Адкрыўся палац Агінскага

Лента новостей

IMG_0624 1 IMG_0641 1 IMG_0648 1Наўрад ці ўбачыш абыякавыя твары, калі гучыць паланез “Развітанне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага.
Былая сядзіба Залессе ў Смаргонскім раёне мае адносіны непасрэдна да знакамітага паланеза. Не гэтыя мясціны былі радзімай М.К.Агінскага, але яны сталі яго ўлюбёным месцам на зямлі. Ён нарадзіўся 25 верасня 1765 года ў маёнтку Гузава пад Варшавай. У Залессе М.К.Агінскі прыехаў у 1802 годзе пасля васьмі гадоў вымушанай эміграцыі за ўдзел у паўстанні 1794 года і застаўся тут на працягу дваццаці гадоў. Лічыцца, што менавіта ў залескі перыяд і быў створаны гэты музычны шэдэўр.
У часы М.К.Агінскага сядзіба пераўтварылася ў сапраўдны культурны цэнтр, жыццё якога напоўнілі музычныя падзеі. Тут таксама збіраліся шматлікія сябры і аднадумцы гаспадара, з якімі абмяркоўваліся дзяржаўныя справы і палітычныя навіны, слухаліся новыя музычныя творы і літаратурныя навіны.
Ад наведвальнікаў сядзіба і атрымала ўзвышаную назву “Паўночныя Афіны”. Першая палова ХІХ ст. была часам росквіту сядзібы ў Залессі.
На мінулым тыдні ў межах святкавання 70-годзя Гродзенскай вобласці ў Залессі на Смаргоншчыне адбыліся ўрачыстае адкрыццё палаца М.К.Агінскага і вечар камернай музыкі “Вяртанне ў Паўночныя Афіны”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва Гродзенскай вобласці і Смаргонскага раёна, прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, друкаваных і электронных СМІ вобласці і многія іншыя.
Падзяку ўсім удзельнікам аднаўлення палаца выказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Ён таксама падкрэсліў, што на Гро-дзеншчыне прымаецца нямала захадаў па захаванні гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Госці Залесся ў гэты дзень змаглі ацаніць вынікі рэстаўрацыйных работ, якія працягваліся тут з 2011 года, пабачыць экспазіцыйныя і мемарыяльныя пакоі.
Як расказала дырэктар Залескага музея-сядзібы Людміла Градзіцкая, рэстаўратары пастараліся зрабіць усё максімальна набліжаным да эпохі таго часу, калі тут жыў і тварыў славуты гаспадар.
У тэатральна-музычнай зале – гэты аб’ект быў адрэстаўрыраваны ў Залессі ў ліку першых – артысты Маладзечанскага абласнога драматычнага тэатра перанеслі прысутных у эпоху Агінскага, паказаўшы ўрывак са спектакля “Фантазия ля минор».
— Подайте мне экипаж. Я уезжаю навсегда, — так з сумам усклікнуў са сцэны славуты ўладар «Паўночных Афін», развітваючыся з гледачамі.
Падарункам для наведвальнікаў палаца стаў канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста рэспублікі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі прафесара Міхаіла Фінберга, арганізаваны пад адкрытым небам ва ўнутраным дворыку.
Калісьці “Паўночныя Афіны” з’яўляліся сапраўдным цэнтрам культуры, дзе збіраліся знакамітыя творчыя людзі з усёй Еўропы. Удзельнікі мерапрыемства выказалі надзею, што адкрыццё палаца будзе садзейнічаць зберажэнню культурнай спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага, а таксама вяртанню мінулай значнасці і славы Залессю.
2015 год аб’яўлены ЮНЕСКА годам Агінскага. Мерапрыемствы, прысвечаныя вялікаму кампазітару, пройдуць у нашай краіне, а таксама ў Літве, Польшчы і Італіі.

Зінаіда Самкова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *