Канюхоўскія школьнікі даследавалі цуды сваёй малой радзімы

Культура Образование

Любоў да Айчыны пачынаецца з месца, дзе ты нарадзіўся. Любіць свой край – гэта значыць, вывучаць яго.

Людзі сталі задумвацца: на працягу многіх гадоў знішчаюцца каштоўнасці, дадзеныя нам у спадчыну. Іх належыць захаваць. Цудоўнае знаходзіцца побач, трэба толькі захацець убачыць.

Вучні пачатковых класаў Канюхоўскай школы Дзяніс Крэўчык  і Анжаліка Данік  выказалі здагадку, што ў нас ёсць каштоўнасці, якія могуць увайсці ў групу “Сем цудаў маёй малой радзімы”. Юныя навукоўцы заняліся даследваннем. Паставілі мэту  выявіць і захаваць гістарычную, культурную і прыродную спадчыну свайго аграгарадка. Затым вырашылі правесці апытванне з мэтай выяўлення “цудаў” малой радзімы, сабраць і апісаць звесткі пра выдатныя аб’екты, аформіць фотавыставу і электронную кнігу.

Аб’ектам даследавання стаў мікрараён Канюхі. Прадметам – выдатнасці мікрараёна. У анкетаванні прынялі ўдзел 50 чалавек. Былі падведзены вынікі. Большасцю галасоў былі прызнаны наступныя “Сем цудаў” нашай мясцоваці:

“Знакамітыя землякі”

Сторажава Надзея Аляксееўна вучылася ў Канюхоўскай школе. Зараз яна “Заслужаны работнік адукацыі”. Узнагароджана медалём. Аўтар падручніка “Букварь”. Яна падарыла нашай школе кнігу са сваім аўтографам. “Гэтай кнігай вы здзейснілі грамадзянскі подзвіг,” – сказала шчырая аўдыторыя.

Купа Пётр Міхайлавіч – паэт. Нарадзіўся ў вёсцы Казлы. Працаваў журналістам у рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда. Аўтар зборніка вершаў паэта “Купава”.

У гады Вялікай Айчыннай вайны актыўна змагалася супраць ворагаў наша зямлячка Вольга Соламава. Падчас выканання баявога задання, параненая дзяўчына аказалася ў акружэнні фашыстаў каля вёскі Жорнаўка. Каб не трапіць у рукі ворага жывой, апошнюю кулю яна пусціла сабе ў сэрца. За мужнасць партызанка ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны і медалём. У вёсках Канюхі і Жорнаўка стаяць помнікі. Імя Вольгі Соламавай носіць піянерская дружына нашай школы.

“Школа – цэнтр адукацыйнага асяроддзя”

Адным з галоўных аб’ектаў з’яўляецца школа, якая прайшла шлях ад наёмных дамоў да сучаснага будынку.

Гонарам для нас з’яўляюцца знакамітыя выпускнікі.

Кулісевіч Антон Станіслававіч — старшыня Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта.

Кажанеўскі Алег Часлававіч — дэкан агранамічнага факультэта Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта.

Мурына Святлана Іванаўна — журналіст у горадзе Гродна, рыхтуе выступленні для прэзідэнцкай вертыкалі.

“Вада – крыніца жыцця”

Нашы продкі для пасялення выбралі левы бераг Свіслачы. Пітная вада паступае з чатырох артэзіанскіх скважын. Каб даведацца аб якасці пітной вады, вучні звярнуліся ў раённы цэнтр гігіены. Ім паведамілі, што на працягу апошніх пяці гадоў пробы пітной вады ў Канюхах адпавядаюць норме. Няма неабходнасці таксама ў пабудове станцыі абезжалезвання. Аднак летам у некаторых вёсках перасыхаюць калодзежы. Кожны чалавек павінен цаніць гэты скарб.

«Заказнік “Гродзенская Свіслач”»

Паміж вёскамі Грайна і Ярмолічы, знаходзіцца заказнік “Гродзенская Свіслач”. На гэтым нізінным балоце выяўлены рэдкія расліны і жывёлы. Напрыклад, вяртлявая чаротаўка і дуднік балотны. Нядаўна арнітолагі заўважылі тут ўнікальную птушку: жаўрука-смецюха. Гэты знікаючы від абвешчаны ў Беларусі птушкай года 2017.

“Помнікі прыроды: камяні і валуны”

Цікавымі помнікамі прыроды з’яўляюцца камяні і валуны. Культавы валун “Дзёдак” ,“Буры камень” здзіўляюць сваімі памерамі, на іх можа змясціцца нават цэлы клас. Па мясцовай легендзе, камень-следавік мае адбітак следу Божай Маці.

“Радовішчы карысных выкапняў”

Галоўны скарб прыродных рэсурсаў нашай мясцовасці – пясок і пясчана-гравійныя сумесі. Іх распрацоўка вядзецца ў Індурскім кар’еры. Пясок ідзе на падсыпку дарог і для вырабу асфальту. У вёсцы Знайдзіна было адкрыта радовішча вогнеўпорнай гліны. У свой час тут працаваў цагельны завод.

“Гара Веха – пік Магілянскай грады”

Пік Магілянскай грады – гара Веха – самая высокая кропка Бераставіцкага раёна. Вышыня важнага мясцовага турыстычнага аб’екта дасягае 212 метраў.

Гіпотэза, выказаная ў пачатку знайшла сваё пацверджанне. Жыхары вызначылі сем цудаў нашай вёскі. Славутасці з’явіліся па розных прычынах: заслугі ў працоўнай дзейнасці, подзвігі ў гады Вялікай Айчынай вайны, творчыя дасягненні і скарбы прыроды.Славутасць – гэта набытак мінулага, цяперашняга і будучага пакаленняў.

Аднак дзейнасць чалавека часта бывае разбуральнай. Некаторыя значымыя аб’екты былі знішчаны. Непарадак і запусценне – гэта працяг непарадку ў нашых душах. Калі мы захаваем каштоўныя помнікі, тым самым мы захаваем сябе як частку грамадства.

Даследванне – справа карысная. Работа, праведзеная вучнямі пад кіраўніцтвам настаўнікаў і бацькоў, будзе цікавай многім людзям, яна дапаможа лепей зразумець лёс сваёй вёскі. Спадзяёмся, што вынікі работы прыцягнуць увагу да аднаўлення і захавання ўнікальных аб’ектаў. Дык давайце ж любіць і берагчы свой край, сваю Радзіму!

Жанна  Кейпаш, настаўнік пачатковых класаў Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *