Лета – гэта незабыўныя дні школьных канікул, у час якіх дзеці пазнаюць свет і сябе ў гэтым свеце, спрабуюць здабыць новыя веды. Лета – час дзеянняў, спробы і праверкі сваіх сіл. А дзень, праведзены ў аздараўленчым летніку, робіць жыццё яшчэ больш дзіўным і непаўторным, цікавым і змястоўным.
Першага ліпеня адчыніў дзверы аздараўленчы летнік “Юны следапыт” турысцка-краязнаўчага профілю, які арганізаваны на базе Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы Бераставіцкага раёна. У аснову арганізацыі выхаваўчай работы пакладзена легенда, згодна якой выхаванцы лагера становяцца краязнаўцамі. Падарожнічаючы па прасторах малой радзімы, хлопчыкі і дзяўчынкі будуць знаёміцца з таленавітымі, творчымі і працавітымі землякамі роднага краю, вывучаць іх лёс і ролю ў гісторыі нашай краіны. Першы дзень змены прысвечаны знаёмству з родным аграгарадком Макараўцы і яе жыхарамі. У час гульні-кругасветкі “Мая родная вёска Макараўцы” дзеці даведаліся аб гісторыі школы і лёсе заслужанага настаўніка БССР У.І.Трафіменкава, аб школьным фруктовым садзе, які быў закладзены ў 1980 годзе, і аб тых, хто быў ініцыятарам гэтай добрай справы, наведалі помнік, загінуўшым землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны, філіял па культурна-досугавай дзейнасці аг.Макараўцы, ветэранаў працы.
У час удзелу ў спартыўна-забаўляльным мерапрыемстве “Спартыўны калейдаскоп” выхаванцы не толькі паказалі свой спрыт, але і папоўнілі веды аб беларускіх спартсменах. Кожны змог праявіць свае творчыя здольнасці ў час правядзення хобігадзіны “Кветкавы настрой” і музыкальнай эстафеты “Спяваем разам пра Беларусь”, прысвечанай Дню Незалежнасці нашай дзяржавы.
Яркія эмоцыі выклікала у дзяцей адкрыццё лагернай змены, якое пачалося з узняцця дзяржаўнага сцяга і выканання гімна Рэспублікі Беларусь. Свята стала не толькі яркай, запамінальнай падзеяй, але і пачаткам новага цікавага жыцця ў летніку. А наперадзе яшчэ шмат новых падарожжаў, сустрэч і адкрыццяў.
Алена Будніцкая, дырэктар летніка “Юны следапыт” Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы