Неймаверна кароткае,але надзвычай яркае жыццё. 9 снежня – 130 год з дня нараджэння Максіма Багдановіча

Культура Лента новостей

У Год народнага адзінства Беларусь адзначае 130-гадовы юбілей Максіма Багдановіча – вялікага паэта, які звязвае мінулае, сучаснасць і будучыню, паэта з высокім ідэйна-мастацкім узроўнем твораў, іх жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Вершы Багдановіча, поўныя шчырых і хвалюючых пачуццяў, адзначаны тонкім псіхалагізмам, музычнасцю, эмацыянальнасцю. Творчая спадчына паэта стала каштоўным набыткам беларускай і сусветнай духоўнай культуры, нягледзячы на тое, што ён пражыў усяго 25 год. У 1991 годзе імя Максіма Багдановіча было ўнесена ў каляндарны спіс ЮНЕСКА «Гадавіны выдатных асоб і падзей».

Роля і значэнне Максіма Багда­новіча ў развіцці беларускай вытанчанай славеснасці, у нацыянальным і духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі. Паэзія Максіма Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа. Шматлікія творы паэта пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі. Некаторыя з іх – “Зорка Венера” ​​і “Слуцкія ткачыхi” – сталі, па сутнасці, народнымі песнямі.
“Вянок” – адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча, выдадзены ў 1914 годзе, у гісторыі нацыянальнай паэзіі стаў адным з лепшых узораў паэтычнага майстэрства.
Акрамя таго, Максім Багдановіч з’яўляецца адным з пачынальнікаў гісторыі беларускай літаратуры. Ён аўтар “Кароткай гісторыі беларускага пісьменства да XVI стагоддзя”, “Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры”.


Сувязь
з Гродзеншчынай
16 мая 1986 года ў Гродне быў адчынены Музей Максіма Багдановіча, заснаваны як літа­ратурны аддзел Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археа­лагічнага музея ў доме, дзе жыла сям’я Багдановічаў па вуліцы 1 Мая, 10.
У Гродне сям’я Багдановічаў пражыла чатыры гады, тут прай­шло ранняе дзяцінства паэта. Праз восем месяцаў пасля нараджэння Максіма бацькі пераехалі сюды з Мінска.
Сярод самых каштоўных экспа­натаў гродзенскага музея два сапраўдныя зборнікі вершаў “Вянок”. Тут жа захоўваюцца метрыкі брата Льва і сястры Ніны, якіх хрысцілі ў Гродне.
І ўсё ж з гэтым горадам сям’ю Багдановічаў звязвае трагічная гісторыя. На працягу шасці гадоў маці паэта Марыя Апанасаўна Багдановіч нарадзіла чацвярых дзяцей – Вадзіма, Максіма, Льва і Ніну. Саслабленая частымі родамі, жанчына захварэла на хуткацечную форму туберкулёзу і ў кастрычніку 1896 года памерла ва ўзросце 27 гадоў. Пахавана яна на могілках у Гродне па вуліцы Антонава. Была асобай тонкай, паэтычнай, пісала апавяданні. Марыя Апанасаўна памерла, калі Максім быў зусім маленькім, але выява маці натхняла яго ўсё жыццё, уяўлялася ідэалам жанчыны.

Творчасць
І мусіць, усё сваё хай неймаверна кароткае, але надзвычай яркае жыццё Максім і пражыў бы ў Беларусі, на роднай зямлі, калі б не смерць маці. Бацьку перавялі ў Ніжні Ноўгарад. Сяброўскія і сваяцкія адносіны з Максімам Горкім, багатая культурная спадчына Ніжняга Ноўгарада садзейнічалі фарміраванню поглядаў і густаў Максіма Багдановіча, абуджэнню ў ім імкнення да мастацкай творчасці. Прыблізна ў 10-11 гадоў будучы паэт паспрабаваў пісаць на беларускай мове, якой авалодаў самастойна, чытаючы беларускія кнігі з бацькоўскай бібліятэкі.
Творчая дзейнасць Максіма Багдановіча пачалася ў няпоўных 16 год. Тады, у 1907 годзе, вілен­ская газета “Наша ніва” апуб­лікавала яго першы твор “Музыка”. Гэта было кароткае апавяданне, у якім аўтар выказваў свой погляд на мастацтва. У 1908 годзе ў той жа газеце былі апублікаваны і яго першыя вершы “Прыйдзе вясна”, “Над магілай”.
У сувязі з пераводам бацькі на новае месца працы ў чэрвені 1908 года сям’я Багдановічаў пераехала ў Яраслаўль. Максіма перавялі ў шосты клас яраслаўскай гімназіі. Прыблізна з вясны 1909 года ў юнака пачаў развівацца туберкулёзны працэс. У тым жа годзе Адам Ягоравіч адвёз сына на лячэнне ў Крым. Увогуле, над сям’ёй Багдановічаў як жахлівы дамоклаў меч вісела невылечная на той час хвароба – туберкулёз. Спачатку яна забрала маці, за ёю – сястрычку Ніну. У 19 гадоў памёр брат Вадзім. Нягледзячы на ​​хваробу, гады вучобы ў гімназіі былі плённымі ў творчасці Максіма Багдановіча. Газета “Наша Ніва” перыядычна друкавала яго вершы, у яраслаўскай газеце “Голас” публікаваліся нататкі, рэцэнзіі, фелье­тоны, крытычныя артыкулы.
У 1911 годзе Максім Багдановіч скончыў гімназію і наведаў Вільню. Тут ён пазнаёміўся з братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім, Браніславам Эпімах-Шыпілай. Па прапанове Луцкевічаў паэт некаторы час гасцяваў у фальварку іх сваяка Ракуцёўшчына непадалёк ад Маладзечна, дзе працаваў над цыкламі вершаў “Старая Беларусь”, “Места”, напісаў вершы, якія склалі цыклы “Згукі Бацькаўшчыны”, “Старая спадчына”, а таксама стварыў вершаваныя апавяданні “У вёсцы”, “Вераніка”. Увосень таго ж года Максім Багдановіч у Яраслаўлі паступіў у Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй.
У 1913 годзе выходзіць прыжыццёвае выданне твораў Максіма Багдановіча “Вянок”. У 1914 годзе паэта прымаюць у паўнапраўныя члены Усерасійскага таварыства дзеячаў перыядычнага друку і літаратуры. Аднак цяжкая хвароба ўсё часцей прыпыняе творчую працу. Пераадольваючы яе жорсткія праявы, паэт піша паэму “Максім і Магдалена”, цыкл “На ціхім Дунаі” і іншыя творы.
У кастрычніку 1916 года, скон­чыўшы юрыдычны ліцэй, Максім Багдановіч пераехаў у Мінск, дзе ўладкаваўся на працу ў губернскі харчовы камітэт. Тут у 1915 годзе быў арганізаваны Камітэт дапа­могі ахвярам вайны, дзе Багдановіч працаваў разам з беларускай пісьменніцай Людвікай Войцік, вядомай пад літаратурным псеўданімам Зоська Верас. Працы паэт аддаваў шмат сіл і часу, а вечарамі садзіўся пісаць.
У Максіма Багдановіча было шмат планаў, але ўвасобіць гэтыя намеры ў жыццё ён не змог. Лячэнне не дапамагло паэту, і 25 мая 1917 года ў дваццаціпяцігадовым узросце Максім Багдановіч памёр. Пахавалі яго на гарадскіх могілках у Ялце. Сярод папер, знойдзеных пасля смерці паэта, была кніга з кароткім вершам, які беларускі класік напісаў перад самай смерцю. У ім ён сказаў, што не самотны ў смяротную гадзіну, у яго ёсць кніга вершаў. Гэта перадсмяротнае прызнанне ўнікальнае ў сваім родзе.
Творы беларускага паэта перакладзены на два дзясяткі моў свету і публікаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Расіі, Францыі, Югаславіі і іншых краінах.

Памяць
У Мінску ў Траецкім прадмесці 23 ліпеня 1981 года быў заснаваны адзін з найпрыгажэйшых музеяў беларускай сталіцы – літаратурны музей Максіма Багдановіча. Акрамя таго, кожнае лета ў вёсцы Ракуцёўшчына, дзе размешчаны філіял музея, праходзіць свята паэзіі “Ракуцёўскае лета”, пры­свечанае памяці паэта.
Імя Максіма Багдановіча носіць і Дом-музей у Яраслаўлі, створаны ў 1991 годзе ў выніку рэалізацыі расійска-беларускага праекта.

Раённыя
мерапрыемствы
У Бераставіцкай райбібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага і яе фі­ліялах у аграгарадках да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча арганізаваны выставы твораў паэ­та і аб паэце. Акрамя таго, раённая бібліятэка запрашае 8 снежня на літаратурна-паэ­тычнае чытанне-ўспамін «Я разгадаў прыроды роднай словы» і 9 снежня – паэтычную гасцёўню «Паэтычны вянок Мак­сіма Багдановіча».
У Кватарскай інтэграванай сельскай бібліятэцы 9 снежня будзе працаваць літаратурная гасцёўня «Нязгаснаю зоркай ты ў небе Радзімы”. А ў Масалянскай інтэграванай сельскай бібліятэцы 11 снежня пройдзе гадзіна літаратурнага партрэта «Нязгасная зорка на беларускім небасхіле».


Да друку падрыхтавала Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *