Навагодні сувенір – сваімі рукамі. У Бераставіцкім Доме рамёстваў дзейнічае выстава дэкаратыўных вырабаў і праходзяць майстар-класы

Культура Лента новостей

Новы год – гэта асаблівы час. Пара цудаў, добрага настрою, усмешак, а яшчэ – клопатаў па святочнаму ўпрыгожанні дома, і канешне ж, па выбары падарункаў. Падглядзець ідэі самаробных вырабаў,  ёлачных цацак, кампазіцый з прыроднага матэрыялу, а таксама даведацца, як іх зрабіць, можна, наведаўшы святочную выставу  сувеніраў ручной работы “Навагодні карагод падарункаў”, якая з 17 снежня дзейнічае ў Бераставіцкім Доме рамёстваў. Супрацоўнікі праводзяць і майстар-класы па іх вырабе.

На выставе прадстаўлены калядныя і навагоднія сувеніры, створаныя як у сучасных, так і ў традыцыйных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта вырабы з саломкі, гліны, тэкстылю, фоамірана, вышываныя і вязаныя кручком.

Ёлачныя цацкі зроблены ў выглядзе розных падвесак – беларускіх калядных зорачак і сонейка, падковы, анёлкаў, шышак, колаў, званочкаў, боцікаў, паўмесяцаў, аленяў, пернікавых чалавечкаў і сімвала надыходзячага года – тыгра.

Ёлкі з саломкі і іншага прыроднага матэрыялу з’яўляюцца ўзорам арыгінальнага настольнага ці надкаміннага ўпрыгожання.

Дэманструюцца гліняныя пернікавыя домікі – сімвал Каляд, хатняга цяпла і сямейнага свята, а таксама звязаныя кручком вытанчаныя рознакаляровыя сняжынкі і шматлікія іншыя вырабы.

У гэтыя перадсвяточныя дні ў Доме рамёстваў праходзяць таксама майстар-класы па вырабе з гліны сімвала Новага года – тыгра. Хлопчыкі і дзяўчынкі з захапленнем лепяць і размалёўваюць сваімі рукамі святочны  сувенір для блізкіх і сяброў пад кіраўніцтвам майстра народных рамёстваў і промыслаў Алены Дзянішчык.

Выстава ў Доме рамёстваў будзе працаваць да 6 студзеня. Дарэчы, сувенірная лаўка “Чароўная крама” з вырабамі ручной і бяспройгрышнай латарэяй адкрыта і ў рэзідэнцыі Бераст-Зюзі і Спадарыні Завірухі.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *