“Вяртанне да вытокаў”. Макараўскія школьнікі пазнаёміліся з экспанатамі этнакутка

Культура Лента новостей

У пятніцу,             28 студзеня, работнікі філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка Макараўцы правялі для  вучняў 6 класа Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы прэзентацыю “Вяртанне да вытокаў”.

Хлопчыкі і дзяўчынкі былі запрошаны ў этнаграфічны куток філіяла, дзе іх сустрэла вядучая – бабка Агрыпіна. Яна распавяла дзецям шмат цікавага пра побыт продкаў, пазнаёміла з прадметамі тагачаснага сялянскага жыцця.

Госці нават змаглі да іх дакрануцца, патрымаць у руках і на свае вочы ўбачыць, для чаго яны прызначаліся.

З вялікім энтузіязмам вучні паўдзельнічалі ў майстар-класе па разгладжванні ручнікоў з дапамогай качалкі і валка. Дарэчы, так прасавалі і іншыя ільняныя тканыя вырабы, якія, да таго ж,  станавіліся больш мяккімі.

Вельмі цікавай для дзяцей аказалася гульня “Пастаў чыгунок у печ”, падчас якой яны з завязанымі вачыма і з дапамогай вілкоў павінны былі паставіць чыгунок з клёцкамі ў печ.

Экскурсія ў этнакуток і прэзентацыя побытавых экспанатаў вельмі спадабаліся вучням. На пытанне вядучай “Для чаго ствараюцца такія этнаграфічныя куткі і музеі?” яны дружна адказалі: “Для захавання спадчыны і мінулага. Таму што без мінулага няма будучыні”. І гэта правільны адказ.

Юныя ўдзельнікі мерапрыемства ў якасці бонусу атрымалі ад бабкі Агрыпіны салодкі сюрпрыз.

Такія мерапрыемствы вельмі важныя і патрэбныя для падрастаючага пакалення.

Галоўная задача, якая стаіць у Год гістарычнай памяці перад дарослымі, – вучыць дзяцей гісторыі роднага краю і паважліваму стаўленню да сваіх продкаў. Каб не спынялася сувязь пакаленняў.

Зоя Хлебнікава, культарганізатар філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Макараўцы

Фота і відэа загадчыцы філіяла Таццяны Славецкай



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *