У Бераставіцкім раёне адбыўся конкурс па ўзнаўленні статка

Лента новостей

Далейшаму развіццю жывёла­гадоўлі на Бераставіччыне надаецца вялікая ўвага. Добрай традыцыяй з’яўляецца штогадовае правядзенне раённага конкурсу па ўзнаўленні статка і штучным асемяненні сельгасжывёлы. Гэта сапраўдная падзея ў аграрным жыцці раёна. Да гонару нашых вытворцаў варта адзначыць, што сёлета ён праводзіўся ужо 32 раз! Аграрыі з Бераставіччыны пастаянна супрацоўнічаюць з вучонымі, вядуць вытворчасць па новых тэхналогіях, укараняюць перадавы вопыт. Менавіта таму раён у лідарах сярод іншых у вобласці і рэспубліцы. На гэты раз у час мерапрыемства мне ўдалося пагутарыць з дацэнтам кафедры акушэрства і тэрапіі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Аляксандрам Козелам. Ён адзначыў, што спецыялісты нашага раёна імкнуцца павышаць свой ўзровень, узбагачаць тэарэтычныя і практычныя веды, што з’яўляецца несумненным “плюсам” для гаспадарак.
Раённы конкурс у гэтым годзе праводзіўся на базе аграфірмы Стары Дворац. Ганаровае права ўзняць сцяг было прадстаўлена мінулагоднім пераможцам, лепшым па прафесіі – вядучаму заатэхніку — селекцыянеру СВК імя Варанецкага Ірыне Кашэвіч, ветурачу — гінеколагу з гэтай жа гаспадаркі Леаніду Якусіку, тэхніку — асемянатару з СВП “АграМір” Уладзіміру Кліменку.
Спецыялісты здавалі тэарэтычны экзамен, пацвярджалі свае веды і навыкі на практыцы. Цікава, што тэорыя здавалася ў выглядзе тэстаў. Напрыклад, ветурачам-гінеколагам прапаноўваліся пытанні, і з трох адказаў трэба было выбраць адзін правільны. Магчыма, здагадацца таксама зрэдку можна было, калі не падвядзе ўдача… Але ўсё ж без грунтоўных ведаў чалавек у жывёлагадоўлі не затрымаецца, і справу сваю трэба любіць. Прыемна было сустрэцца з вопытнымі спецыялістамі і нават яшчэ больш прыемна з тымі маладымі, якія яшчэ толькі робяць першыя крокі ў любімай прафесіі, але ўжо паспелі паказаць сябе з самага лепшага боку. Першы раз здавалі такі экзамен на конкурсе Дзмітрый Куляшоў з СВК “Цецяроўка” і Сяргей Дзешка з СВК “Пархімаўцы”. З магчымых 25 балаў набралі 25 Дзмітрый Куляшоў, Сяргей Дзешка, а таксама Сяргей Гутоўскі з СВП “АграМір”, Аляксандр Лазарчык і Віталій Лігер з СВК “Макараўцы”, Дзмітрый Карпук з СВК “Алекшыцы”, Валерый Крыштофік з СВК “Пархімаўцы”.
Пасля праверкі ведаў адбылася лекцыя дацэнта Аляксандра Козела. Яна прайшла не па традыцыйных канонах, а ў выглядзе “жывой гутаркі”, калі спецыялісты задавалі пытанні, а вучоны даваў грунтоўныя адказы. Датычыліся яны новых тэхналогій і сучасных эфектыўных прэпаратаў.
Затым адбылося ўшанаванне пераможцаў. Сярод тэхнікаў па штучным асемяненні набраў 100 балаў і заняў першае месца Ян Эйсмант з СВК “Алекшыцы”, на другім месцы – Аляксандр Якута з СВК “Малабераставіці элітгас” (98 балаў), на трэцім – Уладзімір Кліменка з СВП “АграМір” (96 балаў).
Сярод ветурачоў-гінеколагаў вы­зна­чыліся пераможцы: Кан­стан­цін Рагалевіч з СВК “Мала­бераставіцкі элітгас” (100 балаў, першае месца), Аляксандр Лазарчык з СВК “Макараўцы” (99 балаў, другое месца), Дзмітрый Карпук з СВК “Алекшыцы” (97 балаў, трэцяе месца).
Сярод заатэхнікаў-селек­цыянераў перамаглі: Алена Анохіна з РУСП “Масаляны” (100 балаў, першае месца), Андрэй Занеўскі з СВК “Малабераставіцкі элітгас” (99 балаў, другое месца), Вераніка Філінчук з СВК “Пархімаўцы” (98 балаў, трэцяе месца). Усе гэтыя выдатныя спецыялісты былі ўзнагароджаны граматамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама і прэміямі.
На гэтым урачыстасць не закончылася. Падзячныя пісьмы райкама прафсаюза работнікаў АПК і прэміі атрымалі за штогадовую плённую працу ветурачы — гінеколагі Леанід Якусік з СВК імя Варанецкага, Алена Анохіна з РУСП “Масаляны”, Іван Кароль з СВК “Цецяроўка”. Сярод маладых былі адзначаны Дзмітрый Куляшоў з СВК “Цецяроўка” і Эрыка Здановіч з СВК “Алекшыцы”.
Таксама адзначаны быў уклад у агульную справу спецыялістаў і ў гаспадарках.
А сярод звёнаў па ўзнаўленні статка першае месца заняло звяно аграфірмы “Стары Дворац” ў складзе Ганны Макей, Івана Ткачука і Сяргея Шкулепы (99 балаў), другое – звяно РУСП “Масаляны” (Алена Анохіна, Анатоль Курстак і Дзмітрый Іваноўскі, 98 балаў).
У адрас людзей, якія прынялі ўдзел у раённым конкурсе, пра­­гу­чала шмат цёплых слоў і па­жаданняў.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *