Дарагія браты і сёстры!
Ад усёй душы віншую вас з вялікай і радаснай падзеяй – са святам светлага Хрыстова Уваскрасення!
Пасха Гасподня, якую мы адзначаем, ёсць свята перамогі жыцця над смерцю. Уваскрасенне Хрыста – гэта фундамент нашай веры, краевугольны камень, пакладзены ў падмурак нашай надзеі на збаўленне, гэта крыніца моцы і перамянення нашага жыцця. Яно напаўняе наша існаванне ў гэтым свеце сэнсам, дае веру ў будучае.
Сёння мы асаблівым чынам адчуваем патрэбу ў духоўнай сіле і мудрасці, каб пераадолець выпрабаванні, якія апошнім часам выпадаюць на наш лёс. Сёння нам патрэбна вера, каб з надзеяй глядзець у будучыню і каб з любоўю будаваць нашу сучаснасць. Менавіта з любоўю, бо толькі яна здольная навучыць чалавека размаўляць і прабачаць, быць спагадным і разумець патрэбы бліжніх, радавацца і спачуваць, як гэта рабіў Хрыстос. А Ён перамог гэты свет, свет, які часта быў варожа настаўлены да Яго. Перамог праз свой Крыж і Уваскрасенне. Перамог, не прыніжаючы сваіх апанентаў да зямлі, але ўздымаючы чалавека з бруду граху і смерці, вяртаючы яму годнасць Божага Сыноўства.
Паспрабуйма ісці гэтым шляхам Хрыста – цярністым і вузкім, але пэўным і пераможным! Шляхам, напрыканцы якога ззяе хвала Уваскрослага Ісуса. І няхай яна асвячае кожнае вашае сэрца, кожны ваш дом і нашу родную зямлю.
Зноў і зноў віншую вас са святам Светлага Хрыстова Уваскрасення. Няхай гэта велікодная радасць, якую мы сёння адчуваем, будзе з вамі заўсёды і ўмацоўвае ў дні няпростых жыццёвых выпрабаванняў!
Здароўя і Божага бласлаўлення! Хрыстос Уваскрос! Са Святам!
Святары Бераставіцкага благачыння.