“Радуюся, што жыццё не стаіць на месцы”

Актуально Лента новостей Человек и его дело

Пакаленне людзей, маладосць якіх прыйшлася на 60–70-я гады, ведала, што сваёй працай можна ўсяго дасягнуць: лепшага жыцця, дабрабыту. Аптымістычныя словы “стварыць”, “пабудаваць” уваходзілі ў дэвізы, што вялі іх па жыцці, і ўсё было шчыра, ад душы. Дзеці вайны не шукалі надта лёгкіх шляхоў, жылі і працавалі на сваёй зямлі, як рабілі іх продкі. Знаходзілі ў працы радасць, радаваліся, калі адпачывалі: несумненна, чым цяжэй было, тым весялей гучалі песні з іх вуснаў, і з большым запалам тупацелі абцасы па пляцоўцы ў танцы. І хоць яны яшчэ адчувалі адгалоскі Вялікай Айчыннай вайны (і аб гэтым не-не ды і напаміналі раны родных людзей), час ішоў наперад, і ён быў   іх – тых дзяўчат і хлопцаў, у якіх наперадзе было ўсё жыццё з яго надзеямі, клопатамі і шчасцем.  

– У 59-м годзе, а споўнілася мне тады 18 гадоў, я прыйшла на ферму, якая знаходзілася ў маёй роднай вёсцы, у Пархімаўцах, – расказвае заслужаная калгас­ніца калгаса імя Горкага Вера Трахімовіч. – Цяпер гэта КСУП “Пархімаўцы”. Я нават не думала ехаць у горад, тут засталося многа маладых дзяўчат, што нядаўна скончылі школу, і ўсе мы пайшлі працаваць у мясцовую гаспадарку. Жыла разам з маці, а ферма была якраз праз дарогу, рукой падаць, яна знаходзілася на гаспадарчым двары былога панскага палаца.

На ферме было многа работы, і амаль усё ўручную. Вядома, каб атрымаць больш малака ад каровы, яе трэба было добра накарміць. Даяркі самі насілі кармы – і сечку, што насыпалі ў вялікія пасшываныя для гэтага мяшкі, жом – па вядру на карову, адходы, што прывозілі з айцоўскага спіртзавода, цялят паілі. Усё самі. Улетку ім прыходзілася тры разы на дзень даіць кароў рукамі – а ў групе па 18 кароў. Дойка пачыналася ў 5 гадзін раніцы. Час пралятаў хутка: пакуль падояць, пачысцяць усё, памыюць цадзілкі і вёдры. Дома некалькі гадзін пабудуць – і зноў на ферму.

Халадзільнікаў не было, а каб малако не скісла, пакуль яго завязуць на перапрацоўку, бітоны апускалі ў рэчку. Калі даводзілася цялят даглядаць, а ў іх часта меліся праблемы са страўнікам, то ратавалі іх як маглі: заварваеш зверабой, рамонак, нясеш з хаты яйкі, уліваеш яму ў рот, адпойваеш, каб выжыла, бо падзёж быў велькі. Тады лякарстваў столькі не было.

– Працаваць было нялёгка, але ўсё роўна весела, хораша, цікава: на ферме многа дзяўчат, многа хлопцаў было, – усміхаецца Вера Цімафееўна. – І мы заўсёды з песнямі: на кастрычніцкіх і іншых святах, на калгасных сходах выступалі на сцэне з нумарамі мастацкай самадзейнасці, ды і вяселлі гулялі ўсёй раднёй і ўсёй вёскай. Маладыя: нават пасля дойкі, як маем час, спачатку песні спяваем, тады дахаты ідзем.

У Пархімаўцах Вера адпрацавала 13 гадоў. Як закрылі ферму, стада перагналі ў Даўбянкі. А там, на новым месцы, каровы з непрывычкі блыталіся, ім завязвалі стужкі, каб пазнаць. Але ўсё роўна лепш: тут і паілкі былі зробленыя, а малако паступала ў 22-літровыя бачкі. З цягам часу ферму рэканструіравалі, механізавалі працэс дойкі, і малако пайшло па трубах.

– Замуж я вышла за такога ж самага хлопца, як і сама, беднага, яго бацьку на вайне забілі. У іх сям’я вялікая, пяцёра дзяцей. Ён, трэці з іх, казаў сваёй маці: “Не бойся, што яна бедная, паглядзі, якая яна працавітая”. Муж некаторы час рабіў на малакавозе, пазней – на грузавой машыне, вазіў даярак. Жылі ў маёй мацяры, затым у свякрухі і адначасова будавалі сваю хату. А я таксама з мнагадзетнай сям’і, бацька наш памёр рана, калі яму споўнілася 56 гадоў. Таму памагчы на будоўлі не маглі ні з боку мужа, ні мая радня. Але нам так хацелася жыць самастойна, што калі былі пастаўлены сцены, накрыты дах і зраблены адзін пакой, з сям’ёй пераехалі ў сваё жыллё. Потым і падлогу насцілалі ў астатняй частцы хаты, і ўсё іншае дараблялі.

Да таго ж дэкрэтных водпускаў у 60-я гады, можна сказаць, не было. Першую дачку нарадзіла ў той самы дзень, калі парабіла ўсю сваю работу на ферме. З маленькай дачкой я ўсяго два месяцы пабыла ў хаце, а ўжо пазней, пасля нараджэння другога і трэцяга, можна было заставацца 11 месяцаў выхоўваць дзяцей, пры гэтым за жанчынай заставалася рабочае месца. Раней не было садзікаў. Але маці, як і свякруха, дзякуй Богу, дапамагала ў гаспадарцы – наварыць, прыбраць у хаце, дзяцей даглядзець, – успамінае мая субяседніца.

Без сваёй гаспадаркі ў вёсцы было б у той час немагчыма, і, каб пракарміць сям’ю, гаспадары заўсёды трымалі дзве каровы, свіней, былі куры, качкі, гусі. Як усё сумясціць – і на рабоце амаль жылі, і ў хаце трэба парабіць, а гэта без пральных машын, якія цяпер ёсць у кожнага. Але і гэта не самае цяжкае, бо мелі дзялку буракоў, бульбы – самае малое 30 сотак, – прапалоць трэба. Кармавыя буракі, брушку – ужо самі бралі з-за “процэнта”, што калгас даваў, каб сваю жывіну карміць. І дзеці, калі падраслі, таксама дапамагалі.

– І вось так я амаль што 40 год даіла, рабіла і на пенсіі, да 60 гадоў, – жанчына паказвае мне вымпел, што вісіць у пакоі на відным месцы. Ён адлюстороўвае павагу і пашану кіраўніцтва гаспадаркі за шматгадовую адданую працу.

Разам з мужам яны пражылі амаль паўвека, разам пабудавалі дом, выгадавалі траіх дзяцей. Ёсць трое ўнукаў, два праўнукі.

– Цяпер я маю час, магу паглядзець тэлевізар, паразважаць, параўнаць з тым, што было… І не разумею, як мы тады маглі ўсюды паспець. Мацнейшыя былі. Цяпер – не скажу – пенсію немалую атрымліваю, яе дабавілі ўжо і ў 75, і ў 80 гадоў. Дачка далёка жыве, у Мінску. Яна педагог, ужо на пенсіі. Заве мяне да сябе, але я прывыкла тут: нарадзілася і пражыла ў вёсцы, у горад не хачу. І сыны жывуць у Пархімаўцах, абодва працуюць у жывёлагадоўлі. Усяго паспытала, – трошкі сумна гаворыць Вера Цімафееўна. – Як і ў кожнага, напэўна, жыццёвы шлях не бывае толькі гладкім, але цяжкасці старалася пераадольваць.  Нядаўна, калі зайшла размова пра ўмовы жыцця 50–60 гадоў назад, малодшы сын сказаў: “Не магу ўявіць, як вы такое вытрымалі”.

Цяпер ў некаторых гаспа­дарках раёна на фермах выкарыстоў­ваецца сучасная тэхніка з камп’ютарным упраўленнем. Напрыклад, для змешвання кармоў – спецыяльныя камбайны, што аўтаматычна загружаюць, змешваюць і раздаюць кармы, прычым розныя для розных груп жывёл, і нават узважваюць, па норме. Тое, на што раней трэба было патраціць сілы і час, каб уручную прынесці корм на некалькі дзясяткаў кароў, – выконваецца за адзін праезд такога камбайна.

Напрыканцы нашай размовы пытаю ў былой калгасніцы, як яна да гэтага ставіцца.

– Я радуюся, што жыццё не стаіць на месцы, і нашы дзеці і ўнукі жывуць у лепшых умовах. Так і павінна быць. Я разумею, што ім хочацца яшчэ лепш – такая чалавечая прырода. Трэба за ўсё быць удзячным, працаваць і знаходзіць новыя шляхі, жыць з мірам у душы – і тады будзе лепей, – развітваецца са мной гаспадыня.

І цяпер праца на ферме не з простых, але тое пасляваеннае пакаленне, што падымала гаспадарку краіны, на чыіх плячах выраслі, у прыватнасці, і сучасныя малочнатаварныя фермы і комплексы, сваю ролю з поспехам адыграла.

Святлана Грыбанава, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *