Дзень народнага адзінства на Бераставіччыне адзначылі святочным канцэртам “Моц Радзімы – у адзінстве народа!”

Культура Лента новостей

У пятніцу, 17 верасня, у канцэртнай зале Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў адбыўся святочны канцэрт “Моц Радзімы – у адзінстве народа!”, прысвечаны Дню народнага адзінства. Прадстаўнікі працоўных калектыў г. п. В. Бераставіца сабраліся разам, каб ўпершыню адсвяткаваць дзяржаўнае свята, зацверджанае 7 чэрвеня 2021 года Указам №206 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, мэта якога – кансалідацыя грамадства, яднанне пакаленняў.

Галоўны пасыл урачыстасці – праз творчасць і культурныя здабыткі нагадаць, што наша моц – у адзінстве. Гэта важны ўрок, які мы  вынеслі праз стагоддзі.

Як адзначылі вядучыя святочнай праграмы, канцэрт прапануе паразважаць пра тыя першаэлементы, з якіх складаецца народнае адзінства: пра сімвалічныя падзеі, пра нашу глыбокую гістарычную памяць, пра будучыню, якая ўвасоблена ў нашых дзецях і моладзі, і пра тое вялікае паняцце, якое ўсіх нас аб’ядноўвае, – маці-Радзіма.

Гэта ідэя прагучала і ў прывітальных словах старшыні Бераставіцкага райвыканкама Антона Кулісевіча, які павіншаваў бераставічан з дзяржаўным святам народнага адзінства і выказаў усім падзяку за плённую працу на карысць краіны і малой радзімы.

Любоўю да роднай зямлі, жаданнем жыць у міры і згодзе былі напоўнены песні ў выкананні бераставіцкіх творчых калектываў – народнага ансамбля народнай песні “Бераставіцкія музыкі” Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, трыа “Верацейцы” філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Стары Дворац і ўзорнага хора “Кампанэлі” Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Юныя і дарослыя аматары паэтычнага слова прысвяцілі малой радзіме вершаваныя радкі. А дзяўчаты ў нацыянальным убранні прадэманстравалі харэаграфічна-ілюстрацыйную замалёўку, нагадаўшы пра цудоўныя краявіды і адметныя мясціны нашай любай Бераставіччыны.

Сапраўдным упрыгожаннем свята стала выступленне ўзорнага тэатра моды “Спадчына” Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Ужо добра вядомы на Бераставіччыне поп-фолк гурт “Лялькi Карпарэйшн” з Мінска пакарыў гледачоў сваім прафесіяналізмам, яскравымі песеннымі нумарамі і шчырымі зносінамі з аўдыторыяй.

Завяршылася ўрачыстасць на ўзнёслай пазітыўнай ноце агульным выхадам на сцэну ўсіх ўдзельнікаў канцэрта. І гледачы, і артысты адчулі атмасферу азінства, якая панавала ў зале. Гэта і не дзіўна: усіх нас аб’ядноўвае шчырае пачуццё любові да Радзімы і адданасці традыцыям беларускага народа.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *