Рэдактар часопіса «Народная асвета» правяла майстар-клас для педагогаў Бераставіцкага раёна

Актуально Лента новостей Образование

Імклівае развіццё грамадства патрабуе ад педагога ўвесь час ісці ў нагу з часам, асвойваць новыя тэхналогіі, укараняць інавацыі, спрабаваць і выбіраць найбольш эфектыўныя формы і метады работы з дзецьмі і іх бацькамі. Выніковасць настаўніцкай працы ацэньваецца сёння па ўзроўню паспяховасці вучняў, рэзультатыўнасці  іх удзелу ў навукова-практычных канферэнцыях, алімпіядах і публікацыйнай актыўнасці самога педагога. Апошні крытэрый звязаны з тым, як паспяховы настаўнік, які мае багаты, эфектыўны вопыт работы, можа прэзентаваць яго ў сродках масавай інфармацыі.

З мэтай павышэння інфармацыйнай культуры, якаснага абагульнення вопыту работы настаўнікаў і школ  і яго адлюстравання ў педагагічных выданнях па ініцыятыве Бераставіцкага вучэбна-метадычнага кабінета  для педагогаў Бераставіцкага раёна 20 кастрычніка была арганізавана сустрэча з галоўным рэдактарам рэспубліканскага навукова-педагагічнага часопіса “Народная асвета”  Святланай Мазурынай. 

Да ўдзелу былі запрошаны намеснікі дырэктароў школ, метадысты ВМК, настаўнікі, якія працуюць над абагульненнем педагагічнага вопыту. Святлана Уладзіміраўна прэзентавала  шырокі спектр магчымасцей інфармацыйна-метадычных рэсурсаў часопіса і пазнаёміла ўдзельнікаў з тэматыкай публікацый, рубрыкамі і папулярнымі праектамі выдання.  Так, у раздзеле “Педагагічная асамблея” прадстаўлены тэарэтычныя матэрыялы,  сцэнарыі  метадычных мерапрыемстваў, эфектыўны вопыт педагогаў, а таксама адукацыйныя прасторы розных раёнаў краіны ў форме фестывалю педагагічных ідэй. Актыўныя, крэатыўныя школьныя калектывы  маюць магчымасць прадставіць на старонках часопіса сваю ўстанову адукацыі ў раздзеле “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”. Матэрыялы інтэрактыўнага праекта “Бацькоўскі сход” прызначаны для арганізацыі выхаваўчай работы і  могуць быць выкарыстаны для правядзення бацькоўскіх сходаў, а таксама мерапрыемстваў у межах шостага школьнага дня. Вялікая колькасць практычных распрацовак для настаўнікаў прадстаўлена на сайце часопіса.

Педагогі прынялі ўдзел у майстар-класе “Павышэнне інфармацыйнай культуры педагогаў: падрыхтоўка матэрыялаў да публікацыі ў навукова-педагагічным часопісе”, на якім пазнаёміліся з тэхналогіяй абагульнення вопыту работы настаўніка для адлюстравання яго ў педагагічнай прэсе і алгарытмам падрыхтоўкі артыкула для часопіса.

Удзельнікі атрымалі адказы на пытанні, якія ўласныя матэрыялы яны могуць дасылаць у дадзены часопіс, які вопыт зацікавіць рэдактараў, а таксама пазнаёміліся з патрабаваннямі да напісання і афармлення артыкулаў.

Галоўны рэдактар старэйшага ў краіне педагагічнага часопіса ў якасці зваротнай сувязі пацікавілася, якія тэмы і праблемы цікавяць педагогаў раёна, і запрасіла іх да супрацоўніцтва.

Вольга Беляня, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *