Яркія моманты адпачынку ў лагеры «Сонейка» Канюхоўскай сярэдняй школы

Актуально Лента новостей Летнее оздоровление Образование Общество

У 2024 годзе лета праходзіць пад дэвізам: «Наша лета эфектыўна: з карысцю, ярка, крэатыўна!» у рамках рэспубліканскай акцыі «ЭФЕКТЫЎНАЕ ЛЕТА».

З улікам значнасці выбранага напрамку дзейнасці на аснове нарматыўна-прававых дакументаў і метадычных рэкамендацый па арганізацыі дзіцячага адпачынку і аздараўлення быў распрацаваны план выхаваўчай работы з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў аздараўленні на змену «Яркі крок». Педагагічная стратэгія летняй аздараўленчай кампаніі ў рамках працы змены вызначана тэматыкай Года якасці, у сувязі з чым, прыярытэтным кірункам дзейнасці (разам з аздараўленчай) з’яўляецца ідэалагічнае, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне.

Вось і прамчаліся першыя дзянькі лета, а разам з імі – і змена “Яркі крок” у выхаваўча-аздараўленчай установе адукацыі “Сонейка” Канюхоўскай сярэдняй школы. Аднак, як яркі крок, засталіся ў памяці яркія моманты адпачынку. Дарэчы, адно з першых мерапрыемстваў называлася – “Яркія фарбы”, на якім выхаванцы адгадвалі загадкі, чыталі вершы пра лета, спявалі песні, спаборнічалі.

У багажы выхаванцаў цікавыя спартыўныя мерапрыемствы на свежым паветры: спартыўны калейдаскоп “Алімпійскія надзеі Беларусі»; спартыўна-патрыятычная гульня на мясцовасці «Зарнічка», прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; спартландыя «ЗЛЖ – візітная картка Беларусі» .

Нягледзячы на тое што канікулы, выхаванцы не забываліся набываць і веды: цікавымі і пазнавальнымі былі пазнавальна-гульнявая праграма «Зроблена ў Беларусі», прысвечаная Году якасці; урок краязнаўства «Па старонках Чырвонай кнігі» да 45-годдзя з моманту выпуску першага выдання Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь; прагулка-назіранне «Народны барометр», прысвечаная 100-годдзю Белгідрамета.

Самы яркі момант адпачынку – наведванне музейнай экспазіцыі «Малая радзіма і яго вялікасць Чалавек». Выхаванцы пазнаёміліся з побытам беларускага селяніна, народнымі традыцыямі, ганаровымі людзьмі сваёй мясцовасці.

Аснова добрага адпачынку – гэта здароўе выхаванцаў і бяспечныя ўмовы, таму многа ўвагі надавалася і гэтым пытанням. Своечасова праводзіліся гутаркі пра правілы бяспечных паводзін дзяцей, азбука здароўя, заняткі школы бяспекі.

Прайшла ўрачыстая лінейка, прысвечаная заканчэнню лагернай змены “Яркі крок”, прагучаў дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, спушчаны сцяг. Аднак мы не гаворым лагеру “Бывай!”, мы гаворым: “Да новых сустрэч!”

Святлана КАПІЦА, дырэктар ВАУА “Сонейка” Канюхоўскай сярэдняй школы



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *