СЭРЦА ГЕТМАНА ХАДКЕВІЧА

Из истории земли Берестовицкой Культура

У сваіх папярэдніх артыкулах я расказваў аб тым, што згодна з інфармацыяй, якую прыводзіць у сваёй кнізе ўладальнік Вялікай Бераставіцы Станіслаў Казімір Касакоўскі (1837-1905), некалі ў галоўным алтары старога парафіяльнага касцёла над цыборыўмам была замацавана металічная ўрна з сэрцам легендарнага палкаводца, вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча. Прыводзіў я ўскосныя доказы і таго, што праз нейкі час пасля перабудовы касцёла ў царкву (1866), гэты саркафаг быў перапраўлены Касакоўскімі з Бераставіцы ў больш бяспечнае месца – сваю рэзідэнцыю Вайткушкі Ковенскай губерні. Там ён быў размешчаны ў алтары палацавай капліцы.
Сёння хачу вярнуцца да гэтай цікавай і інтрыгуючай тэмы і ўзгадаць яшчэ адзін момант, звязаны з дадзенымі падзеямі.
Малодшы сын Станіслава Казіміра Касакоўскага Ян Яўстах Касакоўскі (1900-1979), які жыў у першай палове ХХ ст.у Вайткушках, пазней у сваіх успамінах — “Нататках з дзіцячых гадоў 1903-1910”, апісвае вось які загадкавы выпадак, звязаны з сэрцам Хадкевіча. Прыводжу ўрывак з “Нататкаў” у перакладзе з польскай мовы.
“… З вайткушскай капліцы перыядычна па вечарах даносіўся вельмі моцны грукат. Аднойчы мы туды ўвайшлі, але ўбачылі, што ўсё там на сваіх месцах. Потым, пасля некалькіх такіх моцных водгукаў, я пераканаўся, што справа тут звязана з гетманам Каралем Хадкевічам, сэрца якога вісіць над алтаром. Апанаваныя цікавасцю, мы разам з адным вайткушскім хлопцам патаемна знялі сэрца і здзерлі папяровую стужку, што склейвала дзве металічныя паловы скрыначкі у выглядзе сэрца. На аркуш паперы высыпалі адтуль цёмнакарычневы парашок. Я моцна здзівіўся, што так магло выглядаць сэрца. Парашок усыпалі назад, заклеілі паперай шчыліну і сэрца вярнулася на сваё месца ў капліцы. Ці паўтараўся пасля гэтага шум у капліцы, не памятаю… Да таго, у вялікіх і пустых вайткушскіх калідорах часта па начах чуліся крокі, час ад часу можна было таксама чуць скрып дзвярэй каля капліцы, хаця ўсё неаднаразова правяралася і загадзя было вядома, што там абсалютна нікога няма”. Хачу яшчэ раз звярнуць увагу на тое, што размова ў да­дзеным выпадку ідзе аб сэрцы палкаводца гетмана Яна Караля Хадкевіча. Справа ў тым, што постаць гэтага чалавека часамі блытаюць з асобай яшчэ аднаго прадстаўніка рода Хадкевічаў, уладальніка Бераставіцы Яна Казіміра Хадкевіча, віленскага каштэляна, які памёр у Крулеўцу (сёння Калінініград) у 1660 годзе, быў перавезены ў Бераставіцу і тут пахаваны ў старым драўляным касцёле. Пахаванне Яна Казіміра ўзгадвае ў сваіх дакументах віцебскі ваявода Ян Антоні Храпавіцкі, які асабіста прымаў удзел у гэтай урачыстасці (“Дыярыюш Я.А Храпавіцкага”). У гэтым жа касцёле ў Бераставіцы былі пахаваны і двое сыноў уладальніка мястэчка Ежы Караль (16 гадоў) і Міхал Канстанцін (12 гадоў), якія памерлі ў Варшаве падчас эпідэміі, а таксама яго жонка Соф’я Пац, перажыўшая мужа амаль на шэсць гадоў. Пасля смерці ў гонар кожнай з гэтых асобаў у драўляным бераставіцкім касцёле былі ўсталяваны эпітафійныя табліцы на лацінскай мове, акрамя табліцы Соф’і Пац, надпіс на якой быў выкананы па-польску. Дакладна вядома, што пазней, пасля разборкі драўлянага храма, эпітафіі былі перанесены ў новы мураваны касцёл (пасля 1741 г.). Усе гэтыя табліцы былі зроблены з рэдкіх пародаў мармуру.
Дарэчы, у палацы Касакоўскіх у нашым мястэчку захоўваўся каштоўнейшы архіў. Тут былі дакументы, якія ўтрымлівалі дакладную інфармацыю аб асобах, пахаваных у бераставіцкім касцёле.
Але вернемся да “Нататкаў” Касакоўскага. Прачытаўшы гэты ўрывак з тэксту, можна зрабіць выснову, што саркафаг з сэрцам гетмана Яна Караля Хадкевіча, аб якім ідзе размова, ускрываўся яшчэ да вышэйзгаданых падзей, паколькі дзве яго металічныя паловы былі склеены стужкай звычайнай паперы. Традыцыйна перад урачыстым пахаваннем сэрца такія ўрны наглуха залітоўваліся альбо шчыльна заклёпваліся.
Згодна з хрысціянскім вучэннем, у сэрцы чалавека знаходзіцца яго бессмяротная душа. Некалі культ чалавечага сэрца быў вельмі распаўсюджаны ў Еўропе. Таму працэсы экскарнацыі – аддзялення ад цела ўнутраных органаў і сэрца з далейшым іх захаваннем у асобных урнах, часта мелі месца і ў Рэчы Паспалітай часоў Яна Караля Хадкевіча. Часцей за ўсё гэта рабілася ў асяроддзі заможных і ўплывовых у грамадстве людзей.
У такі спосаб былі пахаваныя многія дзяржаўныя дзеячы нашай мінуўшчыны — Вялікі Князь Літоўскі Вітаўт (Вітольд), каралі Ўладзіслаў Ягайла, Зыгмунт (Жыгімонт) Стары, Аўгуст ІІ Моцны, які некалі надаў Вялікай Бераставіцы статус мястэчка, каралева Бона Сфорца, князёўна Ганна з Косткаў Астрожская (цёшча гетмана Хадкевіча) – ваяводзіна валынская, адна з даволі ўплывовых у свой час асобаў у дзяржаве, і многія іншыя.
Не выключэннем тут было і пахаванне вялікага гетмана Яна Караля Хадкевіча. Урна з “душой” Хадкевіча ў выглядзе металічнага сэрца была пахавана асобна ад цела. Працяглы час яна знаходзілася ў касцёле ў Вялікай Бераставіцы. Чаму, менавіта, у нашым мястэчку – яшчэ адна загадка, паколькі ў мінулым Бераставіцай увесь час валодалі Хадкевічы, сваякі Яна Караля, але толькі па іншай лініі. Праз нейкі час урна была вывезена ў маёнтак Вайткушкі графаў Касакоўскіх, што ў Вілкамірскім павеце. Там і губляецца след рэліквіі.
Малюнак выканаў гарадзенскі мастак-рэстаўратар Ула­дзімір Кіслы.
Сяргей Лушчык, г.Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *