
“Мэрсэдэс-Бэнц”
Размеранае вясковае жыццё з манатоннымі, даверху напоўненымі працай і клопатам днямі, часам асвячалі надзвычайныя падзеі. То ў самым разгары праполкі буракоў знянацку здалёк знаёмы голас выгукне імя маці… Мы ў здзіўленні выпрастоўваемся і бачым маміну сястру з-пад Слоніма… У галаве праносіцца рой думак і пытанняў, але мы ўжо ўзрушаны і ў прыемным хваляванні. То з’яўляецца раптам першае аўто ў гісторыі вёскі – “Запарожац” у дзядзькі Сені – папросту Сенькі Індурскага. Ён ветэран, мае раненне, яму дзяржава дала. Цікава, незвычайна. Але не зайздросцілі, не памятаю такіх пачуццяў у сям’і. Абмяркоўвалі машыну – і толькі.
Невялікай падзеяй для нас, дзяцей, была фундацыя, нярэдкая на той час з’ява. Хтосьці на машыне, ці на трактары прывёз бацьку ці то сена, ці то яшчэ нешта. Ні грошы, ні бутэльку не бралі. Або неахвотна. Патрэбна было зафундаваць: збіралася нямудрая закуска і ставілася бутэлька. Увесь “цымус” быў у размове “за чаркаю і скваркаю”. І цякла размова пад перыядычны нязменны тост “Ну, будзьмо!” А нам было цікава – новы чалавек. Круціліся побач.
Але ж усе гэтыя падзі неяк выцвілі, калі з’явілася ў вёсцы другая машына! Марку яе вызначыць не ўдалося. Мая сяброўка Лена зрабіла гэта адразу, са здзіўленнем: “Як у Шчырліца!” Дагэтуль не знайшла я аналагаў у інтэрнэце – мабыць Опель даваенны, хто ведае… Смяяліся людзі – каштуе 5 рублёў. Бо якія ў Адэля (мянушка дзядзькі Фядоса, уладальніка рарытэта) грошы? Як і ва ўсіх…
“Ахрысцілі” транспарт мудрагеліста “Мэрсэдэс-Бэнц”. Аднак! Гэта інамарка вазіла ў клуб цётку Палашу, якая “гнала кіно”. Ды й нас бралі за кампаніяй з іхняй дачкой. Ехалі няхутка, аднак пераганялі ўсіх, хто рухаўся пешшу. Некалькі разоў “Мэрсэдэсіха” на прычэпе прывозіла нам бульбу з поля.
Аднаго разу я выйшла з падворка падчас гутаркі брата з Адэлем і знайшла Лёніка, ляжачага каля студні. Твар яго быў чырвоны і ўвесь ён тросся. На маё немае пытанне дзядзька Фядос разгубіўся – смяецца чагосьці… А ўжо калі брат смяяўся – рагаталі ўсе, нават не ведаючы прычыны. З аднаго яго выгляду. На гэты раз яго ў дзікі рогат увёў адказ на пытанне аб “Мэрсэдэсе”: якая скорасць? Адэль важна адказаў: “20 кіламетраў у чясь!” Брат абвясціў: “Я хутчэй дабягу” і зваліўся на зямлю.
Смех смехам, а машына праслужыла некалькі гадоў сваім уладальнікам. У Бераставіцу на ёй ехаць стомішся – хацелася вылезці і ісці пешшу, мо і хутчэй было б…
Людміла БАГДАНОВІЧ, вёска Вараны