Мяне як грамадзяніна самай міралюбівай краіны ў свеце – Рэспублікі Беларусь вельмі ўзрадавала навіна, што 2023 год кіраўніком нашай дзяржавы аб’яўлены Годам міру і стварэння.
Беларускі народ сваёй натхнёнай і ўвішнай працай штодзённа пацвярджае міралюбівую палітыку нашай Айчыны, адсутнасць варожасці да іншых дзяржаў. Аднак, мы выразна бачым і ўсведамляем, што ў свеце надзвычай абвастрыліся супярэчнасці і канфлікты ў барацьбе за перадзел сфер уплыву. Назіраецца шалёна-ўпартае iмкненне адстойваць свае геапалiтычныя iнтарэсы, прычым рознымi спосабамi: незаконнымі, двайнымі, а то і трайнымі стандартамі. Пры гэтым, актыўнае выкарыстанне механiзмаў “каляровых рэвалюцый” для звяржэння законных улад прывяло і будзе прыводзіць у далейшым да павелiчэння колькасцi ўзброеных канфлiктаў. Нельга не адзначыць, што сёння дасягненне палiтычных мэт адбываецца і шляхам падрыву дзяржаў знутры.
Захоўваецца пагроза глабальнай i рэгiянальнай бяспекі. Пры гэтым далейшая эскалацыя абстаноўкi, бясспрэчна, мае непапраўныя наступствы як для Еўропы, так i ўсяго чалавецтва.
На змену традыцыйным формам вайны прыйшлi іншыя, у тым лiку гiбрыдныя. У ХХІ стагоддзі значна павысiлася роля iнфармацыйных рычагоў уплыву на фармiраванне грамадскай думкi ў той або iншай дзяржаве. І таму сёння забеспячэнне стабiльнасцi і бяспекi – стрыжнявая ўмова ўстойлiвага развiцця дзяржавы. Таму, чаго б нам гэта нi каштавала, трэба абавязкова захаваць мiр на нашай зямлi.
Для нас вельмі важна актыўна развіваць міжнародныя адносіны, каб паказаць, што Беларусь – міралюбівая краіна, што нашы культурныя і духоўныя каштоўнасці вельмі глыбокія і нам ёсць чым ганарыцца.
Мы імкнемся да таго, каб у Беларусі рэалізоўваліся цікавыя міжнародныя праекты творчых супрацоўніцтваў у розных галінах.
Сінявокая Беларусь – міралюбівая, стабільная дзяржава. Адсутнасць міжканфесійных і міжэтнічных канфліктаў – канкурэнтная перавага нашай краіны на сусветнай эканамічнай і палітычнай арэне. У дыялогу са сваімі партнёрамі Беларусь заўсёды прытрымліваецца прынцыпаў адкрытасці, сумленнасці, раўнапраўя і справядлівасці. І сёння, калі сітуацыя ў свеце далёкая ад спакойнай, гэтыя падыходы асабліва каштоўныя.
Сёння неабходна будаваць і ўмацоўваць масты – палітычныя, эканамічныя, гуманітарныя – паміж краінамі і рознымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі як на Захадзе, так і на Усходзе. Сёння мы павінны будаваць не сцены ды загароджы, а масты добрасуседства і дружбы.
Канстанцін КАРНЯЛЮК