Яркія моманты адпачынку вучняў Канюхоўскай сярэдняй школы

Лента новостей Образование

Вось і прамчаліся залатыя восеньскія дзянькі, а разам з імі – і змена “Лістападзік” у прышкольным дзіцячым аздараўленчым лагеры “Сонейка”. Аднак, як асенні калейдаскоп, засталіся ў памяці яркія моманты адпачынку. Дарэчы, адно з першых мерапрыемстваў так і называлася – “Восеньскі калейдаскоп”, на якім выхаванцы адгадвалі загадкі, чыталі вершы пра восень,спявалі песні, спаборнічалі.

У багажы выхаванцаў засталіся і цікавыя спартыўныя мерапрыемствы на свежым паветры: вясёлыя старты “Хуткія і спрытныя”, квэст-гульня “Дружна, разам – мы збіраем лісце і скарб знойдзем!”, гульнявая праграма “Давайце пачнём залаты карагод!”. А затым працавала творчая майстэрня “Восеньскія фантазіі”. З сабранага прыроднага матэрыялу вучні майстравалі розныя вырабы, малявалі.

Нягледзячы на канікулы, выхаванцы не забывалі набываць і веды: цікавымі і пазнавальнымі былі гульня-шоу “Сто пытанняў пра маю Радзіму”, віртуальнае падарожжа “Спартыўныя комплексы Беларусі”.

Аднак самы яркі момант адпачынку – падарожжа ў Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Выхаванцы пазнаёміліся з побытам беларускага селяніна, народнымі традыцыямі, прынялі ўдзел у конкурсах і гульнях, якія падрыхтавалі для дзяцей супрацоўнікі музея. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі былі Пугачэўская Злата, Кудлаш Варвара, Сергіт Таццяна, Салама Уладзіслаў.

Аснова добрага адпачынку – гэта здароўе выхаванцаў і бяспечныя ўмовы, таму многа ўвагі надавалася і гэтым пытанням. Своечасова праводзіліся гутаркі пра правілы бяспечных паводзін дзяцей, азбука здароўя, заняткі школы бяспекі.

Прайшла ўрачыстая лінейка, прысвечаная заканчэнню лагернай змены “Лістападзік”, прагучаў дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, быў спушчаны сцяг. Аднак, мы не гаворым лагеру “Бывай!”, мы гаворым: “Да новых сустрэч!”.

Святлана Капіца, дырэктар лагера “Сонейка” Канюхоўскай сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *