Радасць Вялікага Дня

Лента новостей

Як і кожны год, мы нанова перажываем самае важнае свята хрысціянскага свету. Свята сапраўднай радасці, бо наш Пан Езус Хрыстос перамог смерць і адкрыў нам шлях да вечнага жыцця. Менавіта таму мы ўсе дзелімся гэтай радасцю. І вельмі важна, як падкрэслівае Святы Айцец Бенедыкт XVI, каб не затрымліваць велікоднай радасці толькі для сябе, а перадаваць яе іншым.
Папа прыпамінае, што Хрыстос, які паўстаў з мёртвых, з’яўляецца фундаментам нашай веры.
— Ад Пасхі ззяе, як з цэнтра святла, уся Літургія Касцёла, чэрпаючы з яе сэнс, — сказаў ён, тлумачачы, што вера Уваскрэслага Хрыста перамяняе жыццё, робячы ў нас саміх бесперапыннае Уваскрэсенне.
— Што мы можам зрабіць, каб Пасха стала нашым жыццём? — пытаў Бенедыкт XVI. І адказваў: — Уваскрэсенне Хрыста з’яўляецца імкненнем да жыцця, якое не адыдзе ў нябыт, бо з’яўляецца жыццём, накіраваным у вечнасць Божую. Ва Уваскрэсенні Хрыста распачынаецца новы спосаб чалавечага быцця, спосаб, які асвятляе і змяняе наша штодзённае жыццё і адкрывае для ўсяго чалавецтва якасна новую будучыню.
Як падкрэслівае далей Святы Айцец, Пасха прыносіць глыбокі і поўны пераход з жыцця ў няволі граху да свабоднага жыцця з любоўю — сілай, якая пераадольвае ўсе бар’еры і стварае гармонію ў чалавечым сэрцы і ў дачыненні да іншых людзей і рэчаў.
— Святло Уваскрэсення Хрыстова павінна пранікаць у наш свет, павінна дасягаць да ўсіх людзей як сродак праўды і жыцця праз наша штодзённае сведчанне, — гаварыў Бенедыкт XVI, — а радасцю, якая выплывае з Уваскрэсення, трэба падзяліцца з іншымі, бо гэта наша заданне і наша місія.
У гэтыя дні мы ўспомнілі і перажылі найвялікшыя таямніцы нашай веры, таму тыдзень перад Вялікаднем называецца Вялікім Тыднем.
Пачынае яго Вербная Нядзеля – Касцёл ўрачыста ўспамінае ўступленне Езуса ў Іерусалім і радасць натоўпу, які сустракаў Цара — Месію, выратавальніка народа Ізраіля, і ўсклікаў: “Гасанна Сыну Давіда!” (Мк 11, 9)
Хрыстос прыходзіць, каб выратаваць нас ад граху і вечнай смерці, і гэта становіцца ісцінай, якую мы перажываем у Літургіі Вербнай Нядзелі, і ў тым часе, калі ў касцёлах так масава прыступаем да святой споведзі, каб Хрыстос ачысціў нас ад граху і паяднаў з Богам, прыняўшы ў Царства Нябеснае.
Наступны дзень – Вялікі Чацвер – дзень, у які ўспамінаем апошнюю вячэру, устанаўленне сакрамэнтаў Эўхарыстыі і Святарства. Касцёл нараджаецца з Эўхарыстыі, жыве ёю і да яе імкнецца, так вучыць нас II Ватыканскі Сабор. “Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцай, з якой Касцёл чэрпае сілу і моц, і вяршыняй хрысціянскага жыцця”.
Спажываючы Эўхарыстыю, мы прымаем Хрыста і яднаемся з Ім, імкнучыся да Неба. Езус казаў: “Хто Мяне спажывае, будзе мець вечнае жыццё” (Я 6, 51). У гэты дзень мы дзякуем за дар Святой Эўхарыстыі, з якой нараджаецца і якой жыве Касцёл, і сакрамэнт Святарства, бо дзякуючы святарам мы маем Эўхарыстыю ў нашых храмах. Літургія Вялікага Чацвярга заканчваецца перанясеннем Пана Езуса да грабніцы, дзе Ён застаецца ўсю Вялікую Пятніцу — дзень, у які наш Збаўца прыняў смерць на крыжы. У гэты дзень не адбываецца Эўхарыстыя, а вечарам праводзіцца набажэнства Крыжовай Дарогі, а пасля яго пачынаецца Літургія слова з апісаннем Пакуты Пана Езуса, адбываецца адарацыя крыжа, людзі прымаюць Святую Камунію, а пасля Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца да грабніцы.
У Вялікую Суботу Касцёл знаходзіцца ў адарацыі пры грабніцы Пана, у гэты дзень традыцыйна свенцяць ежу для велікоднага стала. Хрыстос з’яўляецца нашым спажыткам на вечнае жыццё, а ўсё, што мы маем і спажываем, з’яўляецца дарам Бога.
Літургія Вялікай Суботы – пасхальная літургія, найважнейшая з усіх літургій — пачынаецца вечарам пасвячэннем святла – Хрыстос з’яўляецца святлом свету, гэта сімвалізуе Пасхал – пасвечаная ўрачыстая свечка ў гэтую ноч уносіцца ў святыню са спевам “Святло Хрыста”, а вернікі адказваюць: “Дзякуй Богу”. У Слове Божым, якое чытаецца ў Літургіі, успамінаюцца вялікія справы Божыя, якія выкананыя ў дзеяннях вы-бранага народу, і наша выбранне ў Хрысце. У касцёле ўрачыста спяваюць “Хвала на вышынях”, б’юць званы і чытаецца Евангелле. Далей пачынаецца ўрачыстае пасвячэнне вады, хрост дзяцей і акрапленне вернікаў вадой, у якую быў змешчаны Пасхал – Хрыстос. У час хросту спяваецца Літанне да Усіх Святых. Літургія заканчваецца ўрачыстай працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол святыні і спевам “Te Deum”.
Працэсія можа быць праведзена таксама зранку ў нядзелю, так робіцца ў многіх парафіях у Беларусі. Пасля ўрачыстай ранішняй літургіі дома, у лоне сям’і, памаліўшыся, спажываем урачысты сняданак з пасвечаных у Вялікую Суботу страў і выказваем адзін аднаму пажаданні.
Кожная нядзеля з’яўляецца ўспамінам пра Пасху, пакуты, смерць і Уваскрэсенне Пана Езуса, таго, што сталася ў вячэрніку і на крыжы аж да радаснага нядзельнага паранку Уваскрэсення. Таму ўсе, хто верыць у Хрыста, ужо больш за 2000 гадоў у кожную нядзелю збіраюцца ў храмах на Святую Імшу, каб быць у Хрысце, з Ім жыць і з Ім дасягнуць Вечнасці.
Няхай Пасхальная радасць напаўняе нас, давайце дзяліцца ёю.
а.Вальдэмар Слота, ксёндз — дэкан, настаяцель касцёла Перамянення Гасподняга г.п.В.Бераставіца

Абрад велікоднага снедання ў сям’і

На Вялікдзень пасля Святой Імшы сям’я збіраецца за ўрачыстым снеданнем вакол па-святочнаму накрытага стала, аздобленага зялёнымі сцяблінкамі раслін, парасткамі пшаніцы, якія сімвалізуюць новае жыццё, атрыманае на святым хросце. У цэнтры стала ставіцца велікодны сямейны пасхал, фігурка велікоднага ягняці і асвячоныя стравы. Снеданне трэба пачаць з супольнай малітвы аб Божым благаславенні, аб дарах Святога Духа для Святога Айца, аб ласцы навяртання для няверуючых, аб міры на зямлі, аб суцяшэнні для самотных і тых, хто пакутуе.
Гаспадар запальвае сямейны пасхал, падымае яго ўгару і гаворыць: «Сапраўды Пан Уваскрос! Алілуя!»
Усе адказваюць: «Дзякуем Пану Богу! Алілуя!»
Бацька: «З радасцю сабраліся мы ў нашым сямейным асяроддзі, каб урачыста адзначыць памятны дзень Уваскрэсення нашага Пана. Я жадаю ўсім вам, каб супакой і радасць запанавалі ў вашых сэрцах, каб усе мы сведчылі сённяшняму свету аб Уваскрэслым Хрысце і паўсюдна абвяшчалі, што Пан сапраўды ўваскрос. Ахопім думкамі і сэрцам усіх нашых сваякоў і сяброў, жывых і памерлых, агорнем увесь свет і будзем прасіць»:
Усе: «Ойча наш…»
У канцы бацька сям’і моліцца: «Божа, у сённяшні дзень Ты перамог смерць і адчыніў нам брамы вечнасці, дай нам удзельнічаць у перамозе Твайго Сына Езуса Хрыста над грахом, каб мы былі годныя прыняць удзел у Яго вечным жыцці. Які вечна жыве і валадарыць».
Усе: «Амэн».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *