Дэкада “Залаты ўзрост” на Бераставіччыне

Лента новостей Общество

Кожны год восенню на Гродзеншчыне праходзіць дэкада «Залаты ўзрост», прысвечаная Дню пажылых людзей. У час яе правядзення на працягу 10 дзён арганізуюцца святочныя мерапрыемствы з падзякай старэйшаму пакаленню за сілы і энергію, аддадзеныя працы, за жыццёвы досвед, якім людзі залатога веку дзеляцца з моладдзю. Гэтыя меропрыемствы дапамагаюць напоўніць жыццё пажылых людзей пазітыўнымі эмоцыямі і новымі ўражаннымі.

Аб тым, як праходзіла дэкада “Залаты ўзрост” на Бераставіччыне, мы пацікавіліся ў старшыні раённай арганізацыі ветэранаў Алены Сілковай.

— Падчас 12-й абласной дэкады «Залаты ўзрост» для віншавання грамадзян пажылога ўзросту ва ўсіх пярвічных ветэранскіх арганізацыях былі праведзены святочныя мерапрыемствы з удзелам кіраўніцтва арганізацый, работнікаў культуры, валанцёраў і прафсаюзнага актыву.    Адкрылася дэкада  27 верасня ўрачыстай канцэртнай праграмай у Бераставіцкай дзіцячай школе мастацтваў, для людзей сталага веку быў падрыхтаваны святочны канцэрт, а ў фае дзіцячай школы мастацтваў разгарнулася выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці пенсіянераў нашага раёна, якія наведваюць клубы і аматарскія аб’яднанні Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Бераставіцкага раёна. Канцэртныя праграмы былі падрыхтаваны і праведзены таксама ў філіялах па культурна-дасугавай дзейнасці раёна. У цэнтральнай бібліятэцы і бібліятэках раёна былі арганізаваны тэматычныя кніжныя выставы, прайшлі вечары сустрэч, пасяджэнні клубаў і аматарскіх аб’яднанняў, майстар-класы, салодкія сталы, прысвечаныя Дню пажылых людзей.

Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Бераставіцкага раёна прынялі ўдзел у агульнарэспубліканскім марафоне па скандынаўскай хадзьбе.

Не засталіся ўбаку і валанцёрскія атрады ўстаноў адуакацыі раёна, яны наведалі  ветэранаў працы і павіншавалі іх са  святам. Асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца сказаць валанцёрам з Макараўскай і Алекшыцкай сярэдніх школаў, якія адарылі сваёй увагай пажылых людзей, што знаходзяцца ў Макараўскім доме-інтэрнаце і Алекшыцкім аддзяленні кругласутачнага знаходжання.

У некаторых арганізацыях былі праведзены святочныя «агеньчыкі» і арганізаваны “салодкія сталы” для ветэранаў працы. А ў аграгарадку «Пагранічны» такое святочнае мерапрыемства будзе прымеркавана да Дня маці.

У ходзе дэкады многім пажылым  людзям была ўручана матэрыяльная дапамога, харчовыя пакеты, падарункі, атрымалі яны віншаванні паштоўкамі і ў раённай газеце.  Акрамя таго, малазабяспечаным адзінокім інвалідам і  ветэранам Вялікай Айчыннай вайны будзе выдзелена бульба сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна.

Вядома, не ўсе арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы нашага раёна маюць магчымасць аказаць значную матэрыяльную дапамогу сваім былым работнікам. Але нават і бюджэтныя арганізацыі пастараліся ахапіць увагай і клопатам сваіх ветэранаў працы.

Хочацца яшчэ адзначыць, што Дзень пажылых людзей на Бераставіччыне супаў з правядзеннем абласных «Дажынак». У Вялікай Бераставіцы адбылася грандыёзная праграма з нагоды абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі, і пажылыя людзі ахвотна наведвалі разнастайныя выставы, падворкі і канцэртныя пляцоўкі, на якіх выступілі народныя калектывы і артысты беларускай эстрады, так што для іх свята прайшло таксама запамінальна і ўрачыста.

Я хачу падзякаваць усім, хто падключыўся да правядзення дэкады “Залаты ўзрост” і зрабіў усё магчымае, каб людзі сталага ўзросту адчувалі, што аб іх памятаюць і клапоцяцца. А наогул хачу сказаць, што не толькі дэкада, але і ўвесь  месяц кастрычнік традыцыйна прысвечаны пажылым людзям, якія не адзін дзясятак гадоў адпрацавалі ў арганізацыях, прадпрыемствах і ўстановах нашага раёна. Я думаю, што тыя, хто не змог  ці не паспеў аказаць увагу сваім ветэранам працы ў час дэкады, пастараюцца яшчэ гэта зрабіць.

Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *