***
Удзельнікі аматарскай творчасці філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Малая Бераставіца выступілі з канцэртнай праграмай у в. Айцова. Мясцовыя жыхары і дачнікі цёпла сустрэлі артыстаў і нават далучыліся да танцаў.

***
Кожнаму з нас дадзены бясцэнны дар. Гэты дар – наша здароўе. Работнікі філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Стары Дворац правялі акцыю “За здаровы лад жыцця”, у рамках якой нагадалі землякам аб шкодзе тытунекурэння для здароўя чалавека. Падчас акцыі жадаючыя змаглі абмяняць цыгарэты на цукеркі.

***
У філіяле “Вялікаэйсмантаўская сельская бібліятэка” быў праведзены экскурс у гісторыю “Любі свой край, паважай гісторыю” для членаў аматарскага аб’яднання “Буслік”.
Дзеці даведаліся пра паходжанне назвы “Бераставіца”, пазнаёміліся з гістарычнымі звесткамі аб касцёле Візітацыі Найсвяцейшай Панны Марыі і сядзібе Касакоўскіх, пачулі легенду пра закаханых Бераста і Тавіцу, здзейснілі віртуальную вандроўку ў музей Вавёркі і паглядзелі відэаролік пра наш раённы цэнтр. Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі аб’яднання падзяліліся сваімі ўражаннямі аб пачутым.

***
У Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага для школьнікаў, якія наведваюць прышкольны аздараўленчы лагер “Дружба”, бібліятэкары правялі ўрок-абмеркаванне “Лічбавая бяспека або прывабная краіна Інтэрнэція”.
Дзецям прапанавалі адправіцца ў падарожжа па станцыях “Што мы ведаем пра Інтэрнэт?”, “Будзь асцярожны ў Інтэрнэце!”, “Правілы бяспекі ў Інтэрнэце”. Падчас мерапрыемства вучні адказвалі на пытанні бібліятэкара, адгадвалі загадкі, разгадвалі рэбусы. А на станцыі “Абагульняючая” праверылі свае веды з дапамогай тэста.

***
Свята двара правялі работнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці для дзяцей, якія жывуць па вул. Леніна д.40-46. Гульні, конкурсы, песні чакалі дзяцей пятнічным вечарам, 12 жніўня. Было весела, і гэтыя праграмы працягнуцца ў іншых дварах райцэнтра.

Святлана Ганчарова