Пераднавагодні сезон ужо стартаваў, а гэта значыць, што настаў час паклапаціцца пра калядныя і навагоднія сувеніры для блізкіх і сяброў. Лепшы падарунак – гэта падарунак зроблены ўласнымі рукамі. А натхніцца ідэямі для вырабаў ручной работы можна на выставе сувеніраў “Калядная зорка”, якая з 15 снежня пачала працаваць у Бераставіцкім Доме рамёстваў.
Самаробныя падарункі заўсёды выклікаюць пазітыўныя эмоцыі і цеплыню, бо ў іх укладзена часцінка душы майстра.
Новы год і Каляды – спрыяльная тэма для палёту фантазіі і натхнення. І работнікі Бераставіцкага Дома рамёстваў кожны раз радуюць нас сваёй творчасцю.
На выставе прадстаўлены вырабы каляднай і навагодняй тэматыкі, створаныя як у сучасных, так і ў традыцыйных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта саломка, кераміка, тапіарый, дэкупаж, роспіс на спіле дрэва, тэкстыль, вышыўка і карункапляценне.
Галоўны персанаж выставы – гэта, канешне ж, трус, сімвал Новага года. Ён увасоблены ў гліне, саломцы, тэкстылі ў выглядзе цацак, падвесак і званочкаў.
Уражваюць прыгажосцю і хараством навагоднія вянкі з галінак і шышак. Яны, як і арыгінальныя ёлкі, тапіарыі, кампазіцыі з прыроднага матэрыялу і саломкі прадстаўляюць модны сёння экастыль.
Радуюць вока гліняныя фігуркі пернікавых чалавечкаў, Дзядоў Марозаў і Снягурак, жывёл і птушак і многае іншае.
Абавязкова наведайце Дом рамёстваў перад святамі. Менавіта тут вы пазнаёміцеся з трэндамі навагодняга і каляднага дэкору.
Святлана Ганчарова, фота аўтара