
Сёння цікава вярнуцца на больш чым стагоддзе назад праз здымкі, якія здольныя данесці да нас дух эпохі, тагачасны выгляд помнікаў хрысціянскай культуры. У гэтым сэнсе бясцэннай крыніцай з’яўляецца творчасць фатографа-краязнаўцы Яна Балзункевіча, які зафіксаваў на працягу 1905-1914 гадоў хрысціянскія храмы Беларусі. У кнізе “Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак ХХ стагоддзя”, якая, дарэчы, ёсць у Бераставіцкай райбібліятэцы, утрымліваецца частка фатаграфічнай спадчыны Яна Балзункевіча. Большасць фотаздымкаў захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Арэал вандраванняў фатографа ахопліваў тэрыторыю Беларусі, Прыбалтыкі і Польшчы. Здымкі Балзункевіча дазваляюць уявіць выгляд храмаў напачатку ХХ стагоддзя і асэнсаваць тыя змены, якія яны спазналі. Прадстаўляем чытачам фотаздымкі шасці храмаў Бераставіччыны.
Касцёл Візітацыі Найсвяцейшай Панны Марыі


Касцёл Візітацыі Найсвяцейшай Панны Марыі пабудаваны ў 1615 годзе. У 1865 годзе будынак касцёла быў перададзены праваслаўным вернікам. У 1920 годзе касцёл зноў стаў каталіцкім. Працаваў да 1949 года. У сярэдзіне 1980-х рабілася спроба рэстаўрацыі касцёла. Але ў 1991 годзе адбыўся вялікі пажар, якія значна пашкодзіў будынак. Касцёл – помнік архітэктуры ранняга барока.
Храм Раства Прасвятой Багародзіцы аг. Масаляны


Масалянская царква Раства Прасвятой Багародзіцы пабудавана у 1796 годзе як уніяцкая царква, якая ў 1840-х гадах была пераўтворана ў праваслаўную. Гэта адзін з нешматлікіх храмаў Беларусі, які ніколі не зачыняўся. Царква ўяўляе сабой помнік архітэктуры позняга барока з элементамі класіцызму.
Храм Успення Прасвятой Багародзіцы в. Гольні


Сучасны будынак царквы Успення Прасвятой Багародзіцы ўзведзены з цэглы на месцы папярэдняй драўлянай царквы ў 1868 годзе. У 1902 годзе ён быў капітальна пашыраны дабудовай званіцы, а таксама падоўжных сцен. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў закрыты, а ў часы савецкай улады выкарыстоўваўся пад клуб. Па словах старажылаў в. Гольні, царква зведала тры пажары, але была адноўлена стараннямі прыхаджан. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.
Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы аг. Алекшыцы


Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы пабудавана ў 1871 годзе паводле праекта архітэктара В. Міхаэліса ў эклектычным стылі з элементамі готыкі і праваслаўна-царкоўных канонаў. У 1963 годзе храм быў зачынены. Ён пачаў працаваць толькі ў 1991 годзе. Гэта адзіная царква на Бераставіччыне, сцены ў якой распісаны сюжэтамі на рэлігійную тэматыку (у стылі Рублёва).
Храм Святога вялікамучаніка Дзмітрыя Салунскага аг. М. Бераставіца


Царква Святога вялікамучаніка Дзмітрыя Салунскага ў Малой Бераставіцы пабудавана ў 1866 годзе. Гэта помнік архітэктуры рэтраспектыўнага рускага стылю. За гады свайго існавання храм не прыцярпеў кардынальных змяненняў. Ён дзейнічаў як у часы нямецкай акупацыі, так і ў савецкі перыяд.
Касцёл Святога Антонія Падуанскага аг. М. Бераставіца


30 верасня 1851 года было распачата будаўніцтва мураванай святыні, якое завяршылася ў 1861 годзе.
Помнік архітэктуры позняга класіцызму з рысамі рэтраспектыўнага рускага стылю. У 1868-1919 гадах касцёл быў перададзены праваслаўнаму духавенству і перароблены пад царкву. З 1919 года храм зноў вернуты католікам. З прыходам савецкай улады ў 1939 годзе касцёл зачынілі. Але пасля Другой сусветнай вайны касцёл быў зарэгістраваны мясцовым ксяндзом Казімірам Мацкевічам, які праводзіў службу з 1945-га па 1947-ы год. У 1952 годзе касцёл быў знішчаны пажарам. Адноўлены ў пачатку 1990-х гадоў. Асвячэнне храма адбылося ў 1994 годзе.
Святлана Ганчарова. Фота аўтара