Выпускнікамі я ганаруся

Лента новостей Образование

Так склалася традыцыйна, што ў пачатку лютага ў школах праводзяцца вечары сустрэч з выпускнікамі. У 1963 годзе я пачынаў працаваць настаўнікам фізікі і матэматыкі ў Ціхавольскай школе аб’яднанага на той час Свіслацкага раёна. Сёння хачу расказаць пра выпускнікоў, якія мне запомніліся на ўсё жыццё.
Іван Летка — выпускнік Масалянскай СШ. Ён нарадзіўся ў цэнтральнай сядзібе саўгаса “Бераставіцкі” ў сялянскай сям”і. Пасля заканчэння школы (1954) вучыўся ў медыцынскім вучылішчы ў Маскве, служыў у Савецкай Арміі. Дэмабілізаваўшыся, працаваў грузчыкам на бетонным заводзе № 5 у сталіцы, мулярам-дэкаратарам у Цэнтральным тэатры Савецкай Арміі. У 1967 годзе скончыў завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1960—1985 гадах працаваў на аўтазаводзе імя Ліхачова кавалём, майстрам, намеснікам начальніка цэха па вытворчасці. Пайшоў ад нас у жніўні 1999 года ў самым росквіце свайго творчага таленту. На памяць нам ён, член Саюза пісьменнікаў СССР, пакінуў тры зборнікі паэзіі. Дарэчы, былы дырэктар Масалянскай СШ Уладзімір Васільевіч Хомчык неяк казаў мне, што Іван сярод аднагодкаў нічым асаблівым не вылучаўся. Але я паправіў свайго калегу, заўважыўшы, што, акрамя паэтычнага, Летка меў яшчэ і дар артыста. На адным з вечароў сустрэчы з выпускнікамі я глядзеў яго пантаміму — зала, як кажуць, лажылася ад смеху.
Заўважу, што ў сям’і Летка былі рознабаковыя таленты.
Калі я непрацяглы час праца­ваваў загачыкам аддзела Іўеў­скай раённай газеты, то з зада­вальненнем пісаў пра працаўнікоў мясцовай гаспадаркі, якую ўзначальваў сваяк Івана Аляксандр. Ён заўсёды сустракаў мяне як школьнага сябра, бо мы вучыліся ў адной школе, толькі Саша быў за мяне на год малодшы. Калгас той меў моцную тэхнічную базу і пастаянныя кадры механізатараў. Таму ўборка вялася, як кажуць, у сціслыя тэрміны пры багатым ураджаі. Старшыня мог падрабязна ахарактарызаваць кожнага працаўніка гаспадаркі. Бо па-за яго ўвагай не заставаўся ніхто.
Перад тым, як перайсці ў журналістыку я працаваў пару апошніх гадоў у нашым раёне ў Сарасекскай СШ. Мне пашчасціла быць класным кіраўніком у выпускнікоў 1976-77-га навучальнага года.

Іосіф Колас у першым радзе справа

Клас быў вельмі дружны. Мы паспяхова ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах як у школе, так і ў раёне. А пасля ўрокаў ахвотна ганялі на стадыёне ў футбол. Я звычайна стаяў на варотах. Збіралася шмат балельшчыкаў, і яны крычалі хорам нападаючаму: ”Не бі па варотах, бо атрымаеш па фізіцы двойку!” Вядома ж, дзеці жартавалі.
Я ганаруся свамі выпускнікамі. Бо яны сталі годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Ёсць сярод іх дактары, настаўнікі, спецыялісты сельскай гаспадаркі… А што клас застаўся па-ранейшаму дружным, сведчыць той факт, што мае выхаванцы перыядычна сустракаюцца ўсім класам у абласным цэнтры. І мяне на такія сустрэчы таксама запрашалі, бо весці размову было аб чым. А я тады ў абласной газете апубліваў матэрыял пад загалоўкам “Когда деревья будут большими” аб тым, што кожны выпускнік пасадзіў ля сваёй хаты дрэўца на памяць аб школе.
Вельмі шкада, што ў апошніх сустрэчах ужо не прымалі ўдзел мае выпускнікі доктар Антон Пачобут і старшыня сельгаспрадпрыемства імя Варанецкага Іосіф Колас, якія адышлі з гэтага жыцця. Дарэчы, Іосіф Колас паспяхова працягваў справу свайго папярэдніка — Героя сацыялістычнай працы А.М. Варанецкага. На жаль, ён заўчасна пакінуў жыццё пасля цяжкай хваробы, але памяць аб ім, як выдатным кіраўніку, жыве ў экспанатах краязнаўчага музея прадпрыемства. Яму тут адведзена цэлая экспазіцыя.
Канстанцін Станкевіч,
г. Баранавічы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *