Цікава і насычана прайшоў Тыдзень бацькоўскай любові ў Макараўскай сярэдняй школе

Молодежная политика Неделя родительской любви Образование Общество Это интересно

Словы “маці” і “тата”  розныя па гучанню, але ў той жа час такія блізкія  для кожнага чалавека ў жыцці. І дзе б кожны з нас не апынуўся, нас заўсёды цягне до роднага парога, да хаты бацькоў. Нас тут чакаюць нашыя самыя любімыя, самыя добрыя, самыя прыгожыя і ласкавыя  матуля і тата.  Менавіта тут, у бацькоўскай хаце, пачалося наша жыццё, менавіта тут нас любяць, разумеюць, паважаюць, а гэта ўсё для таго, каб мы, дзеці, адчувалі сябе патрэбнымі.

Каб выказаць словы ўдзячнасці і падзякі ўсім бацькам за іх працу і бясконцы клопат, Макараўская сярэдняя школа актыўна ўключылася ў рэалізацыю плана мерапрыемстваў рэспубліканскай інфармацыйнай кампаніі “Сэрца аддаю дзецям”.

У рамках Тыдня бацькоўскай любові праведзены шэраг розных мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел дзіцячыя і моладзевыя аб’яднанні, выхаванцы рознаўзроставай групы, бацькі, педагагічны калектыў, соцыум.

Члены грамадскага аб’яднання “Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі” прынялі ўдзел у акцыі “Павіншуем маму разам”, падчас якой павіншавалі ўсіх матуль з Днём маці і падарылі  ім добры настрой  і сувеніры.

Самыя маленькія дзеці нашай установы  –  выхаванцы рознаўзроставай группы і навучэнцы пачатковых класаў — павіншавалі сваіх татаў паштоўкамі, зробленымі сваімі рукамі, і ўручылі іх у час канцэртнай праграмы “Цяпло сэрцаў — для любімых бацькоў”. У час свята выхаванцы рознаўзроставай групы і навучэнцы ўстановы выканалі нумары мастацкай самадзейнасці, якія кранулі сэрцы гледачоў і перадалі ўсю цеплыню і любоў да прысутных у зале бацькоў.  

Не засталіся ў баку і члены грамадскага аб’яднання “Беларуская Рэспубліканская  Піянерская Арганізацыя”. Піянеры правялі акцыю “Дзякуй, мама! Дзякуй, тата!”, падчас якой і навучэнцы, і работнікі ўстановы мелі магчымасць на папяровых сэрцайках напісаць словы падзякі сваім бацькам і прымацаваць на вялікае сэрца, якое сімвалізуе любоў, павагу, вернасць, узаемаразуменне ў сям’і.

Вялікую зацікаўленнасць у дзяцей выклікаў прагляд фотасушкі “Мудрасць бацькоўскага кахання”. Кожнаму ўдзельніку гэтага мерапрыемства хацелася паказаць і расказаць аб сваіх родных і любімых сэрцу бацьках, падзяліцца добрымі сямейнымі традыцыямі.

Цікава і займальна прайшла конкурсна-гульнявая  праграма “Усё для мамы”. Падчас праграмы дзеці расказвалі вершы пра маму, спявалі песні, складалі букет з ласкавых слоў, на паветраных шарыках малявалі ўсмешку мамы, рабілі паштоўкі для любімых матуль.

У рамках шостага школьнага дня, напярэдадні Дня Маці,  навучэнцы пачатковых класаў прынялі ўдзел у выставе малюнкаў “Самая лепшая матуля мая”. Дзеці намалявалі партрэт сваёй матулі, і малюнкі атрымаліся цудоўнымі.

Тыдзень, прысвечаны Дню маці і Дню бацькі, скончаны, а на душы засталіся добрыя ўспаміны і радасны настрой ад усмешак блізкіх нам людзей.

Алена Будніцкая, настаўнік пачатковых класаў Макараўскай сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *