21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы. Карані, якія моцна трымаюць нас

Лента новостей Образование

Кожны раз, калі я бываю ў Полацку, адразу іду да помніка душы і сэрца – помніка Ў. І кожны раз з замілаваннем перачытваю слоўцы Рыгора Барадуліна: “Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет”. І сапраўды, горад, які даў свету вялікіх беларусаў, і сёння дыхае на поўныя грудзі беларускасцю. Цікава, што літару “Ў”, якая ёсць толькі ў нас, беларусаў, у якасці назвы выкарысталі мінская арт-галерэя і музычны гурт — “У нескладовае”. Для мяне мова – ужо даўно надзейны сродак, з дапамогай якога штохвілінна думаю.
Яшчэ ў 1956 годзе Якуб Колас пісаў: “Беларуская мова параўнальна маладая. Хоць даўно ўжо на ёй гаворыць народ, але як мова навукі, палітыкі, літаратуры яна знаходзіцца ў перыядзе станаўлення. Таму наша задача – берагчы мову, вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць. Гэта дасягаецца штодзённым яе ўжываннем у побыце, на рабоце, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах”. Актуальна гэта і ў ХХІ стагоддзі.
Мова наша распаўсюджана не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ў памежных рэгіёнах Літвы, Польшчы, Расіі ды Украіны. Па-беларуску размаўляюць між сабой эмігранты ў ЗША, Кана­дзе, Аўстраліі, іншых краінах. Адным словам, у кожным куточку планеты Зямля, дзе б’юцца беларускія сэрцы, жыве матчына мова. Мова ж наша – самая старажытная сярод славянскіх і вельмі мілагучная, як італьянская.
Узрасла цікавасць да беларускай мовы за мяжой. Сёння толькі ў Кітаі адкрыты дзясятак цэнтраў па яе вывучэнні. Яна вывучаецца ва ўніверсітэтах, культурных цэнтрах Польшчы, Украіны, Сербіі, Японіі, Італіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Азербайджана, Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі і інш.
Добра, што ў 1989 годзе было заснавана Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Прыемна, што 21 лютага, у Сусветны дзень роднай мовы, беларусы пішуць агульнанацыянальную дыктоўку. Упершыню яна прайшла 23 сакавіка 2008 года Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Многія ўжо сур’ёзна задумаліся над вы­казваннямі-слоганамі: “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Сто ідэй для Беларусі”, “Купляйце беларускае!”, якія заклікаюць запрашаюць да айчыннай гісторыі, адра­джэння беларускай маральна-інтэлектуальнай спадчыны, нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Не можа не радаваць, што ў ХХ стагоддзі ўжыванне мовы многія лічылі прыкметай вясковасці, а сёння – інтэлігентнасці, нават элітнасці. Ужо ніхто на цябе не глядзіць са здзіўленнем, калі ты размаўляеш па-беларуску ў транспарце ці ў краме. І гэта натуральны працэс, вынік таго, што мы ўжо шмат год жывём у незалежнай Беларусі. Нельга не вітаць і з’яўленне бясплатных курсаў “Мова ці кава”, якія збіралі аншлагі ў Мінску, іншых гарадах Бацькаўшчыны. Неўзабаве ўзніклі новыя адметныя курсы — “Мова нанова”. Многія заўважылі прыгажосць сацыяльнай рэкламы “Смак беларускай мовы” і “Родныя даты”. А гэта ўжо праекты кампаніі “Бел­знешрэклама”, якая зладзіла сумесна з прадстаўніцтвам Samsung у Беларусі і праект “Багацце-Смак-Прыгажосць беларускай мовы”. Цудоўна, што ў Бе­ларусі адбываюцца фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!. Не забывайце і ў банкамаце націскаць кнопачку па-беларуску!
Вельмі добра, што на Беларускай чыгунцы ў адпаведнасці з рашэннем яе кіраўніцтва практы­куецца двухмоўнае інфарма­ванне пасажыраў. Мова здольна проста жыць у генах людзей, каб потым прагучаць з вуснаў іх дзяцей або ўнукаў. А ў свой час Ефрасіння Полацкая, Францішак Скарына, Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі шчодра і апантана пасеялі першыя зярняткі, з якіх і нараджалася Беларускасць.
Упэўнены, што наступныя пакаленні будуць дапаўняць, развіваць родную мову.
Канстанцін Карнялюк,
г. Віцебск



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *