“Слаўлю сваю Айчыну”. У Макараўскім яслях-садзе — сярэдняй школе люты быў насычаны патрыятычнымі мерапрыемствамі

Лента новостей Образование

У Макараўскім яслях-садзе — сярэдняй школе люты быў насычаны рознымі падзеямі і мерапрыемствамі. На працягу месяца навучэнцы прымалі ўдзел у мерапрыемствах у рамках патрыятычнай акцыі “Слаўлю Айчыну”, якія дазволілі не толькі цікава і карысна правесці свой вольны час, але і пашырыць веды па гісторыі сваёй Айчыны. Урачыстая лінейка і ўдзел у раённым піянерскім зборы “Дзень юнага патрыёта”, прысвечаныя Дню юнага героя-антыфашыста, дапамаглі ўспомніць юных герояў вайны  і зразумець, што значыць быць патрыётам сёння.

А сустрэча навучэнцаў з воінам-інтэрнацыяналістам Казімірам Раманчуком   выклікала пачуццё гонару за сваіх землякоў, якія ўдзельнічалі ў афганскай вайне. Затаіўшы дыханне, дзеці слухалі аповяд Казіміра Лявонцьевіча, у якім ён падзяліўся сваімі ўспамінамі аб службе, аб цяжкасцях салдацкага жыцця, ваенных буднях і гераізме маладых хлопцаў.

Цікава прайшла святочная праграма “Сёння свята ваша, мужчыны”, прысвечаная Дню абаронцаў Айчыны і Узброенных сіл Рэспублікі Беларусь. У час мерапрыемства дзеці ўдзельнічалі ў конкурсах, спявалі песні, танцавалі і чыталі вершы пра Радзіму.

Вучні нашай ўстановы наведваюць аб’яднанні па інтарэсах, якія працуюць на базе філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг.Макараўцы. Жыхарам аграгарадка і ваеннаслужачым пагранічных застаў  была прадстаўлена канцэртная праграма “Абаронца Айчыны”, падрыхтаваная сіламі гурткоўцаў.

Вялікую зацікаўленасць выклікалі ў навучэнцаў спаборніцтвы па валейболе, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны, у якіх прынялі ўдзел 3 каманды: каманда дзяўчат, каманда юнакоў і зборная каманда 7 і 8 пагранічных застаў. Ва ўпартай барацьбе перамагла каманда юнакоў ўстановы адукацыі.

Забаўляльная праграма “Па старонках роднай мовы”  садзейнічала выхаванню любові да роднага слова, роднага краю, Радзімы.

А ўдзел раённым этапе VI рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года 2020”, які сабраў самых актыўных, ініцыятыўных і творчых лідараў моладзевых арганізацыі з устаноў адукацыі раёна, прынёс перамогу нашай навучэнцы — Анастасіі Славецкай.Насця абараняла праект “Будзем памятаць, жыць і мір берагчы”.

Спадзяёмся, што ўдзел у мерапрыемствах і атрыманыя веды аб вялікіх падзеях таго гераічнага часу, захаваюцца ў памяці падлеткаў, і наша моладзь стане годным прадаўжальнікам слаўных спраў старэйшага пакалення.

Алена Будніцкая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *