Сяргей Фунт у СВП «Аграмір» заняты на сяўбе кукурузы

Лента новостей

Няспешна “замятаючы сляды” сваёй дзейнасці, снуюць па палях Бераставіччыны трактары, метр за метрам хаваючы пад пластам зямлі часова безжыццёвае насенне “царыцы палёў” – кукурузы. Так паступова з кожным днём скарачаюцца плошчы пустуючых палеткаў сельгаспрадпрыемстваў. А між тым, сёлета ў раёне пад пасевы галоўнай кармавой культуры адведзена звыш 6670 гектараў зямель, з якіх на другі дзень мая ўжо было засеяна каля 40 працэнтаў.
Наш арыенцір – у накірунку з гарадскога пасёлку да вёскі Шаляпкі, месца – невялікае прамавугольнае “палатно” зямлі, да якога з трох бакоў прымыкае лясны масіў. Каардынаты, мякка кажучы, расплывістыя, але менавіта гэты зацішны кавалак зямлі днямі стаў эпіцэнтрам вясенне-палявых работ, што зараз поўным ходам ідуць у СВП “АграМір”.
Тут з усёй самаадданасцю і бадзёрым настроем працуе малады механізатар Сяргей Фунт (на здымку). Да калектыву сельгаспадпрыемства ён далучыўся адносна нядаўна, уладкаваўся толькі два гады таму, аднак ужо паспеў зарэкамендаваць сябе, як адказны і дысцыплінаваны работнік. Пра высокі ўзровень даверу да мужчыны з боку кіраўніцтва сведчыць і той факт, што адзіным пасяўным агрэгатам, які задзейнічаны на сяўбе кукурузы ў гэтым сезоне, кіруе менавіта ён. Падчас бяседы мой суразмоўца прызнаецца, што асаблівых складанасцей тут няма, і галоўнае прытрымлівацца неабходнага хуткаснага рэжыму, які дазваляе забяспечваць больш раўнамерную і поўную раскладку насення ў радку. Такім чынам, пастаянна здзяйсняючы кругаварот маніпуляцый вышэйназванага працэсу, у дзень Сяргей засейвае каля 30 гектараў зямель.
Як і належыць, за нормай высеву і якасцю сяўбы кукурузы ўважліва сочыць галоўны аграном сельгас­прадпрыемства Павел Канеўскі. Ён расказаў, што ў гэтым годзе структура пасяўных плошчаў не змянілася. Як і летась пад пасевы збожжавай і кармавой культуры адведзена 540 гектараў, з якіх на сілас прыпадае 400, а астатнія 140 гектараў – на зерне.
— Да пасяўных работ мы прыступілі ў трэцяй дэкадзе красавіка, — дадае Павел Іванавіч. – У першую чаргу высейвалі кукурузу, прызначаную для вырошчвання на зерне. З гэтай задачай у сельгаспрадпрыемстве справіліся паспяхова. Зараз вядзецца сяўба кукурузы на зялёны корм. Такім чынам, на трэцяга мая ўжо занята каля 240 гектараў зямель, або 44 працэнты ад запланаваных плошчаў. А ўлічваючы сутачны паказчык прадуктыўнасці працы, можна гаварыць аб завяршэнні сяўбы ў дзесяцідзённы тэрмін.
Раскрываючы некаторыя нюансы працэсу, Павел Іванавіч заўважыў, што пры вызначэнні нормы высеву насення кукурузы ўлічваецца шэраг такіх фактараў, як глебава-кліматычныя асаблівасці зоны вырошчвання, біялагічныя асаблівасці гібрыдаў, тэрміны сяўбы, якасць насення, рэсурсна-тэхналагічнае забеспячэнне і многае іншае.
Дарэчы, калі ў мінулым годзе ў СВП “АграМір” аддалі перавагу гібрыдам кукурузы нямецкай селекцыі фірмы “КВС”, напрыклад, “стэсі”, “раналдзіньё”, “карыфей”, то цяпер іх пераемнікам сталі гібрыды французкай селекцыі фірмы “Сінгента”, якая спецыялізуецца на гібрыдах збожжавага накірунку і надае асаблівую ўвагу іх стабільнасці і ўстойлівасці да неспрыяльных фактараў. На колькі ж апраўданыя будуць такія змены, пабачым восенню.
Па-ранейшаму запатрабаванымі застаюцца і гатункі беларускай селекцыі – гэта “палтава”, “палескі 212 СВ”, якія характарызуюцца інтэнсіўным стартавым ростам, устойлівасцю да халадоў, засухі і максімальна хуткай аддачай вільгаці пачаткам пры паспяванні.
Пасевы гібрыдаў кукурузы замежнай і айчыннай селекцыі раскінуліся на 200 і 340 гектарах адпаведна.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *