасцей, якія пражываюць на Беларусі, — падкрэсліў спадар Анджэй, — гэта моц народа і еднасць краіны.
Антон Кулісевіч і Анджэй Хадкевіч пад святочныя фанфары і феерверк здзейснілі сімвалічны рытуал адкрыцця фэсту — прэзентавалі яго эмблему. А потым ганаровым гасцям мерапрыемства, сярод якіх, дарэчы, былі галоўны спецыяліст аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Гродзенскага аблвыканкама Ганна Марэцкая і адказны сакратар ГА “Саюз палякаў на Беларусі” Эдвард Калоша, былі ўручаны на памяць сувеніры.
“Талентаў шматкаляровы букет” — такая назва была дадзена святочнаму канцэрту, які адбыўся пасля ўрачыстага адкрыцця фэсту. Польскія вершы, песні, танцы каларытна і яскрава дэманстравалі ўдзельнікі фестывалю — мясцовыя і прыезджыя. Выступалі юныя наведвальнікі факультатыву па вывучэнні польскай мовы Вялікаэйсмантаўскай СШ, удзельнікі раённага конкурсу чытальнікаў польскай паэзіі Януш Талочка, Эльвіра Мілашэўская, Вераніка Лісоўская, Павел і Уладзіслаў Стацкевічы, творчыя калектывы Гродзеншчыны — народны ансамбль польскай песні і танца “Лехіці”, які дзейнічае пры Саюзе палякаў на Беларусі ў г.Гродна, народны хор польскай песні “Промень” Шчучынскага РДК, народны ансамбль польскай песні “Стокроткі” Макараўскага ДНК, вакальная група “Мілавіца” Свіслацкага РДК, калектыў “Верацейцы” Старадварэцкага ДКіВЧ, дзіцячы ўзорны духавы аркестр “TUTTI” Бераставіцкай ДШМ, бераставіцкія салісты – Антон Бажко, Крысціна Цыбуль, Марына Шока, Збігнеў Эйсмант, Вікторыя Бажко, Алена Пастушок, Віялета Шуміла, Рыта Каспшак, госці са Свіслачы – Таццяна Карнацэвіч і Аляксандр Паўлючэня. Усе яны, а таксама народныя майстры, рамеснікі і мастакі, былі ўзнагароджаны дыпломамі ўдзельнікаў першага фестывалю польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі Фэст”.
А свята працягвалася. Мясцовых жыхароў і гасцей фэсту віталі на Эйсмантаўскім падворку “Заможны фальварак”, адбыўся канцэрт дзіцячай творчасці Эйсмантаўскага філіяла Бераставіцкай ДШМ, працавалі атракцыёны для дзяцей і гандлёвыя кропкі Бераставіцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Завяршылася свята ўвечары дыскатэкай і феерверкам. Але гэта не канец, гэта толькі пачатак новай слаўнай традыцыі, новым сустрэчам на эйсмантаўскай зямлі. “Эйсмантаўскі Фэст” — у добры шлях!
Святлана ГАНЧАРОВА,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *