Памятныя паштоўкі Вялікай Бераставіцы

Из истории земли Берестовицкой Культура

22Сярод старэйшых помнікаў архітэктуры Бераставіччыны ганаровае месца займае касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Год 2015-ы для яго юбілейны – спаўняецца 400 гадоў з часу першага асвячэння Віленскім біскупам Бенядыктам Войнам драўлянага будынка касцёла ў 1615 годзе. На той час фундатарам выступіў уладальнік Бераставіцы Геранім Хадкевіч, кашталян віленскі і стараста брэст-літоўскі. Далейшаму лёсу касцёла ў ХVІІ-ХVІІІ стст. спрыялі Ян Казімір Хадкевіч, Юзаф Мнішак і яго сын Ежы Аўгуст Вандалін.
У 1742-1778 гадах касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі стаў мураваным, выкананы ў стылі позняга барока нямецкімі і італьянскімі архітэктарамі, якія працавалі пры каралеўскім двары часоў Аўгуста ІІІ. Прыкладным узорам для бераставіцкага касцёла сталі касцёлы кармелітаў у Варшаве і Кракаве, Вільне і Рыме. Сёння захаваныя рэшткі касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляюцца гістарычным помнікам архітэктуры Рэспублікі Беларусь. Да юбілейнай даты касцёла настаўнік Бераставіцкай ДШМ Андрэй Втарушын выпусціў невялікім тыражом памятныя паштоўкі. На іх адлюстраваны старыя фотаздымкі касцёла пачатку ХХ ст. і яго захаваныя каштоўнасці: статуя святога Яна Божага (ХVІІІ ст.) і рэлігійная карціна “Святая Ганна навучае Панну Марыю чытанню” (ХІХ ст.). Гэтыя мастацкія помнікі знаходзіліся ў галоўным алтары касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі.
Дарэчы, Андрэй Францавіч, якога чытачы “раёнкі” ведаюць па даследчых краязнаўчых матэрыялах у газеце, ужо выпускаў у мінулым годзе паштоўкі гістарычнай тэматыкі. Яны былі прысвечаны 260-годдзю надання Вялікай Бераставіцы Магдэбургскага права. А сёлета аматар-краязнаўца звярнуў увагу на юбілейнаю дату касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі.

Святлана Ганчарова,  фота Андрэя Втарушына



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *