ТАЯМНІЦА ІМПЕРАТАРСКАГА ПІСЬМА: НАПАЛЕОН І КАСАКОЎСКІ

Из истории земли Берестовицкой Культура

Сёння многія краязнаўчыя і гістарычныя выданні змяшчаюць інфармацыю аб тым, што ў палацы Касакоўскіх у Вялікай Бераставіцы некалі захоўваліся мундзір і капялюш Напалеона, яго пісьмы (перапіска) і іншыя рэчы, якія падарыў у свой час французскі імператар уладальніку нашага мястэчка Юзэфу Дамініку Касакоўскаму. Паведамляецца таксама, што ён быў удзельнікам вайны 1812-1814 гг. на баку Францыі, і пры французах нібыта з’яўляўся губернатарам захопленай Масквы, а таксама генерал-ад’ютантам самога Напалеона Банапарта.
У сувязі з гэтым хачу сказаць наступнае. Узгаданыя рэліквіі, якія некалі належалі французскаму імператару, сапраўды знаходзіліся працяглы час у сямейнай калекцыі графаў Касакоўскіх у Вялікай Бераставіцы. Гэты факт бясспрэчны. Такую інфармацыю прыводзіць не толькі вядомы польскі гісторык і даследчык тагачасных маёнткаў Роман Афтаназы ў сваёй манаграфіі “Dzieje Rzeczypospolitej na dawnych kresach” . Аб гэтым узгадавюць таксама некаторыя прадстаўнікі графскай сям’і Касакоўскіх у сваіх мемуарах.
Разам з тым хачу звярнуць увагу на некалькі момантаў, а, дакладней, на некалькі недарэчнасцяў, звязаных з гэтай гісторыяй.
На самай справе, Юзэф Дамінік Касакоўскі (1771-1840), першы ўладальнік Вялікай Бераставіцы па лініі Касакоўскіх, аб якім гаворыцца вышэй, ніколі не з’яўляўся ні губернатарам Масквы пры французах, ні тым больш прыбліжанай асобай Напалеона.
Праўда, ён таксама праявіў сябе як адважны афіцэр у вайне з Расіяй, камандуючы сфарміраваным у Літве пяхотным палком стралкоў у складзе французскай арміі. Браў удзел у бітвах пад Койданавам, Барысавам, Студзянкай, Стахавам, пры пераправе праз Беразіну і пад Вільняй. У выніку шматлікіх баявых дзеянняў яго полк быў часткова разбіты, а сам камандзір некалькі разоў паранены. Потым Юзэф Дамінік Касакоўскі ў складзе “патрапанай” напалеонаўскай арміі адыходзіў на захад. Пазней, у рангу палкоўніка, уладальнік Бераставіцы ўдзельнічаў у абароне моцнай крэпасці Шпандау ў Германіі. Ён атрымаў за мужнасць баявыя ўзнагароды, у тым ліку Крыж Ганаровага Легіёна – вышэйшую ўзнагароду тагачаснай Францыі. Праз нейкі час пасля заканчэння вайны вярнуўся з Еўропы ў родныя мясціны.
У той час генерал-ад’ютантам французскага імператара быў яго стрыечны брат Юзэф Антоні Касакоўскі (1772-1842), што паходзіў з Марцінішак на Ковеншчыне (Літва).
Ён быў сябрам Тадэвуша Кас­цюшкі, удзельнічаў у вызваленчым паўстанні супраць расійскага прыгнёту ў краі. А ў 1812 годзе, калі французы ўступілі на гэтыя землі, быў узведзены Напалеонам у ранг генерала і стаў яго ад’ютантам. Прымаў удзел у многіх вайсковых кампаніях, у тым ліку ў смаленскай, мажайскай і маскоўскай. 29 верасня 1812г. быў прызначаны губернатарам Масквы, але прабыў ім усяго 3 дні.
На пасадзе ад’ютанта Юзэф Антоні Касакоўскі верна служыў Напалеону Банапарту аж да самага моманту адрачэння імператара ад трона ў Фантэнбло (франц. Fontainebleau). А 20.04.1814 г., перад высылкай імператара на востраў Святой Алены, канчаткова з ім развітаўся.
Менавіта Юзэфу Антонію Касакоўскаму Напалеон некалі падарыў у знак удзячнасці свой мундзір. У памяць аб імператары Юзэф Антоні меў таксама і іншыя яго рэчы, у тым ліку пасму яго валасоў і пісьмо.
Што гэта было за пісьмо? Які яго змест?
Кароткае пісьмо складалася ўсяго з некалькіх радкоў і датавана было ў Фантэнбло 04.04.1814г. У ім Напалеон Банапарт дае адстаўку вернаму ад’ютанту і дзякуе яму за службу. Вось увесь тэкст гэтага пісьма:
“Спадару Генералу Графу Корвін-Касакоўскаму. Фантэнбло. Імператар.
Спадар Генерал Касакоўскі! Тры гады, пакуль Вы ўваходзілі ў склад маёй Вайсковай Стаўкі, толькі ганарыўся Вашай адданасцю і Вашай добрай службай. Хачу, каб Вы забралі з сабой гэты доказ майго прызнання. Гэта пісьмо не прызначаецца для іншай мэты, малю Бога, каб меў Пана ў сваёй святой апецы. Фантэнбло. 4 красавіка 1814 года. Напалеон”.
Пазней, падараныя Юзэфу Антонію напалеонаўскія рэліквіі, як ужо адзначалася, апынуліся ў яго сваякоў у Вялікай Бераставіцы. Дакладна вядома, што пры Юзэфе Станіславе Касакоўскім (фундатары пабудовы новага бераставіцкага касцёла ў 1912г.), гэтыя каштоўныя прадметы ўсё-яшчэ захоўваліся ў палацы. Далейшы іх лёс пакуль высветліць не ўдалося.
Кажуць, што славутае пісьмо, уласнаручна напісанае Напалеонам да Юзэфа Антонія Касакоўскага, пасля другой сусветнай вайны апынулася ў Польшчы. У сувязі з цяжкім пасляваенным матэрыяльным становішчам яго ўладальнікі намерваліся прадаць рэліквію на адным з заходніх антыкварных аўкцыёнаў.
Згодна з другой версіяй, пісьмо да гэтага часу знаходзіцца ў адной з сямейных калекцый графскіх нашчадкаў за мяжой.
Сяргей Лушчык, г.Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *