Яшчэ раз пра Валынцэвічаў

Из истории земли Берестовицкой Культура Лента новостей

На старонках аднаго з мінулагодніх нумароў “Бераставіцкай газеты” я ўзгадваў аб таленавітым фатографе протаіерэі Паўле Валынцэвічы (1875-1962), ураджэнцы Вялікай Бераставіцы, які больш за 65 гадоў аддаў служэнню царкве і людзям. Святар быў фатографам і за сваё жыццё зрабіў больш за 300 фотакадраў. У сваіх здымках ён паказваў жыццё тагачаснай заходнебеларускай правінцыі, тых месцаў, дзе жыў і служыў і г.д. Не сакрэт, што айцец Павел зрабіў таксама пэўную колькасць фотаздымкаў на сваёй малой радзіме, у Вялікай Бераставіцы пачатку ХХ стагоддзя. На фотакадрах адлюстраваны царква Ўспення Божай Маці (былы касцёл) ў розных ракурсах; фасад палацу Касакоўскіх з уязной брамай, а таксама прыгожы від графскага маёнтка з-за возера; Мікалаеўская царква; драўляная хата, дзе жыў бераставіцкі псаломшчык; захапляючая панарама мястэчка, зробленая з вежы-званіцы новага касцёла; каларытны кірмаш на Рынкавай плошчы ў цэнтры мястэчка (здымак выкананы з другога паверха будынка былой ратушы). У калекцыі таксама ёсць фотаздымкі сям’і Валынцэвічаў, іх блізкіх і знаёмых, святароў Вялікабераставіцкага благачыння і простых жыхароў Бераставіцы і Цецяроўкі. Вядома, што бацька Паўла Валынцэвіча Канстанцін быў дыяканам мясцовай царквы.
Цікава, што сын Паўла Валынцэвіча Сяргей таксама пайшоў шляхам бацькі і дзеда і стаў святаром. У 1930 годзе ён скончыў курсы па падрыхтоўцы праваслаўных святароў у Варшаве і потым нейкі час працаваў у Гродне. Пазней святар быў накіраваны на службу ў вёску Сабакінцы ў Пакроўскую царкву. Прыхаджане называлі тады вёску па-свойму – “Пакрова”, а цяпер гэта Першамайск Шчучынскага раёна. У першыя пасляваенныя гады айцец Сяргей Валынцэвіч быў нават прызначаны адказным кіраўніком па падрыхтоўцы ў Гродне адукацыйных курсаў для праваслаўных святароў з усёй Гарадзеншчыны. Апошнія гады жыцця Сяргей Валынцэвіч служыў у Ваўкавыску. У 1975 г. ён памёр і там пахаваны.
Прапаную ўвазе чытачоў адзін з фотаздымкаў, зробленых Паўлам Валынцэвічам у самым пачатку ХХ стагоддзя ў Вялікай Бераставіцы. На ім адлюстравана сям’я Валынцэвічаў падчас уборкі сена. Сядзіць другі злева (на заднім плане) фатограф-святар Павел Валынцэвіч. На пярэднім плане яго жонка матушка Вера (Някрасава). Справа дыякан Канстанцін Валынцэвіч і матушка Паўла Вікенцьеўна – бацькі святара. Ззаду з граблямі і ахапкам сена, праўдападобна, родны брат Паўла Валынцэвіча.
Сяргей ЛУШЧЫК, г.Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *