
Напярэдадні Новага года Музей Ваверкі запрашаў ўсіх знатакоў гісторыі і сямейных традыцый стаць удзельнікамі акцыі «Упрыгожым ялінку разам».
Галоўнай ідэяй акцыі было аб’яднаць пакаленні праз сімволіку Новага года, падкрэсліць важнасць памяці і павагі да мінулага. Для гэтага неабходна было перадаць у музей ёлачную цацку сваёй сям’і.



Акцыя «Упрыгожым ялінку разам» — не проста святочнае мерапрыемства. Гэта патрыятычная падзея, якая дапамагае выхоўваць пачуццё гонару за сваю краіну, павагу да яе гісторыі і культуры. У кожнай цацке — часцінка сямейнай гісторыі, асабістых успамінаў і павагі да гістарычнага мінулага.



Наша чароўная навагодняя акцыя, напоўненая цяплом і ўспамінамі, падышла да свайго фіналу. З задавальненнем дзелимся вынікамі нашага супольнага падарожжа ў мінулае!
Дзякуючы ўдзельнікам акцыі музейная скарбніца папоўнілася сапраўды ўнікальнымі навагоднімі ўпрыгожваннямі. Жыхары раёна перадалі ў дар музею пяцьдзесят тры цацкі. Сярод іх — рэдкія шкляныя фігуркі на прышчэпках, легендарныя «ледзяшы», зоркі і ватныя цацкі, створаныя рукамі продкаў у далёкіх саракавых — пяцідзесятых гадах, а таксама сучасныя цацкі ручной работы.


Жыхары пасёлка перадавалі ёлачныя цацкі ў музей і дзяліліся асабістымі гісторыямі і ўспамінамі аб тым, як гэтыя ўпрыгожванні сталі часткай іх сям’і. Дакранаючыся да гэтых цацак, якія захоўваюць мінулае праз часы, мы вучымся разумець, як нашы продкі захоўвалі традыцыі, святы, акія аб’ядноўвалі сям’ю.


Акцыя даказала, што савецкая цацка — гэта не проста матэрыял. Гэта жывая гісторыя, якая звязвае пакаленні. Мы ад усёй душы дзякуем кожнаму, хто падзяліўся часткай гісторыі сваёй сям’і. Усе сабраныя цацкі цяпер знаходзяцца пад надзейным нагладам і будуць радаваць наведвальнікаў музея.
Наталля Гаспадарац, галоўны захавальнік фондаў музея

