Музей Вавёркі адзначаны граматай у Рэспубліканскім турыстычным конкурсе «Пазнай Беларусь -2021»

Актуально Культура Лента новостей

Падведзены вынікі XIX Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь- 2021», які штогод праводзіцца Нацыянальным агенцтвам па турызме пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Ушанаванне пераможцаў адбылося ў Мінску, 17 снежня, у культурна-спартыўным комплексе «Чыжоўка-Арэна». Прыемна, што ў іх ліку былі і прадстаўнікі Бераставіцкага раёна: музей Вавёркі ўвайшоў у шасцёрку лепшых і ўзнагароджаны граматай у намінацыі “Музей года” сярод раённых (гарадскіх) музеяў.

«Пазнай Беларусь» – конкурс папулярны. У ім удзельнічаюць усе, хто мае дачыненне да турызму: гасцініцы, аграсядзібы, экскурсаводы, музеі, СМІ, фатографы і нават турысты. Сёлета на конкурс паступіла звыш за 1,3 тысячы заявак па 13 намінацыях, што з’яўляецца самым значным паказчыкам за ўвесь час яго правядзення.

У намінацыі “Музей года” канкурэнцыю музею Вавёркі склалі 118 канкурсантаў, таму трапіць у шасцёрку лепшых – гэта дастойная перамога нашага маленькага, але ўнікальнага і прывабнага для турыстаў музея.

Музей Вавёркі па праве з’яўляецца візітнай карткай Бераставіччыны. Жывая вавёрка як сімвал нашай мясцовасці стала тым аб’ядноўваючым пачаткам, вакол якога сфарміравалася ўнікальная музейная экспазіцыя, вядомая далёка па-за межамі раёна. Спрыяе турыстычнай прывабнасці і павелічэнню колькасці наведвальнікаў  таксама і шэраг крэатыўных праектаў установы, такіх, напрыклад, як “Вавёркатэрапія”, “Творчая майстэрня “Вавёрчына камора”, грамадзянска-патрыятычны клуб “Спадчына”. Музей Вавёркі ўключаны ў турыстычныя маршруты, распрацаваныя Нацыянальным агенцтвам па турызме.

– Мы рады, што нас адзначылі на такім высокім узроўні, — дзеліцца ўражаннямі дырэктар ДУК «Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы» Наталля Таргонская. – Безумоўна, такая прыемная падзея яшчэ больш павысіць наш рэйтынг папулярнасці і пазнавальнасці. У гэтым заслуга ўсяго нашага калектыву – ад навуковых супрацоўнікаў да тэхнічнага персаналу. Усе працуюць сумленна, праяўляюць ініцыятыву, творчы падыход, неабыякавыя адносіны да агульнай справы і, галоўнае, любяць свой музей і клапоцяцца аб яго дабрабыце.

Дырэктар ДУК «Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы» Наталля Таргонская і дырэктар ДУ «Нацыянальнае агенцтва па турызму» Павел Сапоцька.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *