Некалькі цікавых фактаў з гісторыі Бераставіцы

Из истории земли Берестовицкой Культура Лента новостей

Перш чым прыступіць да расповеду наступных гісторый, адзначу, што аўтар раўназначна і з вялікай павагай адносіцца як да вернікаў-каталікоў, так і да праваслаўных, а ўсё, пра што пойдзе гаворка ніжэй, з’яўляецца выключна канстатацыяй гістарычных фактаў.

Гісторыя першая. У верасні 1876 года была дазволена царскай цэнзурай і выйшла з друку ў Варшаве кніга ўладальніка Вялікай Бераставіцы Станіслава Казіміра Касакоўскага пад назвай “Monografie historyczno-heneologiczne niektorych rodzin polskich”. Трэба адзначыць, што праца гэта вельмі цікавая. На 220 старонках аўтар распавядае аб буйнейшых магнацкіх і шляхецкіх родах старажытнай Рэчы Паспалітай, знаёміць чытачоў з іх гісторыяй. У кнізе прыводзяцца генеалагічныя табліцы гэтых велікасвецкіх родаў і апісваюцца гербы, якія яны мелі ў свой час. Між іншым, у адным з раздзелаў манаграфіі, які прысвечаны Хадкевічам, на 53-яй старонцы, унізе пад асноўным тэкстам, змешчана хоць і малапрыкметная, але надзвычай цікавая зноска. З яе можна даведацца аб тым, што ў старым парафіяльным касцёле ў Вялікай Бераставіцы, які знаходзіўся ва ўладаннях графоў Касакоўскіх, у алтары над цыборыумам размяшчаецца зробленая з золата пасудзіна (трэба разумець саркафаг) з сэрцам легендарнага гетмана Яна Караля Хадкевіча. Паспрабуем высветліць, што ж такое “цыборыум” (лацінскае сiborium). Слова старажытнае і даўно не ўжываецца ў сучасным літургічным лексіконе. У старым “Каталіцкім слоўніку” з ХIХ стагоддзя слову даецца наступнае тлумачэнне: назва “цыборыум” паходзіць ад лацінскага слова “cibus”(ежа). Гэта невялічкая шафка з дзверцамі ў алтары для захоўвання літургічнага посуду з асвячонай хосціяй – кавалачкамі хлеба (аплаткамі) і віном, якія сімвалізуюць “цела і кроў Хрыста”. Для прычашчэння вернікаў падчас імшы святар даставаў посуд з шафкі, а пасля заканчэння абраду зноў ставіў яго на сваё месца і зачыняў шафку. Сёння гэтая шафка называецца не “цыборыум”, а “табернакль”. Такім чынам, калі верыць Касакоўскаму, то ў 2-ой палове ХIХ стагоддзя саркафаг з сэрцам вялікага гетмана Хадкевіча ўсё яшчэ знаходзіўся ў бераставіцкім касцёле (да перабудовы яго ў царкву) і як вялікая рэліквія быў замацаваны менавіта над гэтай шафкай у галоўным алтары. Дадзеная інфармацыя з кнігі былога ўладальніка Бераставіцы пралівае святло на таямнічасць усёй гісторыі з хадкевічоўскім саркафагам. Станіслаў Касакоўскі ўзгадвае таксама, што чарапная каробка Хадкевіча захоўвалася ў палацавай капліцы радавога маёнтку Сапегаў у Млынове (цяпер мясцовасць у Польшчы). Гэта яшчэ адна са шматлікіх версій адносна пахавання астанкаў гетмана, але і яна таксама заслугоўвае пэўнай увагі. .
Гісторыя другая. Яна датычыцца абодвух бераставіцкіх касцёлаў. Аўтар артыкула даведаўся аб ёй з розных крыніц, у тым ліку і ад жыхароў Бераставіцы. Напярэдадні перабудовы касцёла ў царкву (1865-66 гг.) асноўную частку яго інвентару разам з метрычнымі кнігамі перадалі на захаванне ў Малабераставіцкі касцёл. У Вялікабераставіцкім жа касцёле на той момант заставаўся толькі вялікі драўляны каталіцкі крыж з распятай фігурай Ісуса Хрыста. Тады і было прынята хуткае рашэнне пакінуць гэты аб’ёмны крыж у будучай царкве, але для таго, каб ён служыў праваслаўным вернікам, палічылі неабходным на той час перарабіць рэліквію згодна з праваслаўнай традыцыяй. Нагадаю, што на каталіцкіх крыжах ступні ног распятага Збавіцеля складзеныя адна на другую і прыбітыя да крыжа адным цвіком, а ў праваслаўных, наадварот, ногі знаходзяцца адна пры адной і прыбітыя кожная асобным цвіком. У цэлым павеце тады доўга шукалі, але не маглі знайсці ніводнага майстра, які б узяўся за гэтую незвычайную справу. Урэшце знайшоўся чалавек, па некаторых звестках ён быў старазаконнікам (стараверам), які папросту ўзяў і абрэзаў Ісусу абедзве скрыжаваныя нагі і так пакінуў знявечаную фігуру ў алтары. Здарылася, што падчас перабудовы касцёла, гэтаму майстру нечакана зваліўся на ногі вялікі каменны блок, ды так іх прыціснуў, што пакалечанаму прыйшлося ампутаваць ступні ў тым самым месцы, дзе ён абрэзаў іх Хрысту.
Трэба адзначыць, што праз нейкі час рэканструкцыя крыжа ўсё ж была даведзена да лагічнага завяршэння і потым ён доўгі час служыў хрысціянам – спачатку праваслаўнаму люду ў новай царкве Успення Божай Маці (былога касцёла), а ўжо праз нейкі час і каталіцкім вернікам.
Легендарная рэліквія захавалася. Пераробленая некалі на праваслаўны манер, фігура так і засталася з тых далёкіх часоў у такім трошкі незвычайным для каталікоў выглядзе і сёння займае сваё месца ў новым бераставіцкім касцёле Перамянення Пана. Але гэта не мае абсалютна ніякага значэння. Ісус Хрыстос у хрысціян адзіны, роўна як і Багародзіца таксама адна.
Сяргей ЛУШЧЫК, г. Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *