Бераставіцкая райбібліятэка далучылася да абласнога краязнаўчага онлайн-праекта (+відэа)

Актуально Культура Лента новостей

Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В. М. Кавалеўскага далучылася да абласнога онлайн-праекта “А ці ведаеце вы, што…?”.

У рамках праекта работнікі бібліятэчных устаноў Гродзеншчыны рыхтуюць відэаматэрыялы краязнаўчага характару пра мясцовыя помнікі гісторыі і архітэктуры, адметныя падзеі і мясціны свайго рэгіёну, знакамітых землякоў і размяшчаюць матэрыял у інтэрнэце. У Год малой радзімы гэта, безумоўна, актуальна. Да таго ж, падобнае віртуальнае знаёмства з мясцовасцю можа быць пазнавальным і карысным для патэнцыяльных турыстаў.

На сайце Бераставіцкай райбібліятэкі пад банэрам “А ці ведаеце вы, што…?” ужо размешчаны два відэаматэрыялы. У першым расказваецца пра дэкаратыўную скульптурную кампазіцыю Дрэва жыцця, устаноўленую ў 2006 годзе ў цэнтры Бераставіцы знагоды 500-годдзя першага ўпаміну нашага мястэчка ў гістарычных дакументах. Кампазіцыя ўключае скульптурную выяву вавёрку і карону, якія, дарэчы, як сімвалы мястэчка, адлюстраваны на нашым гербе. Аўтар “Дрэва жыцця” – вядомы беларускі скульптар Уладзімір Церабун.

Другое відэа знаёміць з касцёлам Візітацыі Найсвяцейшай Панны Марыі, ці са старым касцёлам, як яго называюць бераставічане. Лічыцца,што тут было пахавана сэрца ўладальніка Бераставіцы, вядомага ваеначальніка Рэчы Паспалітай Яна Караля Хадкевіча, які нібыта ў маладосці закахаўся ў пакаёўку з мясцовага маёнтка.

Гэтыя два  аб’екты ўваходзяць у музейную аглядавую экскурсію “З гісторыі Вялікай Бераставіцы”. Падрабязней пра іх глядзіце на сайце райбібліятэкі.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *