“У дзецях маё прадаўжэнне…”

Лента новостей Общество

Мама… Такое простае і кароткае слова. Але колькі цеплыні і любові нясе яно ў сабе! І колькі б нам не было гадоў, мы заўсёды з удзячнасцю будзем успамінаць самага роднага чалавека, дзякуючы якому прышлі ў гэты свет. Дар жыцця – найвялікшы дар, які жанчына-маці дае сваім дзецям. І няма такіх слоў, якімі мы маглі б аддзячыць ёй за гэта. Ды маці і не патрэбны асаблівыя словы, матчына сэрца сагравае любоў, павага і клопат, якія яна атрымлівае ад дзіцяці на працягу свайго жыцця.
У Ніны Лігер з аграгарадка Канюхі порцыя такой любові трайная – у яе дзве дачкі і сынок. Дзеці шчыра любяць сваю матулю, называюць яе самай добрай, чулай і працавітай, а яшчэ вельмі цярплівай. Ды і вочы жанчыны запальваюцца асаблівым бляскам, калі яна рассказвае аб сваіх дзецях.

-Я ганаруся сваімі дзецьмі, бо чую пра іх толькі добрыя словы, — гаворыць Ніна Паўлаўна. – Настаўнікі заўсёды кажуць, што дочкі выхаваныя, добра вучацца, ды і малодшы сынок таксама радуе сваёй дзіцячай непасрэднасцю. Старэйшай, Дар’і, ужо 15 гадоў, яна вучыцца ў 10 класе, актыўная дзяўчына, ніводныя спаборніцтвы і мерапрыемствы не абыходзяцца без яе ўдзелу, дзевяцігадовая Соня выдатніца, вельмі сур’ёзная дзяўчынка, а самаму малодшаму Глебу яшчэ толькі чатыры гады, ён наведвае дзіцячы садок, але ўжо ўмее паказваць свой мужчынскі характар.
Жанчына прызнаецца, што яшчэ з юнацтва думала як мінімум аб двух дзецях, але паколькі першымі нарадзіліся дочкі, а муж марыў пра сына, то адважыліся і на трэцяе дзіця.
Дарэчы, муж Ніны Паўлаўны, Віталій Баляслававіч, працуе галоўным ветурачом у КСУП “Варанецкі”, ён надзейная апора і падтрымка для яе.
– Праўда, у таты нашага характар мякчэйшы, чым у мяне, — жартуе Ніна Паўлаўна, – таму парадак у хаце даводзіцца трымаць мне. Сама па сабе я даволі прынцыповы і строгі чалавек, нават у адносінах да дзяцей, але заўсёды кажу ім, што іх вельмі люблю. І стараюся быць для дзяцей сябрам, мы шмат размаўляем, я заўсёды цікаўлюся, як прайшоў іх дзень, як справы ў школе. Муж заўсёды дапамагае і мне па гаспадарцы, і з урокамі дзецям.
Ніна Паўлаўна расказвае, што нарадзілася яна ў Расіі, жыла ў горадзе Тальяці. А ў 1997 годзе яны пераехалі на Бераставіччыну: маці купіла дом у Петраўцах. Дзяўчына закончыла Малабераставіцкую сярэднюю школу, потым Бераставіцкі ліцэй, паступіла ў Ваўкавыскі аграрны каледж.
– Але не давучылася, — усміхаецца мая субяседніца. – На практыцы была ў Пархімаўцах, пазнаёмілася там з будучым мужам, Віталіем Лігерам, які таксама прыехаў у гэтую гаспадарку на адпрацоўку пасля вучобы.
Потым маладыя людзі некаторы час жылі і працавалі ў Квасоўцы, а затым мужу Ніны Паўлаўны прапанавалі працу ў Канюхах, гаспадарка выдзеліла тут сям’і і жыллё.
Ніна Лігер цяпер працуе кладаўшчыком і сакратаром у Канюхоўскім яслях-садзе-сярэдняй школе.
– Ніна Паўлаўна – вельмі адказны работнік, які заўсёды сумленна выконвае сваю працу, – характарызуе жанчыну дырэктар Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы Вольга Антановіч. – Яна вядзе ўсю бухгалтэрыю па харчаванню вучняў, атрымлівае і выдае прадукты, афармляе заяўкі. А яшчэ яна актыўны ўдзельнік усіх школьных і класных мерапрыемстваў, канцэртаў, конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў. Нават на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы стала першай у раёне, гэта наш актывіст, які заўсёды гатовы дапамагчы і падставіць сваё плячо.
З адказнасцю падыходзячы да сваіх абавязкаў, жанчына прывівае гэтыя якасці і сваім дзецям.
– Дзяцей прывучаем да працы пастаянна, — гаворыць Ніна Паўлаўна. – Старэйшыя дочкі ўжо добрыя мае памочніцы і дома, і на агародзе. Даша сама можа і абед прыгатаваць, і з малодшымі дзецьмі заняцца.
А калі ёсць вольны час, любім усе разам куды-небудзь паехаць, напрыклад, у Каробчыцы ці Гродна, наведаць заапарк, каток, гульнявы пакой ці проста прагуляцца па гарадскіх вуліцах. Часта бываем і ў бабулі, маці мужа, якая жыве ў Вялікай Бераставіцы. Калі ж застаемся дома, то вельмі любім усе разам пагуляць у шахматы: і малодшая, і старэйшая дочкі асвоілі гэтую гульню, і мы з мужам ахвотна далучаемся.
Ніна Лігер падкрэслівае, што для яе асабліва важна выхаваць дзяцей годнымі людзьмі, прывіць ім галоўныя чалавечыя каштоўнасці.
– Я мару, каб дзеці знайшлі сваё месца ў жыцці, змаглі рэалізаваць свае мары і планы, – гаворыць жанчына. – Кожны з іх любімы і чаканы. Яны маё багацце, шчасце і прадаўжэнне. Я лічу, што для жанчыны важней за ўсё сям’я, бо мацярынства – гэта Божы дар, які трэба рэалізаваць з гонарам і адказнасцю.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *